ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ АКТ,

дзеянне або заява органаў знешніх зносін і службовых асоб суб’ектаў міжнар. права, якія цягнуць за сабой міжнар.-паліт. або прававыя вынікі. Міжнар. практыка выпрацавала разнастайныя Д.а. (устанаўленне дыпламат. адносін, уручэнне даверчых грамат, заявы з выкладаннем пазіцыі і да т.п.). Іх выкарыстанне вызначаецца міжнар. звычаямі і пагадненнямі, пратакольнымі правіламі і нормамі ўнутрыдзярж. права па пытаннях дыпламат. службы. Пад Д.а. разумеюцца таксама пісьмовыя дыпламат. дакументы (дагавор міжнародны, нота, мемарандум і інш.).

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.​Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАВЕ́ЛЬ,

археалагічная стаянка сожскай культуры позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) каля в. Журавель Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож. Выяўлены больш за 6 тыс. адзінак інвентару, у т. л. 290 прылад працы, агнішча і майстэрня па апрацоўцы крэменю. На ПдЗ ад стаянкі курганны могільнік (1977, 43 насыпы).

Літ.:

Копытин В.Ф. Поздний мезолит Посожья // Изыскания по мезолиту и неолиту СССР. М., 1983.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНО́К (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 19.10.1949, г. Клецк Мінскай вобл.),

бел, хімік-арганік. Д-р хім. н. (1990), праф (1991). Скончыў БДУ (1972), дзе і працаваў. З 1991 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі гетэрацыклічных злучэнняў. Распрацаваў метад сінтэзу кісларод- і азотзмяшчальных гетэрацыклаў на аснове рэакцый унутрымалекулярнай цыклізацыі функцыянальна замешчаных ненасычаных і эпоксікетонаў, сінтэзаваў больш за тысячу новых гетэрацыклічных злучэнняў, многія з якіх біялагічна актыўныя (лек. прэпараты).

т. 7, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЛЁНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні школьнікаў-юннатаў (атрады), якія ствараюцца з мэтай аховы зялёных насаджэнняў, выхавання беражлівых адносін да прыроды, прапаганды ведаў і ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў па зялёным будаўніцтве; адна з форм дзіцячага руху за ахову прыроды. На Беларусі дзейнічаюць з 1961 на базе школ. Першы «З.п.» на базе школьнага лясніцтва створаны ў 1967 пры Караваціцкай сярэдняй школе Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Дзейнічае каля 200 школьных лясніцтваў і атрадаў «З.п.» (1997).

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,

строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.

т. 8, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАПАНАРА́МА,

сістэма кінематографа, дзе для здымкі і дэманстрацыі фільмаў выкарыстоўваюцца 3 звычайныя кінаплёнкі шырынёй 35 мм, 9-канальная фанаграма (у ЗША 7-канальная), запісваецца на асобную магн. стужку. Здымка праводзіцца спец. кіназдымачным апаратам, які мае 3 аб’ектывы і 3 стужкапрацяжныя механізмы і на кожнай з плёнак атрымліваюць 1/3 (па шырыні) усяго відарыса. Узнаўленне на ўвагнутым цыліндрычным кінаэкране адбываецца з дапамогай 3 кінапраекцыйных апаратаў. Гучнагаварыцелі размяшчаюцца за экранам.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРВІМЕ́ТР (ад лац. curvus крывы + ...метр),

прылада для вымярэння даўжыні адрэзкаў крывых і звілістых ліній на тапагр. планах, картах і графіках. Для вымярэння даўжыні лініі кольца К. пракочваюць па пэўнай лініі і адлегласць за 1 абарот адпавядае даўжыні шкалы ў 100 см. Пагрэшнасць Хібнасць вымярэнняў ад 0,5% і менш. Вырабляюць К. з кругавымі і прамалінейнымі шкаламі, з нерухомым цыферблатам і рухомай стрэлкай або індэксам, з рухомым цыферблатам і нерухомым індэксам.

Курвіметр.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.9.1936, в. Заронава Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1987), праф. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1988 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні племянных і прадукцыйных якасцей буйн. раг. жывёлы, коней, авечак, метадах выкарыстання імунагенет. фактараў у племянной жывёлагадоўлі і кантролі за ўстойлівасцю да захворванняў.

Тв.:

Приусадебное разведение овец и коз. Мн., 1992.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́Ц,

пасёлак ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Да 1969 наз. Раманаўскія Хутары. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Брэста, 3 км ад чыг. ст. Каменная. 1705 ж., 555 двароў (1999). Міжгаспрадпрыемства па вытв-сці насення траў. Сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік С.Я.Багданчуку.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)