beryl, ~u

м.

1. мін. берыл;

2. хім. берылій

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

берылі́ды

(ад берылій)

злучэнні берылію з іншымі металамі; выкарыстоўваюцца ў авія- і ракетабудаванні, у электратэхніцы і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,

змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.

У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

берыліза́цыя

(ад берылій)

насычэнне берыліем паверхневага слою вырабаў са сталі і іншых сплаваў для надання ім большай цвёрдасці і вогнетрываласці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫРО́ДНАЯ РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ,

натуральны радыяцыйны фон Зямлі, які абумоўлены прыроднымі радыенуклідамі касм. ці зямнога паходжання, што прысутнічаюць у зямных абалонках (літасферы, гідрасферы, атмасферы і біясферы). Да касмагенных радыенуклідаў (ізатопаў, якія ўзніклі на Зямлі пад уздзеяннем касм. прамянёў) адносяць вуглярод (​14C), трытый (​3H), берылій (​7Be). Радыенукліды зямнога паходжання, якія ўплываюць на натуральны радыяцыйны фон, падзяляюць на групы: элементы радыеактыўных сем’яў урану (​238U), торыю (​232Th), актынаўрану (​235AcU); прадукты распаду элементаў радыеактыўных сем’яў (радон, тарон, актынон); інш. радыеактыўныя элементы [кальцый (​48Ca), рубідый (​87Rb), фосфар (​32P), сера (​15S), плутоній (​239Pu) і інш.]. Жыццё на Зямлі ўзнікла і развіваецца на фоне гэтай радыяцыі, пэўны яе ўзровень неабходны для існавання жыцця на Зямлі.

Г.​З.​Сярэбраны.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЕР ((Wöhler) Фрыдрых) (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),

нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА ядзернага рэактара,

прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.

Літ.:

Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;

Красин А.К., Красина Р.Ф. Мирное использование ядерной энергетики (физ. основы). Мн., 1982.

Р.​М.​Шахлевіч.

Актыўная зона ядзернага рэактара: 1 — стрыжань з паглынальнымі элементамі рэгулявання; 2 — стрыжань з паглынальнымі элементамі аварыйнай аховы; 3 — цеплавыдзяляльны элемент; 4 — запавольнік нейтронаў; 5 — цепланосьбіт; 6 — адбівальнік нейтронаў; 7 — цыркуляцыйны контур цепланосьбіта.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)