«АРХІТЭ́КТУРА БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. Уключае больш за 1200 артыкулаў пра помнікі стараж. і сучаснага дойлідства, мемарыяльныя збудаванні, адметныя дасягненні горадабудаўнічага мастацтва, архітэктуру жылых і грамадскіх будынкаў, прамысл. і сельскую, палацавую і сядзібна-паркавую, замкавае і абарончае буд-ва, культавае дойлідства, населеныя пункты Беларусі; біягр. артыкулы; слоўнік арх. тэрмінаў. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, чарцяжамі, малюнкамі, картамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Архітэктура Беларусі». Вокладка.

т. 1, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮНЕ́Т (ваен.),

палявое або доўгатэрміновае абарончае збудаванне (умацаванне), адкрытае з тылу. Складаўся з 1—2 франтальных валоў (фасаў) з ровам наперадзе і бакавых валоў для прыкрыцця флангаў. Будаваўся ў 17 — пач. 20 ст. на важных участках абарончых пазіцый. Памеры і форма Л. вызначаліся ў залежнасці ад умоў абстрэлу мясцовасці, напрамку агню сваіх войск і праціўніка, а таксама ад памеру гарнізона, які там размяшчаўся (1—4 роты). Тыл Л. прыкрываўся засекай або рэзервам.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ (англ. Hadrian’s Wall),

стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

умацава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. умацаваць і умацавацца.

2. Абарончае збудаванне; месца, дзе ўзведзены такія збудаванні. На світанні, пакінуўшы траншэі на ўзлеску, пяхота ўслед за танкамі рванулася цераз поле на варожыя ўмацаванні. «Звязда». Частка пасада, якая была побач з дзядзінцам, .. акружалася другой лініяй умацаванняў і называлася акольным горадам, або астрогам. Штыхаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Засе́ка ’мацаванне з дрэў’. Рус. за́се́ка, укр. засі́ка, польск. zasieka, zasiek ’тс’, чэш. zaseka, zásek, славац. zásek ’тс’, славен. zasẹ̑ka ’засека’, ’зарубка на дрэве’, серб.-харв. за̏сека, за̑сека ’засека’, балг. засѐка ’тс’, макед. засека ’месца са ссечанымі дрэвамі ў лесе; нагрувашчання дрэвы для перашкоды’. Ст.-рус. засѣкаабарончае збудаванне з дрэў’ (XVI ст.). Прасл. zasěka бязафіксны назоўнік ад zasěkati, утворанага на базе sek‑ti, гл. сячы, што атрымаў спецыялізаванае значэнне (Шанскі, 2, З, 61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

казема́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Абарончае збудаванне ў крэпасцях, фортах, батарэях для ўкрыцця ад бомб і снарадаў, захоўвання боепрыпасаў і пад. Земляныя валы,.. вялікія скляпенні казематаў да гэтага часу захоўваюць на сабе адбіткі былых баёў. «Беларусь».

2. Браніраванае памяшканне на караблях для ўстаноўкі гармат сярэдняга калібру.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — адзіночная камера ў крэпасці для трымання палітычных зняволеных. Казематы Петрапаўлаўскай крэпасці. □ Унізе, у казематах, сядзелі бясстрашныя барацьбіты-вязні, а наверсе ў прасторным пакоі былі каты. Няхай.

[Фр. casemate ад іт. casamatta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казема́т

(фр. casemste)

1) абарончае збудаванне ў крэпасцях, фортах для ўкрыцця ад бомбаў і снарадаў;

2) браніраванае закрытае памяшканне на караблях для ўстаноўкі гармат і захавання боепрыпасаў;

3) адзіночная камера ў крэпасці для палітычных зняволеных.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.

Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст. гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст. Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст. Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.

А.​А.​Ярашэвіч, В.​В.​Церашчатава.

Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ВА-ПЯЧО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,

мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.​Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.

Літ.:

Древний Псков: История, искусство, археология;

Новые исслед. М., 1988;

Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;

Псков, 1994.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.
Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)