Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр.Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам для Нясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ДА (Prado),
Нацыянальны музей жывапісу і скульптуры Прада, мастацкі музей у Мадрыдзе. Створаны ў 1819 на аснове ісп. каралеўскіх калекцый, размешчаны ў спец. пабудаваным для яго будынку ў стылі позняга класіцызму (1785—1830, арх. Х. дэ Вільянуэва). У зборы шырока прадстаўлены ісп. жывапіс 15—19 ст. (Эль Грэка, Х. дэ Рыбера, Ф.Сурбаран, Д.Веласкес, Б.Э.Мурыльё, Ф.Гоя), карціны італьян. майстроў 16 ст. (Рафаэль, Андрэа дэль Сарта, Тыцыян); зберагаюцца творы нідэрландскай школы жывапісу 15—16 ст. (Рагір ван дэр Вейдэн, Х.Босх, А.Мор), фламандскай (П.П.Рубенс), франц. (Н.Пусэн) школ і інш.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́РМА [Pontormo; сапр.Каручы (Carucci) Якопа; 25.5.1494, Панторме, каля г. Эмпалі, Італія — пахаваны 2.1.1557],
італьянскі жывапісец; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Вучыўся ў М.Альберцінелі і П’ера ды Казіма (1507—12). Зазнаў уплывы Андрэа дэль Сарта, Мікеланджэла і А.Дзюрэра. Раннія работы створаны ў духу Высокага Адраджэння (фрэска «Сустрэча Марыі з Елізаветай» у царкве Сантысіма-Анунцыята ў Фларэнцыі, 1515), з 1520-х г. працаваў у рэчышчы маньерызму. Творы вызначаюцца высокім кампазіцыйным майстэрствам (алегарычныя фрэскі на віле Медычы ў Поджа-а-Каяна, 1520), унутр. напружанасцю і светлавой насычанасцю каларыту (цыкл фрэсак у Чэртозе ды Валь д’Эма, 1522—24; партрэт юнака, каля 1525—26; «Палажэнне ў труну» ў капэле Капоні царквы Санта-Фелічыта ў Фларэнцыі, 1526—28; партрэт жанчыны, каля 1543—45). Эскізам і графічным работам уласцівы выразнасць контуру, гнуткасць і рухавасць ліній («Тры грацыі», каля 1535—36, і інш.).
англійскі паэт. Першая паэма «Паліна» (1833). Пра подзвіг служэння людзям паэмы «Парацэльс» (1835), «Сардэла» (1840). Вядомасць прынеслі драм. паэма «Піпа праходзіць» (1841), зб-кі «Драматычная лірыка» (1842), «Драматычныя паэмы» (1845). У 1846 пасяліўся ў Італіі. Там напісаў зб. «Мужчыны і жанчыны» (1855), псіхал. паэму «Пярсцёнак і кніга» (1868—69). Выкарыстоўваў форму драм. маналога, адметнага экспрэсіяй пачуццяў і філас. глыбінёй думкі (маналогі «Фра Ліпа Ліпі», «Андрэа дэль Сарта», абодва 1855). Зб. «Драматычныя ідыліі» (1879—80) склалі літ. стылізацыі. Аб’яднаў у сваёй творчасці эстэт. прынцыпы рамантызму і рэалізму (маст. маніфест «Пра паэта, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, аб мэтах апошняга, пра Шэлі, чалавека і паэта», 1851).
Тв.:
У кн.: Дьяконова Н.Я., Амелина Т.А. Хрестоматия по английской литературе XIX века. Л., 1978. С. 164—170;
Рус.пер. — у кн.: Английская поэзия в русских переводах XIV—XIX в. М., 1981. С. 418—425.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЦА ((Pozzo) Андрэа) (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),
італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.П.Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).
А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНІ́НІ ((Bernini) Джавані) (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),
італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.
Літ.:
Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр.М., 1965.
Дж.Л.Берніні. Экстаз святой Тэрэзы. 1644—52.Дж.Л.Берніні. Фантан на П’яцца Навона ў Рыме. 1648—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУ́ЦЫЙ (лац. Manutius, італьян. Manuzio) Альд Старэйшы (каля 1450, Басіяна, каля г. Велетры, Італія — 6.2.1515), італьянскі выдавец і друкар, вучоны-гуманіст. У 1494 заснаваў выдавецкую фірму Альдаў, якая праіснавала каля 100 гадоў. Каля 1490 жывучы ў Венецыі, аб’яднаў вакол сябе знаўцаў грэч. мовы і пачаў выдаваць творы стараж.-грэч. аўтараў: Арыстоцеля, Арыстафана, Сафокла, Герадота, Ксенафонта, Эўрыпіда, Дэмасфена, Плутарха, Платона і інш. У 1499 выдаў шэдэўр кнігадрукавання — «Вайна сну і кахання» («Hypnerotomachia», прыпісваецца яго сучасніку Ф.Калоне), у якім шматлікія гравюры на дрэве і прыгожыя шрыфты (антыква) утвараюць гарманічнае адзінства. У 1500 заснаваў «Новую акадэмію» (на ўзор Платонаўскай), члены якой садзейнічалі збіранню і вывучэнню рукапісаў ант. аўтараў, праводзілі тэксталагічную іх падрыхтоўку. З 1501 выкарыстаў 2 новаўвядзенні: яго выданні — альдзіны — пачалі выходзіць фарматам у 1/8 ліста і друкаваліся курсівам. Выпускаў і творы сваіх сучаснікаў (Эразма Ратэрдамскага). Для барацьбы з падробкамі і перайманнямі кніг пачаў выкарыстоўваць друкарскую марку — дэльфін, які абвівае якар. Справу М. прадоўжылі яго цесць Андрэа Тарэзана, сын Паала (1512—74) і ўнук Альд Малодшы (1547—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАЁЛА (Pollaiolo, Pollaiuolo; сапр.Бенчы; Benci) Антоніо дэль (17.1.1433, г. Фларэнцыя, Італія — 4.2.1498), італьянскі жывапісец, скульптар, ювелір і гравёр. Прадстаўнік фларэнтыйскай школы Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплывы Данатэла і Андрэа дэль Кастаньё. Творчасць вызначалася спалучэннем экспрэсіўнай манеры з рацыяналістычным пафасам пазнання заканамернасцей рэальнага свету, глыбокім веданнем анатоміі, механікі рухаў чалавека, перспектывы, цікавасцю да выяўлення пейзажу, вытанчанасцю лініі і яснай пластычнасцю формы. Аўтар карцін «Успенне Марыі Егіпецкай», «Анёл і Товій», «Давід», «Апалон і Дафна», «Геракл і гідра», «Геракл і Антэй» (абедзве каля 1465), профільных партрэтаў жанчын (1460-я г.); пано «Пакутніцтва св. Себасцьяна» (1475); фрэскі «Танец аголеных» на Віле дэла Галіна ў Арчэры (Таскана, каля 1466—71), алтара з 3 святымі і фрэскі з 2 анёламі над ім (1466—67) у капэле кардынала Партугальскага ў царкве Сан-Міньята аль Монтэ ў Фларэнцыі; скульптур «Бюст воіна», «Геракл і Антэй» (каля 1475—80); надмагілляў папы Сікста IV (1484—92) у Гротах Ватыкана, папы Інакенція VIII (1498) у саборы св. Пятра ў Рыме; медзярыта «Бітва аголеных» (1470); рэлікварыяў, залатых крыжоў і пераплётаў кніг, сярэбранага алтара Фларэнцыі (1477) і інш. Часта супрацоўнічаў з братам — П’ера дэль П. (1443—96).