князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),
вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн.Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛАльгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЙКА (канец 13 — 1-я пал. 14 ст.),
легендарны сярэдневяковы рыцар, бел. шляхціц правасл. веры. Паводле сцвярджэнняў гісторыка М.Стрыйкоўскага, пачынальнік роду Хадкевічаў. Першы подзвіг здзейсніў у 1306, калі адолеў воіна-волата з Залатой Арды, якога выставіў ханскі пасол з патрабаваннем выплаціць даніну з зямель ВКЛ пры ўмове, калі ён пераможа. Вял. князь Гедзімін у знак падзякі падараваў Барэйку ў дзяржанне Стакілавічы, Слонім, Збляны, Казылкішкі і Саханава, а яго нашчадкам — Мсцібава. Другі двубой Барэйка выйграў у 1344 у час паходу вял.кн.Альгерда ў Прусію. Пасля 1-й цяжкай бітвы на р. Юрыя ням. рыцар прапанаваў паядынак на ўмове: хто прайграе двубой, таго войска адступае без бітвы і лічыцца пераможаным. Барэйка зноў узяў верх і праславіў рыцарства ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г.Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял.кн.ВКЛАльгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.Косцевічу (мужу Г.С.Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст.рус. паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),
князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛАльгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл.Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫБУ́ТАВІЧЫ,
княжацкі род у ВКЛ герба «Пагоня»; адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад Карыбута — сына вял.кн.ВКЛАльгерда і Юльяны Цвярской. Ад шлюбу з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча ён меў сыноў Івана, Жыгімонта і Фёдара.
Жыгімонт (Сігізмунд, каля 1385 — пач. 1435) на чале ўласнай харугвы ўдзельнічаў у Грунвальдскай бітве 1410 як васал караля Польшчы Ягайлы, пазней служыў вял. князю Вітаўту. У 1422 прэтэндаваў на карону Чэхіі. У 1430 падтрымаў абранне вял. князем ВКЛ Свідрыгайлу, ваяваў на баку апошняга ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Загінуў у бітве пад Вількамірам. Фёдар (каля 1390 — пасля 1440) упамінаецца з 1422. У бітве пад Вількамірам змагаўся на баку Свідрыгайлы, трапіў у палон. Генеалагічная традыцыя канца 16—17 ст. лічыла яго родапачынальнікам князёў Збаражскіх і Вішнявецкіх, у сувязі з чым іх родавы герб меў назву «Карыбут». Меў трох дачок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІЯ, Лугвенавічы,
княжацкі род у ВКЛ, адгалінаванне Альгердавічаў. Паходзяць ад сына АльгердаЛугвена, які атрымаў Мсціслаўскае княства. З яго нашчадкаў: Юрый (1395?—1458?),
сын Лугвена. Князь мсціслаўскі. Уваходзіў у раду вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы. З 1432 некалькі разоў быў запрошаны служылым князем у Ноўгарад. Удзельнічаў у феад. войнах у ВКЛ, у выніку паражэнняў неаднаразова пазбаўляўся Мсціслаўскага княства. Яраслаў Фёдар (1411—1.9.1435), сын Лугвена. Загінуў у бітве пад Вількамірам, дзе змагаўся на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча. Іван (? — да 1489), сын Юрыя. Валодаў Мсціславам, Цяцерынам, Княжыцамі, Паповай Гарой, Дрокавам і інш., магчыма, Магілёвам. Яго дачка Ульяна выйшла замуж за кн. М.І.Заслаўскага (гл. ў арт.Заслаўскія), якому адышла частка Мсціслаўскага княства і які разам з нашчадкамі пачаў наз. князем М. Яго сын Фёдар у 1526 з’ехаў у Маскву, дзе род М. згас у 1622.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́Й АЛЬГЕ́РДАВІЧ, Андрэй Полацкі (1325—99),
князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі. Сын Альгерда і віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. У 1342 жыхарамі Пскова абраны князем, за захаванне княжацкай пасады ў Пскове змагаўся і тады, калі стаў полацкім князем. Удзельнічаў у паходзе цвярскога кн. Міхаіла на Маскву (1372). Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, у 1373 і 1375 правёў паспяховыя паходы на Дынабург. Пасля 1377 распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад у ВКЛ. Пацярпеўшы паражэнне, вярнуўся княжыць у Пскоў. Уступіўшы ў саюз з вял.кн. маскоўскім Дзмітрыем Данскім, удзельнічаў у разгроме татараў на р. Вожа (1378), адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, удзельнічаў у Кулікоўскай бітве 1380. Пазней вярнуўся ў Полацк, выступіў супраць Ягайлы (1386), але трапіў у палон. Вызвалены ў 1390, стаў на бок Вітаўта ў яго барацьбе супраць Скіргайлы. Зноў княжыў у Пскове. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.