БУЗО́НІ ((Busoni) Феруча Бенвенута) (1.4.1866, г. Эмпалі, Італія — 27.7.1924),
італьянскі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог, музыказнавец. Чл. Балонскай філарманічнай акадэміі (1881), доктар Цюрыхскага ун-та (1919), праф. Берлінскай акадэміі мастацтваў (з 1920). Адзін з тэарэтыкаў неакласіцызму. Тонкі інтэрпрэтатар музыкі І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Ліста. Канцэртаваў у многіх краінах. Вядомыя яго транскрыпцыі для фп. твораў Баха, Ліста, В.А.Моцарта і інш. Выступаў як дырыжор («Бузоніеўскія аркестравыя вечары», Берлін, 1902—09). Сярод муз. твораў: 4 оперы, у т. л. «Турандот» (1917), санаты і п’есы для аркестра, канцэрты для фп. і інш. інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні і інш. Прэмія па кампазіцыі на 1-м Міжнар. конкурсе піяністаў імя А.Рубінштэйна (Пецярбург, 1890). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё піяністычнага мастацтва. Сярод яго вучняў А.Гнесіна. З 1949 у г. Бальцана (Італія) штогод праводзіцца Міжнар. конкурс піяністаў імя Бузоні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.
Засн. ў 1968, адкрыты ў 1970 у г.п. Бягомль Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Мае 8 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 474 м²), 13,1 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Бягомльшчыны, Вял.Айч. вайны, пасляваен. аднаўлення гаспадаркі, этнаграфічны. Экспануюцца каменныя сякеры, інш. прылады працы, касцяны гарпун, метал. ўпрыгожанні, знойдзеныя на тэр. раёна, матэрыялы аб падзеях рэвалюцый 1905—07 і 1917, грамадз. вайны. Асн. месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, у якой матэрыялы пра пачатак вайны, пра падполле і партыз. рух, Барысаўска-Бягомльскую партыз. зону, дыярамы, прысвечаныя партыз. пераправе цераз Бярэзіну і партыз. шпіталю, пра вызваленне Бягомля і раёна воінамі 277-й стралк. дывізіі, землякоў Герояў Сав. Саюза Ф.І.Перхаровіча, А.І.Чарныша, А.Г.Юхнаўца. У этнагр. аддзеле стараж. кросны, саха, барана, узоры старадаўняга адзення, вырабы прыкладнога мастацтва. Сярод экспанатаў творы жывапісу, скульптуры, матэрыялы пра бел. пісьменнікаў П.Панчанку, Ю.Свірку, А.Ставера, кампазітара Н.Сакалоўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЭ́ЙКАВА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл., на р. Ула. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы, 72 км ад Віцебска, 21 км ад чыг. ст. Чашнікі, на скрыжаванні шашэйных дарог Віцебск—Лепель і Чашнікі—Ула. 1160 ж., 423 двары (1995). Цагельня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік садова-паркавага мастацтва 18 ст. — Бачэйкаўскі парк.
Упершыню згадваецца ў 1460. У розны час належала магнатам Падбярэзскім, Цеханавецкім і інш. У 1626 складалася з феад. маёнтка (двара), мястэчка і воласці (5 вёсак). На 1886 у Бачэйкаве 250 ж., 29 двароў, бальніца, школа, вінакурны і піваварны з-ды, ветраны млын, гандлёвыя рады, рынак, 3 кірмашы ў год; паводле перапісу 1897 — 722 ж. У 1923—24 цэнтр Бачэйкаўскага павета. З 1924 цэнтр сельсавета Бешанковіцкага р-на. У Вял. Айч вайну ў Бачэйкаве адбыліся Бачэйкаўскія баі 1943 паміж партызанамі і гарнізонам гітлераўцаў. У 1970 — 918 ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл.мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́Н (Athōs),
Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус.св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Літ.:
Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.
