БА́ЗА (грэч. basis),

1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.

2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.

3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.

4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.

5) У матэматыцы — тое, што базіс.

6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).

7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́за

(фр. base, ад гр. basis = аснова, фундамент)

1) апорная частка калоны ў збудаванні;

2) аснова, тое галоўнае, на чым грунтуецца, ствараецца што-н. (напр. эканамічная б. краіны);

3) апорны пункт, месца, дзе засяроджаны якія-н. запасы, ёсць спецыяльныя збудаванні і прыстасаванні для абслугоўвання чаго-н. (напр. ваенная б., турысцкая б.);

4) склад тавараў, матэрыялаў;

5) адлегласць паміж восямі ў транспартных сродках;

6) паказчыкі, якія бяруцца за аснову, тыпавы варыянт, норму.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ба́за1база’. Рус., укр. ба́за. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (ням. Base або франц. base < лац. basis < грэч. βάσις). Фасмер, 1, 105; Шанскі, 1, Б, 9 (апошні не ўлічвае магчымасць запазычання рус. мовай гэтага слова ў розныя часы). Параўн. таксама Кохман, Kontakty, 36, які прымае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні ўсх.-слав. мовамі, і Гютль–Ворт, For. Words, 51.

Ба́за2 ’зборачны пункт для жывёлы і г. д.’ (Яшкін), ’калгаснае памяшканне для збожжа; калгасны двор’ (Лысенка, ССП). Можна думаць, што падабенства з ба́за1 (гл.) толькі выпадковае. Зыходзячы з семантыкі слова, можна прыцягваць для параўнання бел. баз ’жывёлагадоўчая калгасная ферма’ (Яшкін), рус. дыял. баз, базо́к ’загарадзь, скацінны двор; месца, дзе робяцца кізякі; двор’, укр. баз загарадзь для жывёлы’, база ’хлеў’, якія, відавочна, запазычаны з цюрк. моў (каз.-тат., караім. baz яма, склеп’ > калм. bas ’скацінцы двор’). Гл. Фасмер, 1, 105. Параўн. таксама Булатаў, I, 225. Агляд іншых версій гл. Фасмер, там жа. Трубачоў (Этимология 1965, 41) не пераканаўча выводзіць гэтыя словы з гіпатэтычнага іранскага *baza.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ба́за

1. Склад (БРС).

2. Зборачны пункт для жывёлы (Слаўг.).

3. Месца, дзе прымаюць і складваюць нарыхтоўку сена (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ба́за

(фр. base, ад гр. basis = аснова, фундамент)

1) архіт. апорная частка калоны, збудавання;

2) аснова, тое галоўнае, на чым грунтуецца, ствараецца што-н. (напр. матэрыяльная б., тэарэтычная б.);

3) апорны пункт, месца, дзе засяроджаны якія-н. запасы, ёсць спецыяльныя збудаванні і прыстасаванні для абслугоўвання чаго-н. (напр. ваенная б., турысцкая б.);

4) склад, месца для захоўвання тавараў, матэрыялаў;

5) інф. сукупнасць дадзеных, арганізаваных у памяці камп’ютэра па пэўных правілах.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЕ ЗАДЗІНО́ЧАННЕ (БАЗА),

грамадская арг-цыя прадстаўнікоў бел. эміграцыі і творчай інтэлігенцыі ў ЗША. Засн. Ў 1949 па ініцыятыве М.​Гарошкі, Я.​Станкевіча, М.​Дарашэвіча, Я.​Ніхаёнка. Асн. мэта — прапаганда бел. культуры. Мае аддзелы ў некалькіх штатах ЗША. Арганізуе сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Выдае газ. «Беларус». Старшыня доктар А.​Шукелойць.

Да арт. Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Традыцыйная (21-я) сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Таронта, 1994.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Аптовая база 1/396

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Кармавая база 4/433; 5/445

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

турысцкая база

т. 16, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗА ДА́НЫХ,

упарадкаваная сукупнасць даных, прызначаных для захоўвання, назапашвання і апрацоўкі інфармацыі з дапамогай ЭВМ; састаўная частка банка даных. Пры стварэнні, абслугоўванні і папаўненні базы даных выкарыстоўваецца сістэма кіравання базамі даных, у аснову якой закладзена матэм. мадэль упарадкавання інфармацыі.

Адзінкай захавання і доступу да базы даных з’яўляецца запіс, напрыклад бібліягр. карта электроннага каталога, рэферат артыкула ў аўтаматызаваным рэфератыўным часопісе, чарцёж дэталі ў сістэме аўтаматызацыі праектавання. Кожны запіс мае загаловак (ключ), па якім яго можна знайсці. Загалоўкі запісаў аб’ядноўваюцца ў даведачныя табліцы, якія забяспечваюць поўную аўтаматызацыю пошуку інфармацыі.

Дз.​І.​Чарамісінаў.

т. 2, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)