ксіло́л

(ад ксіла- + -ол)

вадкі араматычны вуглевадарод, аналаг бензолу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНІЛІ́Н, амінабензол, феніламін,

найпрасцейшы араматычны амін, C6H5NH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 184,4 °C, шчыльн. 1,02 ∙ 10​3 кг/м³; растваральны ў вадзе, спіртах, эфірах. Мае ўласцівасці асноў, з мінер. кіслотамі ўтварае солі. Асн. метад атрымання аніліну — аднаўленне нітрабензолу (упершыню атрыманы з індыга). Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, фотаматэрыялаў, выбуховых рэчываў, лекаў, паскаральнікаў вулканізацыі каўчуку і інш. Ядавіты (дзейнічае на ц. н. с., выклікае дэгенерацыю эрытрацытаў крыві, гемоліз), ГДК 0,1 мг/м³.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАПРАПІЛБЕНЗО́Л, кумол,

араматычны вуглевадарод, C6H5CH(CH3)2. Бясколерная вадкасць з пахам бензолу, tкіп 152,4 °C, шчыльн. 861,8 кг/м³ (20 °C).

Не раствараецца ў вадзе, змешваецца з этанолам, эфірам, бензолам. У прам-сці атрымліваюць каталітычным алкіліраваннем бензолу прапіленам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фенолу, ацэтону, аметылстыролу, як высокаактанавую дабаўку да авіяц. бензіну, як растваральнік для лакаў і фарбаў. Ядавіты, выклікае вострыя і хранічныя захворванні крывятворных органаў. ГДК 50 мг/м³.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕНІ́Л,

фенілбензол, араматычны вуглевадарод, C6H5—C6H5. Бясколерныя крышталі, tпл 70,5 °C, шчыльн. 1180 кг/м³ (0 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў метаноле, бензоле і інш. арган. растваральніках. Уваходзіць у склад антрацэнавай фракцыі каменнавугальнай смалы. У прам-сці атрымліваюць дэгідрыраваннем бензолу пры 700—800 °C. Выкарыстоўваюць як высокатэмпературны цепланосьбіт (даўтэрм-10 — сумесь Д. з дыфенілаксідам), фунгіцыд (напр., для прамочвання паперы для ўпакоўкі фруктаў). Пыл Д. раздражняе слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 1 мг/м³.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕНІЛАМІ́Н,

араматычны другасны амін, NH(C6H5)2. Бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, tпл 54—55 °C, tкіп 302 °C, шчыльн. 1159 кг/м³ (25 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў канцэнтраваных мінер. к-тах, эфіры, спірце, бензоле і інш. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем аніліну з яго гідрахларыдам пры 300 °C у прысутнасці каталізатара. Выкарыстоўваюць у вытв-сці азафарбавальнікаў, інсектыцыдаў, як стабілізатар пораху і пластмас, інгібітар карозіі мяккіх сталей, індыкатар у аналіт. хіміі. Таксічны, ГДК 10 мг/м³.

т. 6, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫБУТЫЛФТАЛА́Т, дыбутылавы эфір о-фталевай кіслаты,

араматычны эфір, C6H4(COOC4H9)2. Бясколерная вадкасць з фруктовым пахам, tкіп 340 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1047 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў спірце, эфіры, бензоле, ацэтоне, у вадзе — дрэнна. Хім. ўласцівасці характэрныя для эфіраў араматычных кіслот. Атрымліваюць узаемадзеяннем фталевага ангідрыту з н-бутанолам. Выкарыстоўваюць як пластыфікатар для пластмас, сінт. каўчуку, арган. шкла, выбуховых рэчываў; фіксатар паху і растваральнік для парфумы. Малатаксічны, ГДК у паветры 0,5 г/м³, у вадзе вадаёмаў 0,2 мг/л.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыфені́л

(ад ды- + феніл)

араматычны вуглевадарод, бясколернае крышталічнае рэчыва; выкарыстоўваецца як высокатэмпературны цепланосьбіт.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антрацэ́н

(ад гр. anthraks = вугаль + -цэн)

араматычны вуглевадарод, які атрымліваюць з каменнага вугалю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕНЗО́Л,

араматычны вуглевадарод, C6H6, мал. м. 78,11. Бясколерная вадкасць, tкіп 80,1 °C, шчыльн. 0,879∙10​3 кг/м³. Раствараецца ў вуглевадародах, эфірах, горш у метаноле; з вадой і спіртамі ўтварае азеатропныя сумесі. Атрымліваюць выдзяленнем з фракцый коксахім. вытв-сці, каталітычным рыформінгам нафтавых фракцый C6—C8. Сыравіна ў вытв-сці стыролу, фенолу, капралактаму, аніліну, нітрабензолу, арган. фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, пестыцыдаў і інш.; растваральнік лакафарбавых матэрыялаў, каўчукаў; дабаўка да маторнага паліва. Таксічны: раздражняе скуру, выклікае сутаргі, пры шматразовых уздзеяннях малых канцэнтрацый — змены формулы крыві і крывятворных органаў, ГДК 5 мг/м³.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыфеніламі́н

(ад дыфеніл + амін)

араматычны другасны амін; выкарыстоўваецца ў вытворчасці азафарбавальнікаў, як стабілізатар пораху і пластмас.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)