bartig a анама́льны, ненарма́льны, перакру́чаны; які́ звёўся

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

КО́ГАЎТАКА КАМЕ́ТА,

камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.​Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.

т. 8, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАПЛАЗІ́Я (ад гіпа... + грэч. plasis утварэнне),

недаразвіццё тканкі, органа, часткі цела ці ўсяго арганізма; анамалія развіцця. У аснове гіпаплазіі, як і аплазіі, ляжыць прыроджаная адсутнасць органа ці часткі цела. Прычыны ўзнікнення гіпаплазіі: эндагенныя (анамаліі першаснай закладкі зародкавых клетак) і экзагенныя (прамянёвая энергія, траўмы, ціск на цяжарную матку, уздзеянні тэмпературы, алкаголю, наркотыкаў на арганізм маці, анамальны аб’ём і інш.) фактары, што неспрыяльна ўплываюць на фарміраванне і рост зародка і плода, а таксама хваробы, у т. л. інфекцыі (краснуха, грып, поліяміэліт і інш.), што перадаюцца ад маці плоду.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАФРАДЫТЫ́ЗМ, двухполавасць, бісексуалізм,

наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма. Бывае натуральны, уласцівы вышэйшым і ніжэйшым раслінам (аднадомнасць, гоматалізм) і беспазваночным жывёлам (чэрві, малюскі, ракападобныя і інш.), і анамальны (заганы развіцця), які трапляецца і ў чалавека. Пры натуральным гермафрадытызме ў арганізме адначасова ўтвараюцца яйцы і сперматазоіды; здольнасцю да апладнення валодаюць абодва віды палавых клетак або адзін з іх. Анамальны гермафрадытызм — прыроджаная, у большасці выпадкаў генетычна абумоўленая паталогія, што ўзнікае пры парушэнні развіцця палавых залоз і іх гарманальнай дзейнасці; назіраецца ў чалавека і жывёл. Можа быць сапраўдны (наяўнасць палавых залоз абодвух полаў) і несапраўдны (псеўдагермафрадытызм), калі палавыя залозы сфарміраваны правільна, па мужчынскім або жаночым тыпе, але вонкавыя палавыя органы маюць прыкметы двухполавасці.

У чалавека сапраўдны гермафрадытызм трапляецца рэдка; характэрна наяўнасць яечніка і яечак або змешанай залозы, часцей мужчынскі набор палавых храмасом (46 XY). Другасныя палавыя прыкметы, як правіла, маюць элементы абодвух полаў. Гермафрадытызм несапраўдны бывае вонкавы і ўнутраны. Пры вонкавым мужчынскім гермафрадытызме ёсць мужчынскія палавыя залозы, а вонкавыя палавыя органы падобныя да жаночых; пры ўнутраным — побач з яечнікамі, недаразвітай прадстацельнай залозай і семявымі пузыркамі могуць быць матка і матачныя трубы. Зрэдку трапляюцца выпадкі жаночага несапраўднага гермафрадытызму, калі сфарміраваны яечнікі, а вонкавыя палавыя органы і другасныя палавыя прыкметы развіваюцца па мужчынскім тыпе. Лячэнне гермафрадытызму: аператыўная змена полу. Дзетанараджэнне немагчыма.

Літ.:

Савченко Н.Е. Гипоспадия и гермафродитизм. Мн., 1974;

Голубева И.В. Гермафродитизм. М., 1980.

М.​Я.​Саўчанка.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННІК (Cortinarius),

род базідыяльных грыбоў сям. павуціннікавых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 123 віды. Найб. вядомыя П.: анамальны (C. anomaliis), бранзалетавы, ці прыбалатуха, звычайны (C. trivialis), карычневы (C. cinnamomeus), каштанавы (C. castaneus), ліпкі (C. collintus), пахучы (C. camphoratus), трыумфальны (C. triumphans), ядомы, ці таўстуха. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах, на ўзлесках і лугах. Большасць з іх мікарызаўтваральнікі, утвараюць «ведзьміны кольцы».

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 8 см, правільная, звычайна ярка афарбаваная, зрэдку белая. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка цыліндрычная або патоўшчаная, амаль заўсёды з рэшткамі пакрывала ў выглядзе павуціністага апушэння ці выпуклых кольцаў. Мякаць белаватая або жаўтаватая. Споры падоўжаныя, бураватыя. Ёсць ядавітыя, некат. ядомыя (напр., прыбалатуха, таўстуха).

