ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯ ў Вялікую Айчынную вайну. Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.Я.Уткін

(загінуў),

камісар С.Р.Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл. Гомеля абарона 1941). 19 жн. ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.

У.І.Лемяшонак.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

апалчэ́нне

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. апалчэ́нне апалчэ́нні
Р. апалчэ́ння апалчэ́нняў
Д. апалчэ́нню апалчэ́нням
В. апалчэ́нне апалчэ́нні
Т. апалчэ́ннем апалчэ́ннямі
М. апалчэ́нні апалчэ́ннях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

ра́тнік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Воін, баец (уст. і высок.).

2. У царскай Расіі: радавы салдат дзяржаўнага апалчэння.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апалчэ́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апалчэння, апалчэнца. Апалчэнскі полк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апалчэ́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.

Чалавек, які ўступіў у апалчэнне, удзельнік, баец апалчэння.

|| ж. апалчэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. апалчэ́нскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апалчэ́нец, ‑нца, м.

Удзельнік, баец апалчэння. Парадзелі рады апалчэнцаў, шмат было забітых, багата параненых, аднак полк трымаўся, не адступаў. Гурскі. Апалчэнцы ўліліся ў рэгулярныя войскі. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́тнік, ‑а, м.

1. Уст. і высок. Воін, баец. Ратнікаў першай Айчыннай вайны Халодным жвірам акрыла поўнач. Барадулін. Ля рычагоў кіравання, ля кулямётаў сядзяць выпрабаваныя ратнікі. За першы ваенны тыдзень яны вынеслі на сваіх плячах столькі жахаў ваеннага пекла! Беразняк.

2. Гіст. Салдат, радавы дзяржаўнага апалчэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Барадатыя ратнікі апалчэння засумавалі па дому, па дзецях і рады былі бавіцца з хлапчукамі. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́сяцкі, ‑ая, ‑ае.

1. У Старажытнай Русі — начальнік ваеннага апалчэння.

2. Выбарная службовая асоба ад сялян, вясковы старшыня (да рэформы 1861 г.).

3. Галоўны распарадчык у старадаўнім рускім вясельным абрадзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мілі́цыя, -і, ж.

1. У некаторых постсавецкіх краінах: сістэма дзяржаўных службаў і органаў для аховы грамадскага парадку, забеспячэння асабістай бяспекі грамадзян і іх маёмасці.

2. зб. Работнікі гэтай установы.

3. Назва народнага апалчэння ў некаторых краінах.

|| прым. міліцэ́йскі, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.) і міліцы́йны, -ая, -ае (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мілі́цыя, ‑і, ж.

1. Адміністрацыйны орган у СССР для аховы грамадскага парадку і бяспекі. Гарадская міліцыя. Раённая міліцыя. // зб. Работнікі міліцыі; міліцыянеры. У тую ж ноч прыбыў на хутар атрад міліцыі, схованы непадалёку ў засадзе. Колас.

2. Назва народнага апалчэння ў некаторых краінах.

[Ад лац. militia — войска.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)