Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,
біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТНАЯ СХЕ́МА,
вузел электра- ці радыёапаратуры, выраблены метадам пячатнага мантажу; схема (рысунак) размяшчэння праваднікоў току з кантактнымі пляцоўкамі на пячатнай плаце. Па таўстаплёначнай тэхналогіі (гл.Плёначная тэхналогія) наносяцца токаправодныя дарожкі (плёначныя аналагі правадоў), рэзістары, кандэнсатары, шпулі індуктыўнасці, трансфарматары і інш. элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т. л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),
згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫТЫ́ЎНАЯ ТЭО́РЫЯ ЛІ́КАЎ,
раздзел лікаў тэорыі, які ахоплівае пытанні раскладання натуральных лікаў на складаемыя пэўнага выгляду, а таксама іх алг. і геам.аналагі. Напр., задача пра запіс лікаў у выглядзе пэўнай сумы n-x ступеняў: сумы 4 квадратаў, 9 кубаў (г.зв. Варынга праблемы), а таксама ў выглядзе сумы простых лікаў (гл.Гольдбаха праблема). Існуюць аналітычныя, алг., імавернасныя, элементарныя метады адыятыўнай тэорыі лікаў. Шырока выкарыстоўваецца ў камбінаторным аналізе, лінейным праграмаванні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГЛЕМАЗЕ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура мезалітычных плямён, якія ў 7—6-м тыс. да н.э. жылі на паўд. узбярэжжы Балтыйскага мора. Назва ад знаходак у тарфяніку Маглемазе на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам і збіральніцтвам. Знойдзены крамянёвыя прылады працы мікралітычнага і макралітычнага тыпу, рэчы з косці, рогу і дрэва. Плямёны М.к. жылі невял. першабытнымі абшчынамі. Некаторыя даследчыкі разглядаюць М.к. як пераймальніцу свідэрскай культуры. Частка рагавых і касцяных вырабаў нёманскай культуры мае аналагі ў М.к.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКСІ́НЫ,
прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, рэгулятары росту раслін з групы фітагармонаў. Уздзейнічаюць на рост, дзяленне і дыферэнцыяцыю клетак. З прыродных (у асн. вытворныя індолу, фенілвоцатнай кіслаты) найб. пашыраны гетэрааўксін, які сінтэзуецца раслінамі з трыптафану бактэрыямі і грыбамі. Сінт.аналагі аўксінаў стымулююць утварэнне каранёў і чаранкоў, з іх дапамогай атрымліваюць плады без насення, прадухіляюць ападанне лісця.
У малых канцэнтрацыях дзейнічаюць як стымулятары (роставыя рэчывы), у вялікіх — як гербіцыды, дзеянне якіх заснавана на парушэнні абмену рэчываў з наступнай гібеллю раслін. Выкарыстоўваюцца ў раслінаводстве, навук. практыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІРЫ́НЫ,
прыродныя арганічныя пігменты раслін, жывёл і чалавека; вытворныя парфіну (структуры з 4 пірольных кольцаў). Большасць П. у прыродзе — комплексы з металамі. Важнае біял. значэнне мае Fe-комплекс П. (у складзе гемаглабінаў, шэрагу ферментаў) і Mg-комплекс П. (хларафіл і яго аналагі). П. выяўлены таксама ў выдзяленнях жывёл, шалупайках яек і апярэнні птушак, ракавінах малюскаў, нафце і інш. Біясінтэз П. у клетках ажыццяўляецца з гліцыну і бурштынавай кіслаты. Парушэнні абмену П. (у т. л. прыроджаныя) прыводзяць да захворванняў чалавека (напр., да парфірыі скуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫМЕТАБАЛІ́ТЫ,
прыродныя або сінтэтычныя біялагічна актыўныя рэчывы, па хім. прыродзе блізкія да звычайных прадуктаў абмену рэчываў (метабалітаў) арганізма і здольныя ўступаць з імі ў канкурэнтныя, антаганістычныя адносіны. Да важнейшых антыметабалітаў належаць антывітаміны, антыгармоны, антыферменты. Структурныя аналагі адпаведных вітамінаў, гармонаў, ферментаў, медыятараў і інш., якія ў біяхім. рэакцыях займаюць іх месца або блакіруюць пэўныя рэцэптары і тым змяняюць цячэнне важных фізіял. працэсаў. Пры пэўных умовах антыметабаліты могуць не толькі парушаць, але і нармалізаваць біяхім. працэсы, таму выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб (у першую чаргу выкліканых парушэннямі абмену рэчываў).