І́рны корань ’Acorus calamus L.’ (Кіс.). Рус. и́рный ко́рень, дыял. ир ’расліна Acorus calamus L.’, ирь ’расліна Acorus verus L.’, укр. дыял. ір ’аер’. У рускай пісьменнасці иръ, ирово корение ’аер’ зафіксавана з XVII ст. Форма ир — скарачэнне ад аир, запазычанне з тур. ágir < грэч. ἄκορος (Мяркулава. Очерки, 55). Гл. аер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Востры, войстры (БРС, Нас., Яруш., КТС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. о́стрый, укр. о́стрий, го́стрий, ст.-рус., ст.-слав. остръ, польск. ostry, чэш., славац. ostrý, балг. о́стър, серб.-харв. о̏шта̑р, о̏штра, о̏штро, славен. óster, ȏstra, óstro, в.-луж. wostry, н.-луж. wótšy. Для прасл. рэканструюецца ostrъ (Махэк₂, 421). Роднаснае літ. aštras, лат. дыял. astrs ’конскі волас’, ст.-інд. áśriḥ ж. р. ’край, вугал, грань, лязо’; aśániḥ ’вастрыё стралы, кідальная зброя’, грэч. ἄκρος ’верхні, крайні’, ἄκρον ’вяршыня, край, канец’, лац. ācer ’востры’, арм. asełn ’ігла’, ст.-ірл. ēr ’высокі’ (*ak̑ros), алб. áthëtë ’кіслы, даўкі’, грэч. ὄκρις ’вастрыё, вяршыня гары’, лац. ocris ’mons confragosus’, ст.-ірл. ochar ’вугал, выступ’ (гл. Траўтман, 15; Праабражэнскі, 1, 666; Майргофер, 1, 61; Фасмер, 3, 167; там і інш. літ.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Леў ’драпежны звер, Felis leo’ (ТСБМ, Яруш., Кл.). Ст.-бел. левъ (XV ст.), укр. лев, рус. лев, ст.-рус. львъ (XI ст.), польск. lew, н.-луж. law, в.-луж. law, палаб. lʼåv, чэш. lev, славац. lev, славен. lèv, серб.-харв. ла̏в, макед. лав, балг. лъв, лъвът, лев, ст.-слав. львь. Прасл. lьvъ выводзіцца звычайна (Міклашыч, 179; Фасмер, 2, 471 і інш.) са ст.-в.-ням. lëwo ’леў’, якое з лац. leō, ст.-грэч. λέων. Ошцір (Зб. Развадоўскаму, 1, 295–313) ст.-грэч. крыніцу падае ў выглядзе λι̑ς (якое з *λíϜι‑ς), што з’яўляецца запазычаннем са ст.-сяміцк. lajiš ’леў’. Хутчэй за ўсё леў (львъ) прыйшло кніжным шляхам (пры вусным запазычанні было б лёў). Іншыя этымалагічныя версіі гл. таксама Слаўскі, 4, 182–184.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινος ’пурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гляк ’гаршчок з вузкім горлам’ (БРС, Шат., Касп.), глёк ’тс’ (Бяльк., Нас., Байк. і Некр.). Укр. глек, рус. гляк, глек, глёк, гилёк, ст.-рус. гълъкъ, голкъ, голькъ. Вельмі няяснае слова. Раней рэканструявалі прасл. формы тыпу *glьtъ і звязвалі гэта слова з прасл. glьjь ’глей’ (гл.). Так Бернекер, 1, 310; Трубачоў, Ремесл. терм., 217–218. Але Фасмер (1, 412) указвае на тое, што формы гэтага слова перашкаджаюць параўнанню з глей. Таму некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта слова, магчыма, не спаконвечнае ў славян, і шукаюць крыніцу запазычання. Так, Гаўлава (гл. Этимология, 1966, 96 і наст.) думае, што ў даным выпадку да славян прыйшло культурнае слова з Міжземнамор’я. Параўн. грэч. лексемы, якія, як мяркуюць, маглі быць запазычаны ў слав. мовы: грэч. γαυλός ’збан’, γυλλάς ’від чашы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кос ’чорны дрозд’ (Маш.). Укр. кіс ’тс’, рус. кос ’шпак’, балг. кос ’чорны дрозд’, серб.-харв. ко̑с, славен. ks ’тс’, польск. kos, чэш. kos, славац. kos, в.-луж. kos, н.-луж. kos ’тс’. Да прасл. kosъ, калі прыняць думку аб генетычнай сувязі з kosъ ’косы’ (Ваян, RÉS, 35, 94–95). Этымалогія гэта цалкам адвольная. Таксама цяжка адказаць на пытанне, ці звязана генетычна *kosъ з літ. šėše ’тс’ (Брукнер, 259) (параўн. прасл. kosa і ст.-інд. śsati ’рэжа’). Але найбольш верагодным здаецца вывядзенне славянскіх паралелей з прасл. kopsъ (Мейе, MSL, 18, 171–172), якое, аднак, мы лічым палеабалканізмам у праславянскай мове: ст.-грэч. κόψιχος κόσσυφος ’чорны дрозд’. Кноблах (Glotta, 57, 1—2, 76–77) звязвае абедзве назвы са ст.-грэч. κόπτω ’капаць’ і прасл. kopati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́шка ’дошка’ (БРС). Укр. до́шка, рус. доска́, польск. deska, чэш. deska, балг. дъска́, серб.-харв. да̀ска, ст.-слав. дъска. Прасл. *dъska. Славянскае запазычанне з герм. моў. Параўн. ст.-англ. disc ’стол, блюда’, ст.-в.-ням. tise (ням. Tisch ’стол’). Герм. формы запазычаны з лац. discus ’міска’ < грэч. δίσκος. Іншыя тлумачэнні вельмі няпэўныя, як і няпэўным з’яўляецца вывядзенне слав. слова непасрэдна з лац. або грэч. крыніцы. Гл. Фасмер, 1, 532; Трубачоў, Эт. сл., 5, 184–185; Мартынаў, Лекс. взаим., 61 і наст. Не вельмі зразумелыя бел. і ўкр. формы (адкуль ‑ш‑ замест ‑с‑?). Прасл. характар мае і вытворнае дашча́ны. Параўн. укр. доща́ний, рус. дощано́й, чэш. deščený (дыял.), балг. дъ́счен, серб.-харв. да̏шчан і г. д. Прасл. *dъščanъ(jь). Падрабязны агляд форм у Трубачова, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́рыка ’адзін з родаў мастацкай літаратуры’, ’сукупнасць лірычных твораў’, ’чуллівасць, перажыванні, настрой’ (ТСБМ). Як і польск. liryka (XIX ст.), паходзіць з франц. (poésie) lyrique, ням. Lyrik ’лірыка’ < лац. lyrica ’ода, лірычная песня’ < ст.-грэч. λυρικός ’лірычны паэт’ < λύρα ’ліра, сяміструнны інструмент’. Крукоўскі (Уплыў, 85) мяркуе, што бел. лірыка паходзіць з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)