АРЫЛІ́РАВАННЕ,
хімічная рэакцыя ўвядзення арылу (арыльнай групы) у малекулу арганічнага або неарганічнага злучэння. Рэагентамі арыліравання з’яўляюцца галагенвытворныя араматычных злучэнняў, араматычныя дыазазлучэнні і іншыя. Выкарыстоўваецца ў лабараторным і прамысловым арганічным сінтэзе, у вытворчасці фарбавальнікаў.
т. 2, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАМЕ́ЛЬ (франц. caramel),
1) сорт цвёрдых цукерак (ледзянцовых ці з начынкай), прыгатаваных з цукру і патакі. Мае фарбавальныя і араматычныя рэчывы.
2) Палены цукар для падфарбоўвання кандытарскіх вырабаў.
3) Падпражаны солад для падфарбоўвання піва.
т. 8, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́ЛЫ,
пяцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія маюць у цыкле атамы вугляроду і не менш як два гетэраатамы, адзін з іх азот. Да азолаў належаць аксазол, імідазол, піразол, тыязол і інш. Маюць араматычныя ўласцівасці. Уваходзяць у састаў прыродных злучэнняў і лекаў (вітаміны B1 і B12, амідапірын, анальгін, гістыдзін і інш.).
т. 1, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хіно́ны
(ад перуан. kina = кара)
арганічныя араматычныя злучэнні, афарбаваныя крышталічныя рэчывы з рэзкім пахам; выкарыстоўваюцца пры вырабе фарбавальнікаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЫАЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, якія маюць групоўку з 2 атамаў азоту (N2 — дыазагрупа), звязаную з адной арган. астачай. Вынайдзены ням. хімікам І.П.Грысам у 1857. Паводле хім. уласцівасцей адрозніваюць Д. аліфатычныя і араматычныя.
Аліфатычныя Д. — дыазаалканы (агульная ф-ла RR′CN2; дае R, R′ — алкіл ці вадарод) раскладаюцца пры награванні, дзеянні каталізатараў, кіслот; рэагуюць з вадой, галагенамі, галагенавадародамі з вылучэннем азоту. Найпрасцейшы прадстаўнік — дыазаметан. Выкарыстоўваюць як алкіліруючыя рэагенты (гл. Алкіліраванне). Атрутныя. Араматычныя Д. маюць агульную ф-лу ArN2X, дзе Ar — арыл, X — гідраксільная група ці кіслотная астача. Найб. важныя — солі дыазонію (напр., бензолдыазонійхларыд
), бясколерныя цвёрдыя рэчывы, раскладаюцца пры награванні і мех. уздзеянні. Д. ўступаюць у рэакцыі з захаваннем дыазагрупы (напр., азаспалучэнне) і з вылучэннем азоту (абменьваюць дыазагрупу на інш.). Атрымліваюць узаемадзеяннем першасных араматычных амінаў пры т-ры 0—20 °C з азоцістай к-той (дыазатаванне). Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, лек. сродкаў, як святлоадчувальныя матэрыялы для вырабу фотарэзістараў і ў дыазатыпіі.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДРО́Н (франц. goudron),
астатак пасля адгонкі з нафты бензінавых, газавых і асн. масы масляных францый. Вязкая вадкасць ці цвёрды асфальтападобны прадукт чорнага колеру, шчыльн. 950—1030 кг/м³. Мае парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя вуглевадароды (45—95%), асфальтэны (найб. высокамалекулярныя кампаненты нафты, 3—17%), нафтавыя смолы (2—38%). Выхад гудрону складае 10—45% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць для вытв-сці дарожнага, дахавага і буд. бітумаў, як сыравіну крэкінгу.
т. 5, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАФЕНО́ЛЫ,
арганічныя араматычныя злучэнні, малекула якіх мае амінагрупу NH2 і гідраксільную групу OH; C6H4(NH2)OH. Вядомы крышталічныя ізамеры амінафенолаў, орта-амінафенолы, tпл 174 °C; мета-амінафенолы, tпл 123 °C і пара-амінафенолы, tпл 186 °C. Амфатэрныя, утвараюць солі з кіслотамі і шчолачамі. Атрымліваюць аднаўленнем адпаведных нітроза- і нітрафенолаў. Ізамеры (мета- і пара-амінафенолы) выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў для футра (карычневы колер), пара-амінафенолы і яго вытворныя — праявіцелі ў фатаграфіі. Амінафенолы могуць выклікаць дэрматыт.
т. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКВА́СКІ,
чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́Н,
насычаны вуглевадарод нармальнай будовы, CH3(-CH2)6-CH3. Бясколерная вадкасць, мае спецыфічны пах, tкіп 125,6 °C, шчыльн. 0,702∙103 кг/м³, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў спіртах, ацэтоне, эфіры. Актанавы лік 17—19. У пэўных умовах ператвараецца ў араматычныя вуглевадароды (о-ксілол, этылбензол і інш.), што выкарыстоўваюцца ў працэсах каталітычнага рыформінгу.
Атрымліваюць рэктыфікацыяй бензінавых фракцый нафты і сінт. бензінаў. Мае 17 ізамераў, 2 з іх (трыметылпентан і тэтраметылбутан) з высокім актанавым лікам (97—105) — кампаненты маторнага паліва.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
т. 5, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)