адступі́цца, -туплю́ся, -ту́пішся, -ту́піцца; зак., ад каго-чаго (разм.).

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго-, чаго-н.; адступіць.

А. некалькі крокаў ад брамы.

2. Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло.

Адступіўся ад акна.

3. перан. Адмовіцца ад чаго-н., перастаць адстойваць што-н.

А. ад сваіх намераў.

4. перан. Перастаць мець зносіны з кім-н., адвярнуцца ад каго-н.; адкаснуцца, адчапіцца.

Усе адступіліся ад яго.

Адступіся ты ўжо!

5. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад.

Не а. ад праўды ні на крок.

|| незак. адступа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

само́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў адзіноцтве, жыве адасоблена ад іншых; адзінокі. На самотным, запушчаным хутары.. жыла з старым бацькам дзяўчына. Брыль. Цётка Еўка падобна на сваю хату — такая ж згорбленая і самотная. Сіпакоў. // Які адчувае сябе чужым сярод людзей, далёкім ад іх. [Цімох:] — А з добрымі людзьмі ніколі сумаваць не будзеш, ніколі самотнай сябе не адчуеш. Дубоўка. / у перан. ужыв. Самотным дрэвам сняцца май і радасць, А мне — маё забытае святло. Караткевіч. Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся. Бывай, смуглявая, каханая, бывай. Стаю на ростанях былых, а з паднябесся Самотным жаўранкам звініць і плача май. Куляшоў.

2. Сумны, журботны. Калі.. [Яўхім] убачыў Ганну, маўклівую, самотную, вінаватасць лягла на душу. Мележ. // Прасякнуты самотай, тугой. [Арсень Андрэевіч] стараўся адкаснуцца ад самотных думак, але не мог. Марціновіч. Я не хачу шукаць прычыны Самотнай ростані навек. Прыходзька. // Які выражае самоту. Самотныя вочы, як промні, Душу працінаюць да болю. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак.

1. Ступіўшы адзін або некалькі крокаў назад, убок, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н.; адступіць. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы. Гартны. Бачу, што чалавек.. зусім не жадае са мною гаварыць. І я адступіўся ад дзвярэй. Кавалёў. // Саступіўшы ўбок, перастаць засланяць дарогу, святло каму‑, чаму‑н. Бяссонаў адступіўся, прапусціў машыну паўз сябе. Мележ.

2. перан. Аказацца на далейшай адлегласці ад чаго‑н. Ясеняў і цяпер многа па дварах, хоць вёска даўно ўжо адступілася ад лесу. Арочка.

3. перан. Адмовіцца ад чаго‑н.; перастаць дамагацца чаго‑н. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантакт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Колас. // Адкаснуцца, адчапіцца. [Ганна:] — Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла. Мележ. Я думаў, стражнікі пабаяцца нас дваіх і адступяцца. Не будуць жа яны страляць у нас! Якімовіч.

4. Парваць адносіны, сувязь з кім‑н.; пакінуць каго‑н. па волю лёсу; адвярнуцца ад каго‑н. [Вялічка:] — Максім, калі будзе што са мною — не адступіся ад майго Уладзі, як бы я табе прыпаручыў яго. Чорны.

5. Перастаць прытрымлівацца (абяцанняў, поглядаў, перакананняў і пад.), адрачыся ад чаго‑н. Адступіцца ад прысягі. □ Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. // Пайсці на прымірэнне, згоду. Ганна чула душою адно: адумаўся, адступіцца рашыў [Васіль]. Мележ.

6. перан. Адысці, аддаліцца ад першакрыніцы, ісціны і пад. [Сакратар:] — Ты ж глядзі, каб ні на крок не адступіўся ад тэксту. Сабаленка. [Завуч:] — І калі.. [карэспандэнт] не напіша пра твае ўцёкі, то адступіцца ад праўды. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)