МУХА́ТАЎ (Велі) (Велімухамед; н. 5.5.1916, аул Багір, Туркменістан),

туркменскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў туркм. прафес. музыкі. Нар. арт. СССР (1965). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1951). У 1954—59 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Туркменістана. З 1972 выкладаў у Туркм. пед. ін-це (з 1982 праф.). Аўтар музыкі Дзярж. гімна Туркменіі (1946). Значны яго ўклад у развіццё нац. опернага і сімф. жанраў. Сярод твораў: оперы «Паэт і суддзя» (паст. 1947), «Захрэ і Тахір» (паст. 1953, абедзве з А.​Шапашнікавым), «Канец крывавага водападзелу» (паст. 1967), балет «Белая бавоўна» (паст. 1945; з А.​Зноска-Бароўскім), араторыя «Мой Ашхабад» (1981); вак.-сімф. паэма (1970), кантаты, оды для салістаў, хору і арк. (1979, 1982, 1985); 3 сімфоніі (1974—85), «Туркменская сюіта» (1950), сімф. паэма «Мая Радзіма» (1951); 3 паэмы для арк. нар. інструментаў (1965—82), хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1972.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРБАБА́ЕЎ (Берды Мурадавіч) (15.3.1894, аул Каўкі-Зерэн Тэджэнскага р-на, Туркменістан — 23.7.1974),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменіі (1967). Засл. дз. маст. Туркменіі (1943). Акад. АН Туркменіі (1951). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1927—28). Друкаваўся з 1923 (сатыр. вершы, паэмы). Аўтар кн. нарысаў і апавяданняў «Рэчаіснасць» (1931), гіст.-рэв. рамана «Вырашальны крок» (кн. 1—3, 1940—55; Дзярж. прэмія СССР 1948), п’ес «Браты», «Махтумкулі» (абедзве 1943) і інш. На аснове рамана «Цудам народжаны» (1967) створана п’еса «Кайгысыз Атабаеў» (1969, Рэсп. дзярж. прэмія імя Махтумкулі 1971). Жыццю нафтавікоў прысвечаны раман «Небіт-Даг» (1957), жыццю вёскі — аповесць «Айсалтан з краіны белага золата» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951) і раман «Кропля вады — крупінка золата» (1972). Аўтар кніг для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на туркм. мову. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.​Барадулін, Л.​Салавей, М.​Паслядовіч, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Батыр: [Апавяданні]. Мн., 1961;

у кн. Каракумскія зоркі. Мн., 1969;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—6. Ашхабад. 1969—73.

Б.М.Кербабаеў.

т. 8, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШГАБА́Д,

горад, сталіца Туркменістана. Размешчаны на перадгорнай раўніне хрыбта Капетдаг. 500 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г. машыны, абсталяванне для нафтавай і хім. прам-сці, газавыя пліты, эл.-тэхн. вырабы, рамонт цеплавозаў і аўтамабіляў), хім.-фармацэўтычная, шкляная, лёгкая (баваўняная, трыкат., шаўковая, абутковая, вытв-сць дываноў), харчасмакавая (мясная, вінаробная, тытунёвая і інш.) прам-сць; вытв-сць буд. Матэрыялаў. 11 ВНУ (у т. л. ун-т), АН Туркменістана. 8 тэатраў (у т. л. оперы і балета), філармонія. 3 музеі (у т. л. Нац. музей выяўл. мастацтваў Туркменістана). У 1949 да горада падведзены Каракумскі канал.

Засн. ў 1881 як ваен. ўмацаванне пад назвай Асхабад (ад аднайм. суседняга аула). Быў цэнтрам Закаспійскай вобласці. Яго росту спрыяла буд-ва чыгунак Ашгабад — Каспій (1885) і Ашгабад — Ташкент (1899). З 1919 наз. Палтарацк, да 1924 абл. цэнтр. З 1924 сталіца Туркменістана, з 1927 наз. Ашхабад, з 1991 — Ашгабат.

Першапачаткова меў прамавугольную і радыяльную сетку вуліц пераважна з 1-павярховай сырцовай забудовай. У 1948 разбураны землетрасеннем. Адбудаваны па ген. планах 1949—50 (адкарэкціраваныя ў 1960-я г.) з захаваннем традыц. планіроўкі. Арх. аблічча вызначаюць будынкі ун-та (1961), «Каракумбуда», гасцініцы «Ашгабад» (абодва 1967), Акадэміі навук, Нац. б-кі (1969—74). Каля Ашгабада археал. комплекс Анаў (рэшткі паселішчаў 5—1-га тыс. да нашай эры) і гарадзішча з руінамі мячэці (1456).

Фантаны ў Ашгабаце.
Да арт. Ашгабат. Адміністрацыйны будынак «Каракумбуда».

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

загна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Прымусіць каго‑н. увайсці куды‑н., апынуцца дзе‑н. Загнаць кароў у хлеў. □ Самая цяжкая справа была — загнаць апошніх звяроў у клетку. Маўр. — О, трэба было бачыць, як наш Гектар сёння чорнага ката загнаў на яблыню! — прамовіла Дануся. Карпюк. // Вымусіць апынуцца дзе‑н. далёка. [Мікуця] калісьці загналі былі ў Ашхабад. Чорны. // Перамясціць, адагнаць у пэўны пункт (машыну, калёсы, човен і пад.). Загнаць машыну ў гараж. Загнаць лодку ў чарот.

2. Замучыць хуткай яздой. Загнаць каня.

3. Убіць, забіць, увагнаць з сілай. Загнаць цвік у сцяну. □ [Ляснік] у пень загнаў сякерку, Дубальтоўку зняў з пляча. Грахоўскі. Я пазіраю на дзядзьку ды і кажу: — У мяне нага, мусіць, будзе нарываць. Стрэмку, ці што, загнаў пад пазногаць. Баранавых.

4. Разм. Прадаць, збыць. Загнаць боты на рынку. // Страціць, расходаваць. Загналі ўсе грошы на машыну.

5. Абл. Перамагчы, узяць верх над кім‑н. Застаўшыся ўдвух, Іван з Федзем непрыкметна для сябе паскорылі крок. Ішлі, быццам стараліся загнаць адзін аднаго. Кудравец.

•••

Загнаць запас — назапасіць.

Загнаць клін — тое, што і забіць клін (гл. забіць ​1).

Загнаць у казіны рог — паставіць у бязвыхаднае становішча, узяць верх (у бойцы, спрэчцы).

Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу (у труну, у дамавіну, на той свет, у зямлю) — давесці да смерці, звесці са свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)