МІ́НІН, Захар’еў-Сухарук,

Кузьма Мініч (?—1616), арганізатар і кіраўнік (разам з кн. Дз.М.Пажарскім) нар. апалчэння, якое вызваліла Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Ніжагародскі пасадскі чалавек, гандляр мясам і рыбай. 1.9.1611 выбраны земскім старастам. Ахвяраваў уласныя зберажэнні і ўзначаліў збор сродкаў на арганізацыю ніжагародскага нар. апалчэння, праз паслоў запрасіў Пажарскага стаць ваен. кіраўніком апалчэння. У пач. вясны 1612 апалчэнне на чале з М. і Пажарскім рушыла да Яраслаўля, дзе М. увайшоў у склад пераходнага ўрада — «Савета ўсёй зямлі» (дзейнічаў у 1612—13). Вызначыўся ў баях за Маскву 22—24.8.1612 як ваен. арганізатар і храбры воін. У 1613 уведзены ў Баярскую думу з чынам думнага двараніна. М. — адзін з найб. папулярных нац. герояў рус. народа. Яму ўстаноўлены помнікі ў Ніжнім Ноўгарадзе — у Крамлі (1826, скульпт. А.​І.​Мельнікаў) і на плошчы яго імя (1943, скульпт. А.​І.​Колабаў); у Маскве на Краснай плошчы ўстаноўлены помнік М. і Пажарскаму (1818, скульпт. І.​П.​Мартас).

Літ.:

Скрынников Р.Г. Минин и Пожарский: Хроника Смутного времени. М., 1981;

Шишов А.В. Минин и Пожарский. М., 1990.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мілі́цыя, ‑і, ж.

1. Адміністрацыйны орган у СССР для аховы грамадскага парадку і бяспекі. Гарадская міліцыя. Раённая міліцыя. // зб. Работнікі міліцыі; міліцыянеры. У тую ж ноч прыбыў на хутар атрад міліцыі, схованы непадалёку ў засадзе. Колас.

2. Назва народнага апалчэння ў некаторых краінах.

[Ад лац. militia — войска.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСУРГЕ́НТ (ад лац. insurgens паўстае),

1) удзельнік узбр. паўстання (інсурэкцыі) супраць урада; у гэтым значэнні слова «І.» шырока выкарыстоўвалася ў рус. л-ры 19 — пач. 20 ст. І. называліся ўдзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

2) У Венгрыі да 1848 удзельнік інсурэкцыі — дваранскага апалчэння, якое склікалася для абароны краіны.

т. 7, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў Вялікую Айчынную вайну,

добраахвотныя ваен. і ваенізаваныя фарміраванні з асоб, якія не падлягалі першачарговаму прызыву па мабілізацыі; адна з форм масавага ўдзелу народа ў абароне Радзімы. Ініцыятыва арганізацыі апалчэння належала жыхарам Ленінграда. Стваралася ў 1941—42 у Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах. Складалася з дыв., палкоў, батальёнаў, у т. л. знішчальных. На Беларусі з першых дзён вайны грамадзяне непрызыўнога ўзросту звярталіся ў ваенкаматы, парт. і камс. арг-цыі з просьбай накіраваць іх на фронт. Таму 2.7.1941 ЦК ВКП(б) і 6.7.1941 СНК БССР і ЦК КП(б)Б прынялі рашэнні аб стварэнні з добраахвотнікаў Н.а. Фарміраванне падраздзяленняў і часцей Н.а. на Беларусі пачалося з ліп. 1941 (прымалі грамадзян ад 17 да 55-гадовага ўзросту). Камандаванне франтоў дапамагала камплектаваць падраздзяленні Н.а. камсаставам. У прыфрантавых раёнах ствараліся знішчальныя батальёны (іх было 78, больш за 13 тыс. чал.). Летам 1941 арганізавана больш за 200 атрадаў Н.а. (больш за 33 тыс. чал), якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы абарончых рубяжоў, знішчэнні жывой сілы і тэхнікі ворага, абясшкоджванні іх дыверсійных груп і інш. (гл. Віцебскае народнае апалчэнне 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941). Для мясц. самаабароны ствараліся камуніст. рабочыя палкі і батальёны. Пры адыходзе Чырв. Арміі частка байцоў Н.а. ўключалася ў яе рады, а тыя, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, пераходзілі да партыз. або падп. метадаў барацьбы.

А.​С.​Жліуроўскі, І.​А.​Літвіноўскі.

Байцы Гомельскага народнага апалчэння на перадавой пазіцыі.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1611,

атрады рас. дваран, земскіх людзей і казакоў, створаныя для барацьбы з рэшткамі войск Ілжэдзмітрыя II і польска-літоўскімі інтэрвентамі, якія занялі Маскву ў час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Збор апалчэння ўзначаліў П.​Ляпуноў. У сак. 1611 апалчэнцы (20—30 тыс. чал.) падышлі да Масквы і аблажылі горад. Аднак польска-літ. гарнізон (6 тыс. чал., паводле інш. звестак да 10—12 тыс.) вытрымаў 4-месячную аблогу. Пасля таго як П.​Ляпуноў быў забіты, рэшткі створанага ім апалчэння ў жн. 1611 увайшлі ў 2-е апалчэнне К.Мініна і Дз.Пажарскага, якое ў 1612 вызваліла Маскву ад польска-літоўскіх інтэрвентаў.

Літ.:

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве XVI—XVII вв. М., 1937;

Костомаров Н.И. Повесть об освобождении Москвы от поляков в 1612 г. и избрание царя Михаила // Костомаров Н.И. Земские соборы. М., 1995;

Радзинский Э.С. Лжедмитрий // Соч.: В 7 т. М., 1999. Т. 5, ч. 2.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Міхаіл Цімафеевіч) (17.11.1891, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — снеж. 1941),

адзін з кіраўнікоў Магілёва абароны 1941, ген.-маёр (1940). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце камандзір 172-й стралк. дывізіі, якая з атрадамі нар. апалчэння трымала кругавую абарону Магілёва. Цяжка паранены трапіў у палон, закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры.

М.Ц.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́МЫ (араб. гулям літар. юнак, маладзец, раб),

1) рабы ў сярэдневяковых мусульм. краінах.

2) Пастаянная конная гвардыя ў Абасідаў халіфаце. Стваралася пры халіфе Мамуне [813—833], вербавалася з прывезеных з-за мяжы маладых рабоў пераважна цюрк. Паходжання.

3) Воіны прыдворнай гвардыі ў сярэдневяковых мусульм. дзяржавах (наз. таксама мамлюкі).

4) Радавыя воіны апалчэння ў сярэдневяковай Асманскай імперыі.

5) У Дэлійскім султанаце гвардзейцы-рабы цюрк. паходжання, а таксама іх камандзіры, якія сталі дэлійскімі султанамі (апошнія правілі ў 1206—90-я г.).

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1612 пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага, Другое апалчэнне. Створана ў 1611 для барацьбы з іншаземнай інтэрвенцыяй. Дасягала 20—30 тыс. чал. Частка яго (10 тыс. чал.) 22—24.8.1612 разам з рэшткамі 1-га апалчэння (гл. Першае апалчэнне 1621) нанесла паражэнне польска-літ. войску Я.​К.​Хадкевіча (10—12 тыс. чал.) і пасля працяглай аблогі (22—26 кастр.) прымусіла да капітуляцыі гарнізон інтэрвентаў у Крамлі. Н.а. паспрыяла аднаўленню дзярж. улады ў Расіі, прадвызначыла пэўныя змены ва ўзаемаадносінах Расіі і Рэчы Паспалітай.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,

у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)