ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗУГА́ЕЎ (Дзугаты) Георгій Хасакоевіч

(28.3.1911, с. Дзугатыкау Джаўскага р-на, Паўд. Асеція — 1985),

асецінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Прамень сонца» (1938), «Ключ сэрца» (1959), «Запявала» (1967), «Сонечныя блікі» (1979), раманаў «На вастрыі клінка» (1964), «Залатая крыніца» (1974, Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1976) і інш. Пераклаў на асецінскую мову кнігу выбр. лірыкі бел. паэтаў «Песня, апаленая вайной» (1976), асобныя творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Калачынскага. На бел. мову творы Дз. перакладалі Калачынскі, Г.​Кляўко, Ю.​Свірка.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖУСО́ЙТЫ (Джусоеў) Нафі Рыгоравіч

(н. 27.2.1925, в. Ногкаў, Паўд. Асеція),

асецінскі пісьменнік і літ.-знавец. Д-р філал. н. (1968). Паэтычны дэбют — зб. «Сэрца салдата» (1949), у якім складаны свет думак, пачуццяў, душэўных перажыванняў сав. воіна ў гады ваен. выпрабаванняў. У кнігах паэзіі «Лірыка» (1955), «Думы Асеціі» (1959), «Безыменная кніга» (1967), гіст. раманах «Кроў продкаў» (1965), «Дванаццаць ран як адна...» (1970), «Слёзы Сырдона» (1979), п’есе ў вершах «Світальная зара» (1977), аповесці «Сонцаварот» (1965) — мінулае і сучаснае асецінскага народа, складаныя чалавечыя лёсы, хараство роднай зямлі. Даследуе гісторыю асецінскай л-ры. Літ. прэмія імя К.​Хетагурава 1979. Пераклаў на асецінскую мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Дж. пераклаў Г.​Кляўко.

Тв.:

Рус. пер. — Реки вспять не текут: Повести М., 1981.

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ГЕР (сапр. Джанаеў Іван Васілевіч; 2.11.1896, с. Сіндзісар, Паўн. Асеція — 3.5.1947),

асецінскі паэт, літаратуразнавец; класік асецінскай л-ры. Скончыў Паўн.-Асец. пед. ін-т (1930). Літ. дзейнасць пачаў у 1913. Матывы абяздоленага жыцця горцаў-беднякоў, іх спадзяванні — асн. змест яго дарэв. паэзіі. Пафасам рэв. барацьбы, сац. перамен прасякнуты паэмы «Мулдар» (1930), «Гыцы» (1934), «На беразе Церака» (1939). Паводле матываў нар. песень і паданняў напісаны паэмы «Сын Уахатага — удалы Гуйман», «Танец Бадэляты» (абедзве 1935) і інш. Тэме подзвігу асецінскага народа ў Вял. Айч. вайну прысвечана паэма «Чырвонаармеец будзе спавядаць» (1945). Разам з Т.​Епхіевым напісаў драму «Коста» (1939). Лірыка Н. адметная навізной вобразаў, форм і жанраў. Даследчык асецінскага фальклору, нарцкага эпасу, творчасці асецінскіх пісьменнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Орджоникидзе, 1978;

Думы Осетии: Стихи и поэмы. М., 1981.

А.​С.​Пухаеў.

т. 11, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)