НЕСКРЫЖАВА́ЛЬНАСЦЬ,
немагчымасць свабоднага скрыжавання паміж асобінамі розных відаў, якія ў прыродных умовах насяляюць адну тэрыторыю, і пры аддаленай гібрыдызацыі. Прычына — рэпрадуктыўная ізаляцыя. Адыгрывае важную ролю ў відаўтварэнні, адзнака адасаблення віду. У селекцыі для пераадолення Н. выкарыстоўваюць спец. прыёмы: поліплаідыю, вегетатыўнае збліжэнне ў раслін, штучнае асемяненне ў жывёл.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,
працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.
Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.
т. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)