ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),

выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.

Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.​Манэ, Гранвіль, Г.​Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.​Шэрэ, Т.​Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.​Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.​Муха ў Чэхіі і Францыі, О.​Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.​Бернхард у Германіі, М.​Касандр у Францыі, А.​Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.​Кольвіц, Дж.​Гартфілд (Германія), Л.​Мендэс (Мексіка), А.​Дайнека, Л.​Лісіцкі, Дз.​Маор, Кукрыніксы (Расія), І.​Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.​Маякоўскі, М.​Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.​Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.​Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.​Тамашэўскі, С.​Эйдрыгявічус, В.​Свежы, М.​Васілеўскі), Японіі (К.​Нагаі, С.​Фукуда, І.​Танака, М.​Тода), Чэхіі (К.​Мішак, В.​Растока).

На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.​Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.​Драздовіч, А.​Быхоўскі, Г.​Змудзінскі, П.​Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.​Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял. Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.​Волкаў, М.​Гуціеў, Л.​Замах, Т.​Ігнаценка, Л.​Кроль, Я.​Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.​Анемпадзістаў, У.​Васюк, С.​Войчанка, С.​Яўлампіеў, У.​Жук, Л.​Кальмаева, А.​Кітаева, У.​Крукоўскі, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, В.​Смаляк, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;

Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;

Zürich;

New York, 1994.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Плакат. С.​Войчанка, У.​Цэслер, А.​Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.
Да арт. Плакат. Г.​Мацур. Францыск Скарына. 1989.
Да арт. Плакат. Л.​Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.
Да арт. Плакат. А.​Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.
Да арт. Плакат. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Афган. 1989.

т. 12, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),

навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.​Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.​Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізму найб. поўна адлюстравана ў працах Э.​Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.​Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.​А.​Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.

Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.​Парсапс, Р.​К.​Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.

На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.​Каліноўскага, Ф.​Багушэвіча, А.​Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.​Ф.​Карскі, С.​М.​Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.​Ігнатоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.​Я.​Вальфсон, Б.​Э.​Быхоўскі), асветы і выхавання (С.​М.​Васілейскі, А.​А.​Гайвароўскі, С.​М.​Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г. гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш. ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн. Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-т сац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-т сац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.​П.​Давідзюк, Я.​М.​Бабосаў, І.​І.​Антановіч, А.​М.​Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.​М.​Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.​М.​Сакалова); С. сям’і (М.​Р.​Юркевіч, С.​Д.​Лапцёнак, С.​Н.​Бурава); С. навукі (Г.​А.​Несвятайлаў); С. культуры (Э.​К.​Дарашэвіч, В.​І.​Русецкая, Л.​Р.​Цітарэнка, С.​В.​Лапіна); С. адукацыі (А.​І.​Ляўко, В.​А.​Кліменка); паліт. С. (І.​В.​Катляроў, В.​В.​Бушчык); С. камунікацый (А.​Ц.​Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.​А.​Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.​А.​Шавель, А.​У.​Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.​Г.​Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.​А.​Ракаў) і інш.

Літ.:

Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1899—1901;

Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;

Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1993;

Смелзер Н. Социология: Пер. с англ. М., 1994;

Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;

Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;

Социология. Мн., 1998.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ФІКА,

від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.

Найб. стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант. вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.​Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.​Кало, Рэмбрант, К.​Хакусай, У.​Хогарт, А.​Дам’е, Ф.​Гоя, Г.​Дарэ, Э.​Дэлакруа, Ф.​Мазерэль, А.​Кіпрэнскі, М.​Уткін, В.​Сяроў, І.​Шышкін, у 20 ст. — П.​Пікасо, А.​Матыс, Ж.​Грос, К.​Кольвіц, А.​Астравумава-Лебедзева, У.​Фаворскі, У.​Лебедзеў, Л.​Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял. гіст. змен і войнаў).

На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.​Макоўскага, В. і М.​Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, А. і Л.​Тарасевічы, Г.​Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.​Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.​Комар), эскізы дэкарацый (М.​Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, М.​Падалінскі, Я.​Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Драздовіч, К.​Каганец, П.​Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.​А.​Урубеля). Да плаката звярталіся А.​Быхоўскі, Ф.​Валяроў, П.​Гуткоўскі, С.​Каўроўскі, Я.​Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.​Дваракоўскі, Г.​Змудзінскі, М.​Малевіч, А.​Тычына, у станковай — А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Горыд, Драздовіч, Я.​Мінін, М.​Сеўрук, С.​Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.​Букаты, Я.​Зайцаў, Б.​Звінагродскі, В.​Козак, Красільнікаў, Я.​Красоўскі, М.​Філіповіч, А.​Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час. «Вожык» (А.​Волкаў, Р.​Грамыка, М.​Гурло, Дз.​Красільнікаў, С.​Раманаў, А.​Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.​Асецкі, А.​Кашкурэвіч, А.​Лось, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, В.​Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.​Александровіч, М. і У.​Басалыгі, У.​Вішнеўскі, А.​Дзямарын, П.​Драчоў, А. і Ю.​Зайцавы, М.​Карпук, Я.​Кулік, М.​Купава, Л.​Марчанка, В.​Паўлавец, У.​Пашчасцеў, А.​Рыбчынскі, У.​Савіч, М.​Селяшчук, Р.​Сітніца, В.​Славук, Г.​Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац. маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.

Літ.:

Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;

Вып. 2;

Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;

Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг. Мн., 1979;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Графіка. Н.​Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.
Да арт. Графіка. Г.​Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.​Коласа «Выбранае». 1983.
Да арт. Графіка. М.​Селяшчук. Экслібрыс А.​С.​Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.
Да арт. Графіка. А.​Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.
Да арт. Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.
Да арт. Графіка. Я.​Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.
Да арт. Графіка. У.​Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.
Да арт. Графіка. А.​Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.
Да арт. Графіка. Р.​Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.
Да арт. Графіка. В.​Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.
Да арт. Графіка. Ф.​Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.
Да арт. Графіка. М.​Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.

т. 5, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)