ГЕДРО́ЙЦЬ ((Giedroyć) Міхал Ян Генрык) (25.1.1929, маёнтак Лобзаў Слонімскага пав., цяпер Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл.),
англійскі гісторык. Скончыў Лонданскі ун-т (1951). У 1940 разам з сям’ёй дэпартаваны ў Сібір. У 1942 з Польскай арміяй ген. У.Андэрса эвакуіраваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. Працаваў у авіяц. прам-сці, у Саўтгемптанскім ун-це, чытаў лекцыі па аэрадынаміцы. Адначасова даследаваў гісторыю ВКЛ. Аўтар прац пра ўвядзенне хрысціянства на Беларусі і ў Літве, пра паліт. становішча ў ВКЛ у 13—14 ст., Крэўскую унію 1385, каментарыяў да англ. перакладу «Хронікі Быхаўца».
А.В.Мальдзіс.
т. 5, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Барычэўскі-Тарнава) Іван Пятровіч
(1810, Мінская губ. — 24.7.1887),
бел. гісторык, археограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1833). З 1835 служыў у дзярж. установах. У час. «Санкт-Петербургские ведомости», «Журнал Министерства народного просвещения» і інш. апублікаваў артыкулы «Даследаванне пра паходжанне, назву і мову літоўскага народа», «Урывак з літоўска-рускай гісторыі», «Пра рускі летапіс у Літве, названы «Хроніка Быхаўца». Запісы фальклору паўд. і зах. славян надрукаваны ў яго кнігах «Аповесці і паданні народаў славянскага племя» (ч. 1—2, 1840—41) і «Народныя славянскія апавяданні» (1844). У 1851 асобнай кнігай выйшла яго праца «Праваслаўе і руская народнасць у Літве». Удзельнічаў у зборы матэрыялаў і падрыхтоўцы выданняў Археагр. камісіі.
т. 2, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЎНЫ ЗБОР РУ́СКІХ ЛЕ́ТАПІСАЎ»
(«Полное собрание русских летописей», ПСРЛ),
шматтомнае выданне помнікаў летапісання ўсх. славян. Выдаваўся з 1841 Археаграфічнай камісіяй у Пецярбургу, з 1922 АН СССР. Да 1921 выдадзена 24 т., усяго выйшла 38 тамоў. Тэксты публікуюцца на мове арыгінала; змяшчаюцца не толькі асобныя летапісныя помнікі, але і іх рэдакцыі з розначытаннямі па інш. спісах і з палеаграфічна-тэксталагічным каментарыем. Беларускія і бел.-літ. летапісы і хронікі змешчаны ў 17-м (1907), 32-м (1975) і 35-м (1980) тамах. У 17-м т. апубл. летапісныя помнікі паводле 20 спісаў, у т. л. «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Пахвала Вітаўту», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніка Быхаўца, змешчаны і інш. гіст.-літ. матэрыялы, звязаныя з гэтымі творамі сваім паходжаннем. У 32-м т. змешчаны Хроніка Быхаўца і творы, якія раней не друкаваліся ў гэтым выданні: «Хроніка літоўская і жамойцкая», Баркулабаўскі летапіс і Віцебскі летапіс. У 35-м т. надрукаваны агульнадзярж. бел.-літ. летапісы і хронікі 15—16 ст. паводле 12 спісаў, Валынскі кароткі летапіс, упершыню ўведзена ў шырокі навук. ўжытак Магілёўская хроніка. У 38-м т. (1989) упершыню ў гэтай серыі надрукаваны Радзівілаўскі летапіс. У некат. інш. тамах змешчаны помнікі стараж.-рус. летапісання, якія непасрэдна датычаць гісторыі бел. народа: Аўрамкі летапіс (т. 16, 1889), Іпацьеўскі летапіс (т. 2, 1962), Лаўрэнцьеўскі летапіс (т. 1, 1962) і інш. На аснове матэрыялаў, змешчаных у розных тамах ПСРЛ, падрыхтавана асобнае выданне летапісных помнікаў у перакладзе на сучасную бел. мову — «Беларускія летапісы і хронікі» (1997).
В.А.Чамярыцкі.
