ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,
фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.
У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіць да развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл. Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.
т. 5, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),
пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).
М.А.Скеп’ян.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФО́ІДНАЯ СІСТЭ́МА, імунная сістэма,
рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв. касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці Т-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых Т-і В-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.
Літ.:
Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;
Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.
А.С.Леанцюк.
т. 9, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)