Павуціннік бранзалетавы.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕРАНЧУ́К (Ісаак Якаўлевіч) (20.5.1913, Варшава — 14.12.1966),

расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1953). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1936). З 1940 у Фіз. ін-це, з 1943 у Ін-це атамнай энергіі, з 1946 у Ін-це тэарэт. і эксперым. фізікі АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага інж.-фіз. ін-та. Навук. працы па ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела, тэорыі квантавых вадкасцей, фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Прадказаў сінхратроннае выпрамяненне (1944; разам з Дз.​Дз.Іваненкам). Выявіў анамальны характар плаўлення (зацвердзявання) гелію-3 (эфект П.; 1950) і прапанаваў новы метад атрымання нізкіх т-р. Сфармуляваў адно з асн. палажэнняў квантавай тэорыі поля (гл. Памеранчука тэарэма). Зрабіў важкі ўклад у стварэнне першых у СССР ядз. рэактараў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

Тв.:

Собр. науч. трудов. Т. 1—3. М., 1972.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫНЕ́НКА (Алег Рыгоравіч) (н. 12.3.1936, г. Краматорск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1989), д-р тэхн. н. (1973), праф. (1978). Скончыў Чэшскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1959, Прага). З 1963 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (з 1966 заг. лабараторыі і нам. дырэктара, з 1988 дырэктар). Навук. працы па аэратэрмаоптыцы, асімптатычных метадах канвектыўнага цепла- і масаабмену, газадынаміцы віхравых атм. утварэнняў, метадах разліку цеплаабменных апаратаў і прылад. Выявіў анамальны эфект у цеплаперадачы пры турбулентным працяканні вадкасці ў каналах складанай формы, устанавіў заканамернасці эвалюцыі дысіпатыўных структур, эфект «адмоўнай вязкасці». З 1974 сурэдактар ад СССР час. «International Jornal of Heat and Mass Transfer» («Міжнародны часопіс па цепла- і масаабмену»), з 1988 гал. рэдактар «Инженерно-физического журнала».

Тв.:

Введение в теорию конвективных газовых линз. Мн., 1972 (разам з П.​М.​Калеснікавым, В.​Л.​Калпашчыкавым);

Асимптотические методы в теории свободно-конвективного теплообмена. Мн., 1979 (разам з А.​А.​Беразоўскім, Ю.​А.​Сакавішыным).

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА,

рэлятывісцкая квантавапалявая тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў элементарных часціц; састаўная частка адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Дала пачатак агульнай квантавай тэорыі поля і стала найб. распрацаваным і эксперыментальна абгрунтаваным раздзелам гэтай тэорыі.

Пачала афармляцца як самаст. тэорыя (незалежная ад квантавай механікі) на аснове прац П.Дзірака. Грунтуецца на квантава-рэлятывісцкім хвалевым Дзірака ўраўненні для электрона (пазітрона) у эл.-магн. полі і ўраўненні тыпу Максвела—Лорэнца для эл.-магн. поля з крыніцамі. Ураўненні рашаюцца метадам паслядоўных набліжэнняў па канстанце эл.-магн. сувязі a = e2/4 πε0c ≈ 1/137. Атрыманыя рашэнні (хвалевыя функцыі дзіракаўскага і эл.-магн. палёў) раскладаюцца ў Фур’е шэрагі па вядомых наборах функцый свабодных станаў электрона (пазітрона) са значэннямі імпульсу, энергіі і праекцыі спіна. Каэфіцыенты такіх шэрагаў пры пэўных умовах вызначаюць амплітуды імавернасці пераходу элементарнай часціцы з аднаго стану ў другі ў выніку ўзаемадзеяння. Пасля працэдуры другаснага квантавання эл.-магн. і дзіракаўскае палі становяцца сістэмамі з пераменным лікам часціц і каэфіцыенты Фур’е-разлажэнняў функцый стану квантаваных палёў набываюць сэнс аператараў нараджэння і знікнення квантаў гэтых палёў (электронаў, пазітронаў, фатонаў). Паводле К.э. эл.-магн. ўзаемадзеянне электронаў адбываецца за кошт абмену паміж імі віртуальнымі фатонамі, якія неперарыўна выпрамяняюцца і паглынаюцца эл. зараджанымі часціцамі. Фундаментальнае значэнне ў К.э. мае матрыца рассеяння (S-матрыца), якая звязвае ў агульнай форме станы квантаваных палёў да і пасля эл.-магн. ўзаемадзеяння. На яе аснове ў межах тэорыі малых узбурэнняў вызначаюцца амплітуды рассеяння для любых магчымых эл.-дынамічных працэсаў. Кожнаму працэсу адпавядае графічная карціна (дыяграма Р.Фейнмана) Канстанта a дазваляе праводзіць разлікі эл.-магн. працэсаў (напр., эфекту Комптана, пераўтварэння электронна-пазітронных пар у фатоны і наадварот) з зададзенай дакладнасцю. Пры гэтым улічваецца працэдура перанарміровак, якая дазваляе пазбавіцца ад бясконцых значэнняў фіз. велічынь, выкліканых узаемадзеяннем квантаў поля (напр., электронаў) з палярызаваным вакуумам. Такое ўзаемадзеянне выявіла шэраг спецыфічных эфектаў (анамальны магн. момант электрона, лэмбаўскі зрух энергет. узроўняў электронаў у атамах, рассеянне святла на святле).

Літ.:

Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;

Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.

А.​А.​Богуш, Ф.​І.​Фёдараў.

т. 8, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)