Да арт.Афон. Комплекс манастыроў.Да арт.Афон. Абраз з манастыра Заграфа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ МАЖЭ́ЙКАВА,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на аўтадарозе Жалудок-Васілішкі. Цэнтр Мажэйкаўскага с/с і саўгаса. За 25 км на ПнУ ад г. Шчучын, 93 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 812 ж., 340 двароў (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як дварэц (фальварак) у складзе велікакняжацкай Жалудоцкай вол. Трокскага ваяв. У 16 — пач. 20 ст. належала Палубенскім, Скуміным-Тышкевічам, Нарушэвічам, Хадкевічам, Грабоўскім і інш. З 1795 у Рас. імперыі. Да 1886 цэнтр воласці, каталіцкая капліца, бровар, піцейны дом. У 1885 мела 67 рэвізскіх душ. З 1921 у Польшчы, у Шчучынскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай вобл. З 1962 у Шчучынскім р-не, з 1966 цэнтр сельсавета. У 1970 — 1008 жыхароў.
Шчучынскі з-д сельгасінвентару. Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік сядзібна-паркавага мастацтва — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.) з паркам (1787).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁМКІНА (Вольга Васілеўна) (н. 30.4.1953, в. Забаенне Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Рэсп. школу-інтэрнат па музыцы і выяўл. мастацтве (1971), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). Працуе на Мінскім вытв.-маст. камбінаце (з 1979). У тэхніцы габелену стварае творы на тэмы бел. мінуўшчыны («Рэха», 1977, «Песня з мінулых стагоддзяў», 1978, «Ветразь міру», 1986, «На строме часу», 1986, «Малітва», 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу», абедзве 1989, «Узыходжанне», 1990, «Зорка Палын», 1991, «Таямніца святла», 1995), космасу і сусвету («Пакланенне зоркам», 1992, «Песня вятроў», 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990-я г.) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму бел. арнаменту. Стварыла сцэн. касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Батык, Габелен.
Літ.:
Фатыхава Г. Зорка Палын // ЛіМ. 1996. 26 крас.;
Яе ж. Музыка габелена // Беларусь. 1996. № 10.
Г.А.Фатыхава.
В.Дзёмкіна. Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫНЕ́ЎСКІ (Міхаіл Паўлавіч) (н. 12.2.1942, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас Г.Зелянковай). З 1968 хормайстар, з 1975 маст. кіраўнік — гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. З 1968 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Для яго творчасці характэрны глыбокае веданне бел.муз. фальклору, аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акад. і нар. спявання. Асаблівай інтанацыйнай тонкасцю вылучаюцца падрыхтаваныя ім канцэртныя праграмы хар. музыкі, маляўнічыя і шматадценкавыя этнагр. праграмы, творы духоўнай музыкі. Аўтар шматлікіх запісаў нар. мелодый і шэрагу іх апрацовак для нар. хору («Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі», «Чырвоная каліначка» і інш.). Зрабіў значны ўклад у развіццё самадз.хар.мастацтва Беларусі, шмат працаваў з самадз.хар. калектывамі акад. плана. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭ́ЙЗІН (Юльян Мікалаевіч) (22.6.1879, г. Днепрапятроўск, Украіна — 28.3.1942),
бел. музыказнавец, публіцыст, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1908). У 1925—35 выкладчык Бел.муз. тэхнікума і Бел. кансерваторыі, БДУ, АНБССР, з 1935 Маскоўскага ун-та. Вёў муз.-асв. дзейнасць. Аўтар шматлікіх артыкулаў па актуальных пытаннях бел.муз.мастацтва. Складальнік слоўніка «Музычныя тэрміны» (серыя «Беларуская навуковая тэрміналогія», 1926). Пераклаў з арыгінала на бел. мову лібрэта опер «Кармэн» Ж.Бізэ, «Фауст» Ш.Гуно, «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Русалка» А.Даргамыжскага, «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава і інш.; (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета БССР), творы ант. аўтараў, у т. л. «Антыгону» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда. Аўтар лібрэта оперы «Тарас на Парнасе» М.Аладава.
Тв.:
Новыя плыні ў сучаснай музыцы // Полымя. 1925. № 3;
Музыка ў творах беларускіх паэтаў // Там жа. № 4, 6;
Праблемы нацыянальнай музыкі // Маладняк. 1926. № 11;
Музыкальная жизнь Белоруссии // Сов. музыка. 1934. № 7.
Літ.:
Дубкова Т.А. Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974.