каталіко́с, ‑а, м.
Тытул духоўнай асобы (патрыярха) у армяна-грыгарыянскай, а таксама ў грузінскай праваслаўнай царкве.
[Ад грэч. katholikós — галоўны, усеагульны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каталіко́с
(гр. katholikos = галоўны, усеагульны)
тытул патрыярхаў армяна-грыгарыянскай і грузінскай праваслаўных цэркваў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КАТАЛІ́ЦКІЯ ЦЭ́РКВЫ УСХО́ДНЯГА АБРА́ДУ,
цэрквы, якія адышлі ад розных кірункаў усх. хрысціянства (праваслаўя, монафісіцтва, нестарыянства, монафеліцтва) і маюць унію (саюз) з каталіцкай царквой. Прызнаюць вярх. ўладу папы, асн. догматы каталіцызму, захоўваючы сваю традыцыйную абраднасць, царк. арг-цыю і літургічную мову. Дзейнічаюць 6 К. ц. у. а.: мараніцкая, грэка-каталіцкая (мелькіцкая), халдзейская (сіра-халдзейская, або асіра-халдзейская), сіра-каталіцкая, армяна-каталіцкая, копта-каталіцкая. Прыхільнікі К. ц. ў. а. жывуць пераважна ў краінах Б. Усходу — Ліване, Сірыі, Турцыі, Іарданіі, Ізраілі, Егіпце, але маюць абшчыны ў інш. рэгіёнах (гл. таксама Беларуская грэка-каталіцкая царква).
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКУ́Л (Луцый Ліцыній) (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКАЯ АПО́СТАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́, Армяна-грыгарыянская царква,
адна са старадаўніх хрысц. цэркваў. Хрысціянства ў Арменіі пачало распаўсюджвацца ў першыя стагоддзі н.э., у 301 набыло статус дзярж. рэлігіі. Ад імя першага каталікоса Грыгора Пантэва Армянская апостальская царква часам наз. грыгарыянскай. Да 6 ст. царк. іерархі Арменіі падпарадкоўваліся візантыйскай царкве, што абумовіла падабенства Армянскай апостальскай царквы з праваслаўем у дагматыцы і культавай абраднасці. Але Армянская апостальская царква прытрымліваецца монафізіцтва (вучэння аб выключна божай, а не падвойнай, богачалавечай сутнасці Хрыста), якое яшчэ на халкідонскім сусв. саборы (451) было прызнана ерэтычным. У 506 на Дзвінскім царк. саборы Армянская апостальская царква канчаткова адмежавалася ад візантыйскай і стала аўтакефальнай. Царкву ўзначальвае «вярхоўны патрыярх-каталікос усіх армян», які пажыццёва выбіраецца саборам епіскапаў у Эчміядзіне (гіст. цэнтр Армянскай апостальскай царквы каля Ерэвана). Армянская апостальская царква мае замежныя іерархічныя прастолы: патрыяршыя ў Іерусаліме і Стамбуле і каталікоскі ў Кілікіі, якія прызнаюць сваю залежнасць ад Эчміядзіна; епархіяльныя ўпраўленні ў ЗША, Паўд. Амерыцы, Зах. Еўропе, Б. і Сярэднім Усходзе, на Д.Усходзе.
А.А.Цітавец.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)