уітле́ндэры

(афрыкаанс uitlander = іншаземец)

англійскія перасяленцы ў канцы 19 ст. у паўднёваафрыканскія рэспублікі Трансвааль і Аранжавую.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУРЫТАНІ́ЗМ (ад лац. puritas чысціня),

плынь у кальвінізме, паслядоўнікі якой выступалі за паглыбленне Рэфармацыі, праведзенай зверху ў выглядзе англіканства (гл. Англіканская царква), супраць каралеўскага абсалютызму. Існаваў у 16—17 ст. ў Англіі. Пурытане вызначаліся рэліг. фанатызмам, заклікалі да аскетызму, маральнай і фіз. чысціні. Падзяляліся на памяркоўную (прэсвітэрыяне) і радыкальную (кангрэгацыяналісты) плыні. П. стаў ідэалаг. абгрунтаваннем рэвалюцыі 1640—53 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя), у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі абедзвюх плыней.

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПА́РСКІ ((Kiparsky) Валянцін Юлій Аляксандр) (4.7.1904, С.-Пецярбург — 15.5.1983),

фінскі філолаг-славіст, балтыст, германіст. Акад. Фінскай АН (1977). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1929), вучыўся ў Празе. У 1947—63 праф. Хельсінкскага, Індыянскага (г. Блумінгтан, ЗША), Бірмінгемскага (Вялікабрытанія), Вольнага (Берлін) ун-таў. Аўтар манаграфій: «Агульнаславянскія запазычаныя словы з германскіх моў» (1934), «Чужое ў мове балтыйскіх немцаў» (1936), «Курскае пытанне» (1939; пра мёртвы балт. дыялект), «Фінляндыя ў рускай літаратуры» (1943), «Поўнач у рускай літаратуры» (1947), «Англійскія і амерыканскія тыпы ў рускай літаратуры» (1964), «Руская гістарычная граматыка» (т. 1—3, 1963—75), артыкулаў па пытаннях этымалогіі.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСО́А ((Pessoa) Фернанду Антоніу) (13.6.1888, Лісабон — 30.11.1935),

партугальскі паэт. Вучыўся ў Лісабонскім ун-це (1905—06), займаўся журналістыкай. У 1915 узначаліў групу паэтаў-мадэрністаў, што гуртаваліся вакол час. «Orpheu» («Арфей»). Першыя вершы пісаў на англ. мове (зб-кі «35 санетаў», 1918; «Англійскія вершы», ч. 1—3, 1921). У зб-ках «Пасланне» (1933), «Вершы Алвару ды Кампуша» (апубл. 1944), «Вершы Алберту Каэйру», «Оды Рыкарду Рэйша» (абодва апубл. 1946) выявілася супярэчнасць паміж дробязнасцю чалавечага існавання і велічнасцю бясконцага сусвету. Яго паэзія вызначаецца дасканалым паэт. майстэрствам, здольнасцю перадаць найтанчэйшыя адценні думак і пачуццяў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1978.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),

статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.

Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прэрафаэлі́ты

[ад лац. prae = раней, перад + іт. Raffaello = імя іт. мастака (1483—1530)]

англійскія мастакі і паэты, якія ў 1848 г. аб’ядналіся ў групу, што імкнулася адрадзіць мастацтва дарафаэлеўскага часу (перыяду сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ГІ,

1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш. паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.

2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.

т. 4, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́Н (Мікола) (Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),

украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр. Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.​Купалы, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Зарыцкага, кн. вершаў П.​Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, В.​Вітка, П.​Глебка, Зарыцкі, М.​Калачынскі, Куляшоў, Я.​Семяжон, М.​Танк.

М.Бажан.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРМЭ́ ((Mallarmé) Стэфан) (18.3.1842, Парыж — 9.9.1898),

французскі паэт; галава сімвалізму. Вучыўся ў Англіі і Францыі. Друкаваўся з 1862. Зведаў уплыў Ш.​Бадлера і Э.​По. У эклозе «Папаўдзённы адпачынак Фаўна» (каля 1865, аднайм. сімф. прэлюдыя К.​Дэбюсі, 1892), драм. паэме «Ірадыяда» (1867—69), паэмах «Ігітур» (1869), «Удача ніколі не скасуе выпадку» (1897), зб-ках «Вершы» (1887), «Вершы з нагоды» (1880—98), «Вершы і проза» (1893), вершы «Проза для Дэзесента» (1885) праз полісемічны сімвал, сугестыўнасць імкнуўся да спасціжэння неспасцігальнага, «звышпачуццёвага», таемнай сутнасці быцця. Яго паэзія адметная асацыятыўнасцю, меладычнасцю, адмаўленнем сінтакс. і семантычных норм, насычана інверсіямі, прасякнута характэрнымі для эпохі дэкадансу настроямі тугі, адзіноты, безабароннасці чалавека. Аўтар філал. і гіст. кніг «Англійскія словы» (1878), «Антычныя багі» (1880), зб. тэарэт. прац «Адхіленні» (1897), літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. стихотворений. М., 1990;

Соч. в стихах и прозе. М., 1995.

Літ.:

Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;

Великовский С.И. В скрешенье лучей;

Групповой портрет с Полем Элюаром. М., 1987.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)