ВАШЧА́К Яраслаў Антонавіч

(19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),

дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз. ін-т імя М.Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.

А.А.Саламаха.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ Аляксей Леанідавіч

(н. 24.2.1920, С.-Пецярбург),

рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЖА́Р

(Bjart; сапр. Бержэ; Berger) Марыс (н. 1.1.1927, Марсель),

французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭБРЭ́ХТ Эрнст Давыдавіч

(н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),

мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.

У.В.Мальцаў.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)