БРОНХАГРА́ФІЯ (ад бронхі + ...графія),
кантрастны метад даследавання бронхаў. Робяць пад мясц. ці агульнай анестэзіяй. У звычайных умовах пры рэнтгеналагічных даследаваннях бронхі застаюцца нябачнымі. Для атрымання відарыса ў дыхальныя шляхі (пасля абязбольвання) уводзяць кантрастныя рэчывы. Пры двухбаковай бронхаграфіі кантраставанне кожнага лёгкага робяць па чарзе. Паказанні для бронхаграфіі: хранічны або зацяжны запаленчы працэс у бронхалёгачнай сістэме пры наяўнасці прыкмет арган. пашкоджання бронхаў, удакладненне характару і распаўсюджання звужэння трахеі і бронхаў, стамальныя і дадатковыя вусці бронхаў, выяўленыя пры эндаскапіі, удакладненне лакалізацыі і сувязі з бронхалёгачнай сістэмай ценеўтварэнняў у грудной клетцы, хранічны запаленчы працэс у сегментах лёгкага.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бранхагра́фія, ‑і, ж.
Метад рэнтгеналагічнага даследавання бронхаў, заснаваны на ўвядзенні ў бронхі кантрастнага рэчыва.
[Ад грэч. bronchos — бронхі і grapho — пішу.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бронхаскапі́я, ‑і, ж.
Метад даследавання дыхальных шляхоў (трахеі і бронхаў) пры дапамозе спецыяльнага прыбора.
[Ад грэч. bronchos — горла і грэч. skopeō — гляджу.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
а́стма, ‑ы, ж.
Прыступы задышкі ў выніку хваробы сэрца або бронхаў. Бранхіяльная астма. Сардэчная астма.
[Ад грэч. asthma — задышка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бронхапнеўмані́я, ‑і, ж.
Запаленне лёгкіх, якое характарызуецца паражэннем найдрабнейшых бронхаў і пераходам запаленчага працэсу на лёгачную тканку; ачаговая пнеўманія.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БРОНХАСКАПІ́Я (ад бронхі + ...скапія),
візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.
т. 3, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Л.Р.Кажарская.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
бранхіёлы
(ад бронхі)
самыя дробныя разгалінаванні бронхаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бранхія́льны
(ад бронхі)
які мае адносіны да бронхаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бронхагра́фія
(ад бронхі + -графія)
кантрастны метад даследавання бронхаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)