БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.

Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс. км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 3, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,

заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),

асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола суда манара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).

т. 8, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКІЯ СТАТУ́ТЫ (лац. Statuta Curlandica),

збор законаў Курляндскага герцагства, складзены ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Мелі 9 раздзелаў (1-ы і 2-і аб суд. ладзе, 3-і — 8-ы аб прывілеях дваран, 9-ы аб крымін. праве). К.с. абмяжоўвалі на карысць дваран (пераважна немцаў па паходжанні) уладу герцага (мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай), узаконьвалі прыгонную залежнасць сялян. Пасля далучэння да Расіі і ліквідацыі Курляндскага герцагства (1795) статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,

заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКАЦЫ́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ (Komisja Edukacji Narodowej),

установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.​Я.​Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.​Калонтай, І.​Патоцкі, Г.​Пірамовіч, Я.​Снядэцкі, І.​Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЫ́З (франц. accise ад лац. accidere абразаць),

від ускоснага падатку на тавары і паслугі ўнутр. вытв-сці. Аб’ектам такога абкладання, як правіла, з’яўляюцца тавары масавага ці абмежаванага выкарыстання, прадметы раскошы, а таксама пашыраныя камунальныя, трансп., культ. і інш. паслугі. Некаторыя краіны ў пратэкцыянісцкіх мэтах абкладаюць акцызам і імпартныя тавары (звыш мытных пошлін). Акцыз уключаецца ў цану тавару і ў тарыф за паслугі і фактычна перакладваецца на спажыўца. З’яўляецца важнай крыніцай даходаў дзярж. бюджэту. У 1904 у Расіі акцыз (разам з віннай манаполіяй) даваў амаль 50% бюджэтных даходаў. У б. СССР у 1930—31 быў адменены. У Рэспубліцы Беларусь уведзены законам «Аб акцызах» ад 19.12.1991, які вызначае тавары і паслугі, што абкладаюцца акцызам. Плацельшчыкамі акцызу з’яўляюцца юрыд. і фіз. асобы, якія ажыццяўляюць вытв. і камерцыйную дзейнасць, аказваюць паслугі.

т. 1, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)