БЕРНА́Р ((Bernardt) Сара) (22.10.1844, Парыж — 26.3.1923),
французская актрыса. Скончыла драм. клас Парыжскай кансерваторыі (1862). Працавала ў т-рах «Камеды Франсэз» (1872—80), «Жымназ», «Порт-Сен-Мартэн», «Адэон», узначальвала т-ры «Рэнесанс» (з 1893), «Тэатр Сары Бернар» (1898—1922). У яе творчасці віртуознае майстэрства, вытанчаная тэхніка, маст. густ часта спалучаліся з наўмыснай эфектнасцю ігры. Сярод лепшых роляў: донья Соль («Эрнані» В.Гюго), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» Дзюма-сына), Тэадора («Тэадора» Сарду), прынцэса Мара, герцаг Рэйхштацкі («Прынцэса Мара» і «Арляня» Э.Растана), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Ларэнцача («Ларэнцача» А. дэ Мюсэ). З 1880-х г. выступала ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі, у т. л. ў Расіі.
Тв.:
Рус. пер. — Моя двойная жизнь: Мемуары. М., 1991.
Літ.:
Кугель А. Театральные портреты. Л.; М., 1967. С. 320—327.
т. 3, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГА́ЛІЧ (сапр. Гінзбург) Аляксандр Аркадзевіч
(19.10.1918, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.12.1977),
рускі драматург, паэт. Аўтар п’ес «Вуліца хлопчыкаў» (1946), «Вас выклікае Таймыр» (1948, з. К.Ісаевым), «Шляхі, якія мы выбіраем» (1954), «Паходны марш» (1957), «Параход называюць «Арляня» (1958) і інш.; сцэнарыяў да кінафільмаў «Верныя сябры» (1954, з К.Ісаевым), «На сямі вятрах» (1962) і інш., для якіх характэрны рамант. прыўзнятасць, лірызм, гумар. З 1960-х г. вядомы як аўтар і выканаўца песень-навел, у большасці трагікамічнага і драм. зместу. Асн. іх тэмы — памяць і адказнасць за мінулае, тэма чалавечай годнасці, супрацьстаянне самавольству, канфармізму. Першыя зб-кі выдадзены за мяжой («Пакаленне асуджаных», 1972; «Калі я вярнуся», 1977). Аўтабіягр. аповесць «Генеральная рэпетыцыя» (1974). З 1974 у эміграцыі.
Тв.:
Возвращение. Л., 1989;
Генеральная репетиция. М., 1991;
«...Я вернусь...»: Киноповести, пьесы, автобиогр. повесть. М., 1993.
т. 4, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ-АНО́ХІН (Барыс Аляксандравіч) (н. 9.10.1926, Масква),
расійскі рэжысёр, тэатразнавец, крытык. Засл. арт. Расіі (1962). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1950). З 1950 у Т-ры Сав. Арміі, у 1963—69 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя К.Станіслаўскага, з 1979 у Малым т-ры, з 1989 гал. рэжысёр Новага драм. т-ра ў Маскве. Сярод пастановак: «Дабракі» (1958) і «Энцыклапедысты» (1965) Л.Зорына, «Каса Марэ» І.Друцэ (1961), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1962), «Антыгона» Ж.Ануя (1966), «Мамурэ» Ж.Сармана (1978), «Халопы» П.Гнедзіча (1987), «Арляня» Э.Растана (1991), «Гераічная камедыя» Ф.Брукнера (1995). Яго спектаклям характэрны вастрыня сцэн. формы, графічная яснасць мізансцэны, тонкае адчуванне стылю. Аўтар кніг і артыкулаў па праблемах харэаграфіі, рэж. мастацтва, творчых партрэтаў акцёраў і рэжысёраў, майстроў балета. Напісаў сцэнарыі балета (1972) і фільма-балета (1975) «Ганна Карэніна», дакумент. фільма «Галіна Уланава» (1963).
Тв.:
Балетные спектакли последних лет. М., 1972;
Мастера Большого балета. М., 1976;
Г.Уланова. 2 изд. М., 1984;
Сергей Корень. М. 1988.
т. 9, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕГЕ́Р ((Honegger) Арцюр) (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар. муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.
Літ. тв.: Рус. пер. — Я — композитор. Л., 1963.
Літ.:
Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
т. 1, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)