АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,

прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).

т. 1, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

меркапта́ны

[ад лац. mer(carius) = ртуць + captans = які захоплівае]

арганічныя злучэнні, сярністыя аналагі спіртоў непрыемнага паху; выкарыстоўваюцца як паскаральнікі вулканізацыі і пластыфікацыі каўчукоў, у сінтэзе лекавых рэчываў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

МІНЕРА́ЛЫ ШТУ́ЧНЫЯ (сінтэтычныя),

мінералы, створаныя на аснове сучасных прамысл. тэхналогій (фіз. і хім. метадамі), паводле хім. саставу, фіз. уласцівасцей і крышт. структуры адпавядаюць прыродным прататыпам. У 1837 штучна быў зроблены першы сінт. рубін масай у 1 карат франц. хімікам М.​Гадэнам. У 1892 франц. даследчык А.​Вернейль распрацаваў першую прамысл. тэхналогію атрымання рубінаў у шырокім маштабе. Існуюць 2 віды М.ш.: сінт. мінералы, што маюць прыродныя аналагі (александрыт, алмаз, апал, біруза, ізумруд, кварц, рубін, рутыл, сапфір, шпінель і інш.); штучныя мінералы, якія не маюць прыродных аналагаў (фабуліт-тытаніт стронцыю, ніабат літыю і інш.).

У.​Я.​Бардон.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАГЕ́НЫ,

фізічныя і хімічныя фактары, уздзеянне якіх на жывыя арганізмы прыводзіць да паяўлення мутацый з частатой, большай за ўзровень спантанных мутацый. Да фіз. М. адносяць іанізавальныя (гама- і рэнтгенаўскія прамяні, пратоны, нейтроны і інш.) і ультрафіялетавае выпрамяненні, высокія і нізкія т-ры; да хім. — многія алкіліруючыя злучэнні, аналагі азоцістых асноў нуклеінавых к-т, некат. біяпалімеры (чужародныя ДНК ці РНК), алкалоіды і інш. Супермутагенамі наз. М., што павялічваюць частату мутацый у сотні разоў. Часта М. з’яўляюцца канцэрагенамі і тэратагенамі (выклікаюць парушэнні ў развіцці зародка). Выкарыстоўваюцца ў селекцыі с.-г. раслін і карысных мікраарганізмаў для атрымання мутацый, якія служаць матэрыялам для штучнага адбору.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАПРЭ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,

сінтэтычныя каўчукі, прадукты полімерызацыі ізапрэну. Найб. важныя стэрэарэгулярныя І.к., макрамалекулы якіх маюць 93—98% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі. Па мікраструктуры І.к. — аналагі каўчуку натуральнага.

Пры пакаёвай т-ры аморфныя рэчывы, шчыльн. 910—920 кг/м³. Крышталізуюцца пры ахаладжэнні ніжэй за 0 °C ці пры расцяжэнні. Раствараюцца ў вуглевадародах і іх галагенавытворных, серавугляродзе. Атрымліваюць полімерызацыяй ізапрэну ў растворы на каталізатарах Цыглера—Наты (комплексныя злучэнні тытану і алюміній-арган. злучэнняў) ці алюмініевых каталізатарах (напр.. метал. літый, літыйалкілы). Не патрабуюць пластыфікацыі, вулканізуюцца серай. Па асн. уласцівасцях вулканізаты падобны на гуму з натуральнага каўчуку. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, канвеерных стужак, рукавоў, гумавага абутку і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ А́ЛГЕБРА,

адзін з раздзелаў алгебры, асноўная задача якога — рашэнне лінейнага ўраўнення αx+β=0. Спосаб яго рашэння і ўласцівасці адпаведнай лінейнай функцыі y=αx+β — зыходныя для ідэй і метадаў Л.а.

У Л.а. вывучаюцца аб’екты 3 тыпаў: лінейныя прасторы, матрыцы і лінейныя формы (гл. Форма). Тэорыі гэтых аб’ектаў амаль паралельныя: вынікі і пытанні, сфармуляваныя ў адной з іх маюць аналагі ў дзвюх іншых. Метады і вынікі Л.а. шырока выкарыстоўваюцца ў лінейным праграмаванні, геаметрыі, механіцы, тэорыі кольцаў, функцыянальным аналізе, гамалагічнай алгебры і інш. раздзелах матэматыкі.

Літ.:

Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984;

Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.

Р.​І.​Тышкевіч.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕПТЫ́ДЫ,

арганічныя рэчывы, якія маюць астаткі аднолькавых або розных амінакіслот, што злучаюцца пептыднай сувяззю. Малекула П. — звычайна лінейны ланцуг з амінагрупай (—NH2) на адным і карбаксільнай групай (—COOH) на другім канцы ланцуга. Бываюць П. з замкнёным ланцугом — цыклапептыды (таксіны, гармоны і антыбіётыкі). Па колькасці амінакіслотных астаткаў адрозніваюць ды-, тры-, тэтрапептыды і г.д., а таксама поліпептыды. Да П. адносяць шэраг біялагічна актыўных рэчываў: глутатыён, анзерын, карназін, некат. гармоны (інсулін, глюкагон, вазапрэсін, аксітацын і інш.). У жывых клетках П. сінтэзуюцца з амінакіслот ці ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў. Шэраг актыўных П. і іх аналагі атрыманы штучна шляхам хім. сінтэзу. Дасягненні хіміі П. спрыялі вырашэнню некат. праблем біяхіміі і малекулярнай біялогіі (напр., расшыфроўка генет. кода).

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛЬСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ, познарыфейска-вендская складкавасць,

эра тэктагенезу ў познім пратэразоі (каля 900—550 млн. гадоў назад), што папярэднічала каледонскай складкавасці. Вылучана ў 1932 рус. вучоным М.​С.​Шацкім. Тыповыя раёны развіцця байкалідаў — у Азіі (Енісейскі краж і Байкальская горная вобл.). Шырока выявілася на прылеглых да стараж. платформаў (кратонаў) тэрыторыях. Аналагі Байкальскай складкавасці: кадомская (асінцкая) у Зах. Еўропе, катангская ў Афрыцы, гадрынская і бразільская ў Амерыцы, луінская ў Аўстраліі. На Усх.-Еўрапейскай і інш. платформах узнікла сістэма аўлакагенаў. Байкаліды ўтвараюць ядры многіх палеазойскіх складкавых сістэм: Урала, Ціманскага кража, Цэнтр. Казахстана, паўн. часткі Цянь-Шаня і інш., уваходзяць у склад фундамента Зах.-Сібірскай і Зах.-Еўрапейскай маладых платформаў. З зонамі Байкальскай складкавасці звязаны радовішчы медзі, золата, волава і вальфраму.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІКА́ШЛЕВЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.

М.​К.​Кеўра.

т. 13, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.

Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д. Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.

Р.​Т.​Вальвачоў, Л.​А.​Яновіч.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)