т. 12, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ПАДО́ЛЛЕ»,
помнік бел.-літ. летапісання 1-й пал. 15 ст. Узнікла каля 1432—35, найб. верагодна, у Вільні ў асяроддзі пануючых колаў ВКЛ. Змешчана ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 у канцы «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх»; у 16 ст. ўключана ў «Хроніку Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хроніку Быхаўца. Асн. змест — гісторыя Падольскай зямлі 2-й пал. 14 — 1-й трэці 15 ст. і яе далучэння да ВКЛ. Створана як паліт. дакумент з мэтаю абгрунтаваць гіст. правы ВКЛ на Падолле і асудзіць палітыку польск. феадалаў, якія пасля смерці Вітаўта захапілі Зах. Падолле. Падзеі і факты, выкладзеныя ў творы, у асноўным адпавядаюць гіст. сапраўднасці. Напісана на старабел. мове дзелавым стылем без пазначэння дат, вылучаецца публіцыстычнасцю, свецкім характарам зместу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст. рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ЦЬЕЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
агульнарускі летапісны збор 13 — пач. 14 ст., помнік гісторыі і культуры ўсх. славян. Найб. стараж. спіс 15 ст. знойдзены М.М.Карамзіным у Іпацьеўскім манастыры (адсюль назва) у г. Кастрама (Расія). Захавалася 7 спісаў І.л., з якіх найб. каштоўныя Іпацьеўскі і Хлебнікаўскі (16 ст.). Складаецца з 3 частак: «Аповесці мінулых гадоў» (звесткі да 1117 уключна), Кіеўскага летапісу (1118—99) і Галіцка-Валынскага летапісу (1201—92). Апошні ўключае ўрыўкі з Пінскага летапісу і кароткі літ. летапісец князя Шварна. І.л. — адзіны помнік, у якім, паводле меркаванняў некат. вучоных, зберагліся ўрыўкі згубленага Полацкага летапісу. З’яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Кіеўскага, Галіцка-Валынскага, Полацкага, Тураўскага княстваў і ВКЛ. Вылучаецца багаццем зместу, гіст. дакладнасцю, дасканаласцю выкладання. Здаўна вядомы на Беларусі. У 16 ст. ім карысталіся аўтары Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага і Хронікі Быхаўца.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.
Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст. — «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст. «Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел. гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.
В.А. Чамярыцкі.
т. 9, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Су́шчы 1 ’сапраўдны, ісцінны’ (Касп., ТС), ст.-бел. сущии ’прысутны’: сущоу емоу на пироу (Карскі 2–3, 465), suszczy ’будучы’: u wysokom tohda horode suszczy (Хроніка Быхаўца), параўн. укр. су́щий ’істотны, важны’, рус. су́щий ’існуючы, сапраўдны’. Запазычана са ст.-слав. сѫшти, дзеепрым. цяп. часу ад быти ’быць’.
Су́шчы 2 ’хвароба немаўлят’: дзіця ў сушчах (віц., Нар. медыцына). Характэрная для назваў хвароб форма мн. л., што Карскі (2–3, 331) тлумачыў “множественностью признаков”; зыходная форма *сушч (ад сухі, гл., параўн. рус. сушч ’сухар, сушаная дробная рыба’) як тоўшч і пад., да словаўтварэння параўн. радашча, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Табе́, Д. і М. скл. займенніка ты (гл.), Тв. скл. табо́ю/табо́й (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк.), ст.-бел. тобѣ, тобе (Карскі, 2–3, 191), tobie, tebe (Хроніка Быхаўца). Параўн. укр. тобі́, польск. tobie, чэш. tobě, стараж.-рус. тобѣ, што на фоне рус. тебе́, в.-луж. tebi, н.-луж. tebje, славац. tebe, славен. tebi, серб.-харв. тѐби, балг. те́бе, макед. тебе, ст.-слав. тебѣ ’тс’ (гл. цябе) разглядаюцца як другасныя формы, узнікшыя па аналогіі з формамі Тв. скл. адз. л. у якасці паўночнаславянскай інавацыі, гл. Цітка, Kronika, 128.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГАЛЬША́НЫ,
вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Гальшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Ашмяны, 198 км ад г. Гродна, 12 км ад чыг. ст. Багданаў. 1260 ж., 495 двароў (1996).
Вядомы з 13 ст. Паводле Хронікі Быхаўца, Гольша заклаў горад на р. Карабель, пачаў там княжыць і назваўся кн. Гальшанскім. У 14—15 ст. Гальшаны — цэнтр Гальшанскага княства. У канцы 14 — пач. 15 ст. горад, цэнтр гандлю і рамёстваў. Да сярэдзіны 16 ст. належалі Гальшанскім, потым Сапегам. У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Гальшанскі палац, у 17—18 ст. — Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 19 ст. мястэчка, праводзіліся кірмашы. У 1897 — 2883 ж. У 1922—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ашмянскага р-на. У 1970 — 1745 жыхароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 5, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)