БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
І.Дз.Назіна.
т. 2, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР,
першы прафесійны канцэртны аркестр Аўстрыі, адзін са старэйшых у Еўропе. Напачатку наз. «Аркестравы персанал імператарскай прыдворнай оперы». Першы канцэрт адбыўся ў 1842 пад кіраўніцтвам аднаго з заснавальнікаў аркестра О.Нікалаі. З 1860-х г. штогод праводзіць цыкл з 8 нядзельных абанементных канцэртаў, канцэрт памяці Нікалаі, урачысты навагодні канцэрт з твораў венскай лёгкай музыкі і інш. З 1917 афіцыйны аркестр Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары творы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Вагнера, Р.Штрауса, П.Чайкоўскага і інш. У складзе аркестра каля 120 чал. Сярод дырыжораў: Малер, Брамс, Вагнер, Брукнер, Штраус, Дж.Вердзі, Ф.Дэсаф, Г.Рыхтэр, Ф.Вейнгартнер, Ф.Шальк, Ф.Мотль, К.Мук, А.Нікіш, Э.Шух, Б.Вальтэр, А.Тасканіні, К.Краўс, В.Фуртвенглер, К.Бём, Г.Караян.
т. 4, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н
(ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец. муз. навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
т. 2, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РФА
(ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі рфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТО́РНА
(ням. Waldhorn літар. лясны рог),
медны духавы муштуковы муз. інструмент; уяўляе сабой метал. ўліткападобную трубку з моцна расшыраным раструбам. Узнікла ў 2-й пал. 17 ст. ў выніку ўдасканалення паляўнічага рога. Напачатку існавалі валторны розных строяў з натуральным гукарадам. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся клапанныя і вентыльныя валторны з поўным храматычным гукарадам. Сучасная валторна мае 3 дадатковыя трубкі з вентыльным механізмам, якія ўключаюцца ў асн. ствол; вырабляецца ў строях F або B (радзей Es); дыяпазон H1 — f2. Аркестравы, ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі вядома з 2-й пал. 17 ст. Была ў складзе аркестраў і капэл 2-й пал. 18 ст. У наш час бытуе ў нар. інстр. практыцы асобных раёнаў. Класы валторны існуюць у вышэйшых і сярэдніх спец. муз. установах.
І.Дз.Назіна.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,
вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел. дзярж. кансерваторыя на аснове Бел. муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец. муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.Казакоў (1932—37), М.Бергер (1937—41), М.Аладаў (1944—48), А.Багатыроў (1948—62), У.Алоўнікаў (1962—82), І.Лучанок (1982—85), М.Казінец (з 1985).
Сярод выпускнікоў: кампазітары Л.Абеліёвіч, Алоўнікаў, Багатыроў, А.Бандарэнка, Г.Вагнер, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, С.Картэс, Дз.Лукас, Лучанок, А.Мдывані, П.Падкавыраў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, У.Солтан, Л.Шлег, выканаўцы І.Абраміс, З.Бабій, М.Ворвулеў, Л.Гарэлік, В.Глушакоў, М.Дрынеўскі, М.Зюванаў, Казінец, І.Шыкунова, Т.Шымко і інш.
К.І.Сцепанцэвіч.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)