АЛКІ́НЫ,
ненасычаныя ацыклічныя вуглевадароды з трайной сувяззю ў малекуле С≡С. Найпрасцейшы з іх ацэтылен. Гл. таксама Ненасычаныя злучэнні.
т. 1, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дысуга́з
(ад фр. dissous = раствораны + газ)
ацэтылен, раствораны пад ціскам у ацэтоне, выкарыстоўваецца пры газавай зварцы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
алкі́ны
(ад алкіл)
арганічныя злучэнні ненасычанага вуглевадароду з адной трайной сувяззю паміж атамамі ў малекуле, напр. ацэтылен.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
вінілацэтыле́н
(ад вініл + ацэтылен)
арганічнае злучэнне, ненасычаны вуглевадарод, газ, які лёгка ператвараецца ў бясколерную вадкасць; выкарыстоўваецца пры вырабе сінтэтычных каўчукоў, лакаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЁЛЕР (Wöhler) Фрыдрых
(31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),
нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА,
аўтагенная зварка, спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.
Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.
т. 4, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ РАДЫ́ ў хіміі,
гомалагічныя шэрагі (ад грэч. homologos адпаведны, падобны), паслядоўнасць арган. злучэнняў з аднолькавымі функцыян. групамі і аднатыпнай будовай, кожны член якой адрозніваецца ад суседняга на пастаянную структурную адзінку (гомалагічная рознасць), найчасцей метыленавую групу —CH2—. Члены гомалагічных радоў наз. гамолагамі. Вядомыя гомалагічныя рады алканаў CnH2n+2 (агульная ф-ла), дзе n — колькасць атамаў вугляроду ў малекуле, алкенаў CnH2n, аднаасноўных насычаных спіртоў CnH2n+1OH і карбонавых к-т Cn H2n+1COOH і інш.
У гомалагічных радах фіз. ўласцівасці мяняюцца параўнальна заканамерна (для вышэйшых гамолагаў розніца ва ўласцівасцях паступова памяншаецца). Гамолагі маюць агульныя хім. ўласцівасці і спосабы атрымання, але ўласцівасці некаторых з іх (найчасцей першых членаў гомалагічных радоў) могуць значна адрознівацца ад тыповых. Вядомыя таксама ізалагічныя рады — паслядоўнасць злучэнняў, якія маюць аднолькавыя функцыян. групы, але адрозніваюцца ўзрастаючай ненасычанасцю (напр., ізалагічны рад этану: этан CH3—CH3, этылен CH2=CH2, ацэтылен CH≡CH); генетычныя рады, якія маюць злучэнні з аднолькавай колькасцю атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі (напр., этан, этылхларыд CH3—CH2Cl, этанол CH3—CH2OH, ацэтальдэгід CH3—CHO, воцатная к-та CH3—COOH). Паняцце гомалагічных радоў і блізкія да іх ізалагічныя і генет. рады выкарыстоўваюць для сістэматызацыі і класіфікацыі злучэнняў у арган. хіміі.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)