ГАЛАВЕ́НЬ

(Leuciscus cephalus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.

Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРАПАДО́БНЫЯ

(Anguilliformes),

атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.

Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)