мару́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Павольны, няспешны; проціл. хуткі. Жанчына асцярожна павярнулася.. і пайшла ў кватэру марудным крокам. Бядуля. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася. В. Вольскі.

2. Непаваротлівы. У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Толькі певень, млявы і марудны, Кліча частаваць сваіх курэй. Караткевіч.

3. Карпатлівы. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́ліца, ‑ы, ж.

1. Два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. На доўгай, абсаджанай старымі таполямі вуліцы было ціха і бязлюдна. В. Вольскі. // перан. Жыхары гэтых дамоў. На пажар збеглася ўся вуліца.

2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню. [Алена:] — На вуліцы такая відната, людзі з работы яшчэ не прыйшлі, а ты ўжо святло запаліў. Мележ.

3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго‑н. Уплыў вуліцы.

•••

Будзе і на нашай вуліцы свята гл. свята.

Выкінуць на вуліцу каго гл. выкінуць.

Зялёная вуліца — прапускаць без затрымак, па-за ўсякай чаргою.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. □ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.

2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.

3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.

•••

Прыёмны пакой гл. пакой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)