п’я́ніца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Той, хто многа п’е спіртных напіткаў; алкаголік. Зынга — п’яніца і гуляка, у піўной ён бывае часцей, чым на працы. Кудраўцаў.

•••

Горкі п’яніца — безнадзейна, прапашчы алкаголік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́ркі, -ая, -ае.

1. Які мае своеасаблівы едкі смак.

Г. палын.

Горкае лякарства.

2. перан. Поўны гора, цяжкі, гаротны.

Горкае жыццё.

Пераканацца на горкім вопыце.

Горкая праўда.

Горкія слёзы.

Горкае дзіця (разм.) — наіўны, нявопытны малады чалавек.

Горкі п’яніца (разм., неадабр.) — алкаголік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сіву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.

Дрэнна ачышчаная жытняя гарэлка. [Язэп і Тамаш:] — Колькі мы можам выпіць гэтае самаробнае сівухі. Чорны. // Разм. Пра гарэлку наогул. І алкаголік даўгалыгі Сячэ сябе, сячэ за двух, Нібыта хоча з цела выгнаць Гарэлкі дух, сівухі дух! Сербантовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЭВІЯ́НТНЫЯ ПАВО́ДЗІНЫ,

паводзіны з адхіленнем ад агульнапрынятых у грамадстве прававых і маральна-этычных норм. Асн. іх віды: злачыннасць, алкагалізм, наркаманія, прастытуцыя, самазабойствы, сексуальная разбэшчанасць. Узнікненне Д.п. абумоўлена недахопамі выхавання, дэфектамі маральнай і прававой свядомасці, нізкім узроўнем інтэлектуальнага развіцця асобы, неспрыяльным уплывам спадчыннасці, асаблівасцямі характару, інтарэсаў і патрэбнасцей чалавека, яго эмацыянальна-валявой дзейнасці і інш. фактарамі. Італьян. псіхіятр Ч.Ламброза лічыў «крымінальны тып» своеасаблівым «вынікам» дэградацыі на больш ранніх стадыях чалавечай эвалюцыі. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і прыхільнікі яго канцэпцыі сцвярджалі, што распаўсюджванню Д.п. садзейнічаюць сац.-эканам. і паліт. нестабільнасць, рэзкія змены ў грамадскім жыцці, сац. канфлікты, стрэсы і інш. Паводле тэорый анаміі і сацыялізацыі, праявы Д.п. узрастаюць, калі сацыяльна дапушчальныя сродкі дасягнення грамадскіх і індывід. мэт выконваюцца не ўсімі людзьмі або калі іх уваходжанне ў сац. жыццё адбываецца ў абставінах цярпімых адносін грамадства да амаральных учынкаў, насілля. У 1960-я г. атрымала пашырэнне канцэпцыя стыгматызацыі, паводле якой Д.п. — заканамерны вынік своеасаблівага «наклейвання» на чалавека ярлыкоў накшталт «алкаголік», «наркаман», «прастытутка» і імкнення сацыяльна ізаляваць, прыцягнуць да адказнасці, выправіць ці вылечыць такіх людзей. Існуюць канцэпцыі, у якіх сцвярджаецца, што Д.п. абумоўлены асаблівасцямі будовы чалавечага цела, анамаліямі палавых храмасом.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 6, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

п'яніца, алкаголік; п'янюга, п'янчуга, прапойца, піток, пітух, пітун, выпівака, жлукта, жлуктач, лайдак (разм.) □ рыцар бутэлькі

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

П’я́ніца1 ’аматар выпіць, алкаголік’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.), пʼяні́ца (пьяни́ца) ’тс’ (Нас.); параўн. рус. пья́ница, польск. pijanica, серб.-харв. пѝјаница, балг. пия́ница, ст.-слав. пѩница, пьѣнница. Прасл. *pьjanica, *pijanica, вытворнае ад *pijanъ(jь) (БЕР, 5, 285), гл. п’яны.

П’я́ніца2 ’спарыння’: пʼя́ніца ў ячмені, у пшаніцы (віл., Сл. ПЗБ). Да п’я́ны (гл.), у тым ліку са значэннем ’адурманьваючы’, параўн. славен. pijan ’тс’; вырабы з мукі, змолатай са збожжа, заражонага спарыннёй, маюць ап’яняючы эфект, параўн. балг. пия́но жи́то ’спарыння’.

П’я́ніца3 ’расходнік, Sedum L.’ (Кіс.). Да п’яны (гл.); паводле Ластоўскага, расліну Sedum acre ’расходнік едкі’ “ужываюць з гарэлкай ад болі жывата” (Ласт., 799); параўн. фармальна блізкае балг. пияница ’расліна Lolium temulentum’, у аснове назвы прызнак ’адурманьваючы’, як і ў серб.-харв. пијана трава ’тс’, ням. Schwindelkorn ’тс’ і пад.

П’яні́ца ’сіло’: зрабіў пʼяні́цу і пыставіў на сініц (в.-дзв., Шатал.). Да пяць, пну ’распінаць, напінаць, нацягваць’; параўн. рус. дыял. пень ’вяроўка’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьnь ’вяроўка’, параўн. лат. pīne, matu pīne ’каса (валасоў)’ (Мяркулава, Этим. иссл., 6, 16–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)