Брадні́к ’від рыбалоўнай сеткі’ (БРС, Касп., Бір. Дзярж., Бяльк.), браднык ’тс’ (Лысенка, ССП). З брэдні́к (да асновы брэд‑; слав. *bred‑ брадзіць’, гл. брадзі́ць). Націск у бра́днык яўна другасны. Параўн. рус. бередни́к, бре́дник ’тс’, бре́день, укр. бре́день. Параўн. яшчэ Рудніцкі, 202. Брадні́к можа паходзіць і з бродні́к ’тс’ (параўн. палес. бродні́к ’тс’ — Крыв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брэд1 ’вастрыё нажа’ (Касп.). Мабыць, з брыд. Тое ж самае, што і брыд ’рабро дошкі’, брыды́ ’канцы клёпак’ (гл.). Да слав. *bridъ (гл. бры́дкі) у яго першасным значэнні ’востры’. Але параўн. у рус. гаворках бре́дко праціўна’ (перм., валаг.), бре́дкий ’востры’ (алан., перм.): сабля бредкая, нож бредкый. Разам з бел. брэд, відаць, нейкія гіперкарэктныя формы (да *bridъ).

Брэд2, брэднік ’вярба, Salix L.’ (Кіс., Інстр. II, КЭС, лаг.), брадзі́ніна ’тс’ (Касп.). Рус. бред, бреди́на ’тс’. Укр. дыял. (аколіцы Адэсы) бредына ’Salix Caprea L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 323; няпэўна, бо ў іншых месцах, здаецца, няма). Фасмер, 1, 210 (услед за Бернекерам, 83), бачыць сувязь з *bresii *bredǫ ’брадзіць’, таму што вярба расце на вільготных месцах (Фасмер прыводзіць і паралель: укр. бредуле́ць ’багульнік, багна, Ledum palustre L.’; але гэта памылка: укр. слова з рум. brăduleţ, гл. падрабязна Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 128; раней аб гэтым і Крынжалэ). Іншыя версіі: 1) роднаснасць з алб. breth, bredhi ’ель’; 2) *brědъ (такая праформа ў Сабалеўскага, Slavia, 5, 440) мае сувязь з чэш. jabřadek, польск. jabrząd (параўн. да гэтага Траўтман, 36); 3) Машынскі (Pierw., 240) зыходзіць з назвы колеру прасл. *bred‑: *brod‑ (*bronъ ’бялявы, светлы’, параўн. ст.-інд. bradhnáḥ). Параўн. яшчэ бро́днік ’вярба’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯРБА́

(Salix),

род кветкавых раслін сям. вярбовых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Утвараюць шматлікія міжвідавыя гібрыды. На Беларусі 16 дзікарослых і каля 20 інтрадукаваных відаў. З дзікарослых найб. пашыраныя: вярба белая, або белалоз (Salix alba); казіная, або брэднік (Salix caprea); пяцітычынкавая, або вербалоз (Salix pentandra); пурпуровая, або жаўталоз (Salix purpurea); вастралістая, або ракіта, шэлюга, чырвоная вярба (Salix acutifolia); ломкая (Salix fragilis); трохтычынкавая, або белатал (Salix triandra); попельная (Salix cinerea); вушастая (Salix aurita); размарыналістая (Salix rosmarinifolia); кошыкавая, або прутападобная, руская (Salix viminalis); Старка, або прысадзістая (Salix starkeana). Растуць па берагах рэк, сажалак, у мяшаных лясах, на забалочаных лугах і балотах, на дзюнах і каля дарог. Некат. віды вытрымліваюць працяглае затапленне. Дрэвавыя віды часам утвараюць вярбовыя лясы, куставыя — зараснікі (вербалозы, вербнякі). Да рэдкіх відаў належаць вярба шарсцістапарасткавая (вядома каля 20 месцаў росту) і чарнічная, якая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У зялёным буд-ве выкарыстоўваюцца пераважна інтрадукаваныя вярба Шверына (Salix schwerini) і Зібальда (Salix sieboldii). Куставыя віды вярбы называюць таксама лазой, лазняком.

Лістападныя двухдомныя насякомаапыляльныя дрэвы, кусты і кусцікі. Лісце суцэльнае, чаргаванае, рэдка — супраціўнае. Кветкі аднаполыя, дробныя, без калякветніка, з нектарнікамі, у прамастойных ці павіслых мужчынскіх і жаночых каташках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — шматнасенная каробачка. Насенне з доўгаваласістай лятучкай. Лек. (прэпараты з кары — вяжучы, гарачкапаніжальны, кроваспыняльны сродак), тэхн. (некат. хуткарослыя віды ідуць на стварэнне т.зв. «энергетычных плантацый»), дубільныя і меданосныя расліны. Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве. Размнажаюць вярбу чаранкамі і каламі. Маладыя парасткі ідуць на пляценне кошыкаў, мэблі, агароджы; драўніна — на розныя вырабы; галінкі, лісце, пупышкі — на корм хатнім і дзікім жывёлам; кара — каштоўны дубільнік, выкарыстоўваецца на выраб. лек. прэпарату саліцыну.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)