Не́льга ’не можна, няма магчымасці’ (Мал., Гарэц., Пятк. 2, Бяльк., ТС), нельга́ ’тс’ (Нас., Растарг.), няльга́ (Гарэц.), нільга́ ’тс’ (маг., Шн. 2), нельжа́, нільжа́ (Мал., Кліх), не́льзя ’тс’ (Нас.), неззя́ ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. нелга ’тс’ (1478 г.), рус. нельга́, не́льзе, нельзе́, не́льзи, нельзи́, не́льзя, нельзя́ ’тс’, ст.-рус. нельзѣ, нельзя, нельза ’тс’, польск. дыял. nie lza ’тс’, ст.-польск. nie ldza, nie lza, nie lża ’тс’, чэш. дыял. nelʼza, nejza ’тс’, ст.-чэш. ne‑lzě ’тс’, славац. арх. neľdzä, neľdze, nelze ’тс’, ст.-слав. не льзѣ, не льsѣ ’тс’. Утворана ад прасл. *lьga (гл. льга), назоўніка ці субстантываванага прыметніка ад *lьgъ, што чаргуецца з *lьgъkъ (гл. лёгкі), з развіццём семантыкі ад ’лёгкі’ да ’мажлівы’; тут з адмоўем абазначае ’немажлівасць’. Праблему складае варыянтнасць канца слова. Формы тыпу нельзя адлюстроўваюць дав. скл., прадстаўлены ў ст.-слав. нельѕѣ (Карскі 2-3, 73). На формы тыпу нельжа́ паўплывалі, відаць, адпаведныя польскія, што тлумачыцца ўздзеяннем роднасных слоў польск. lżejszy ’лягчэйшы’, ulżyć ’аблегчыць’ (гл. Зубаты, 1, 61–76). Адсутнасць т. зв. трэцяй палаталізацыі ў формах тыпу нельга тлумачыцца па-рознаму: семантычнай сувяззю з коранем *lьg‑ (параўн. лёгкі, адліга і пад.), уплывам германскіх запазычанняў і пад. (Lunt H. G. The progressive palatalization of Common Slavic. Skopje, 1981), непаслядоўнасцю правядзення пераходу g > ž, што адлюстроўваюць не толькі названыя формы, але і рус. польга ’карысць’, палаб. püʼölga ’тс’, польск. ulga ’паслабленне і інш.’ (Беляев, ВЯ, 1986, 2, 112), а таксама нераўнамернай геаграфічнай распаўсюджанасцю гэтага пераходу. Больш падрабязна гл. Фасмер, 3, 61; Слаўскі, 4, 85–87.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,

дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд. ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс. адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах. ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.

Літ.:

Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;

Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)