НІ́СА,

старажытны і сярэдневяковы горад Сярэдняй Азіі, важны цэнтр Парфянскага царства. Руіны за 18 км на З ад г. Ашгабат у Туркменіі. У 3 ст. да н.э. тут існаваў горад (гарадзішча Новая Н.) і ўмацаваная царская рэзідэнцыя (гарадзішча Старая Н.). У выніку археал. даследаванняў (з 1946) выяўлены рэшткі храмаў, гасп. пабудоў, залы палаца з глінянай скульптурай і, верагодна, царскай скарбніцы: помнікі мастацтва 3—2 ст. н.э. з моцным уплывам элінізму (мармуровыя статуі, рытоны са слановай косці з разнымі рэльефамі, прадметы тарэўтыкі), больш за 2 тыс. гліняных чарапкоў з надпісамі (гасп. архіў I ст. да н.э.), шмат прадметаў узбраення, упрыгожанняў, дробнай скульптуры (тэракотавай і металічнай) і інш. У сярэдневякоўі Н. — важны цэнтр Харасана.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯ́ЗАЎ (Сапармурад Атаевіч) (н. 19.2.1940, Ашгабат),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Туркменістана. Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1967). Ў 1959—65 на прафс. рабоце. З 1970 інструктар, нам. заг. аддзела ЦК Камуніст. партыі Туркменістана (КПТ). З 1980 1-ы сакратар Ашгабацкага гаркома КПТ, з 1984 інструктар аддзела Арганізац.-парт. работы ЦК КПСС. У 1985 старшыня Савета Міністраў Туркм. ССР. У 1985—91 1-ы сакратар ЦК КПТ. У студз.ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета, з кастр. 1990 прэзідэнт Туркм. ССР. З ліст. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Туркменістан, з чэрв. 1992 адначасова і кіраўнік Кабінета міністраў. Старшыня Дэмакр. партыі Туркменістана. У 1993 парламент Туркменістана прысвоіў Н. найменне Туркменбашы (Бацька туркм. народа), а 28.12.1999 прыняў закон, які даў Н. паўнамоцтвы знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта краіны без абмежавання тэрміну.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)