тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́КТУСЫ,
кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.
Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.
Літ.:
Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюцца пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім, Жлобінскім р-нах Гомельскай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст.Даўж. 310—400 см, шыр. 26—30 см.
Ткуць у 2—4 ніты. Кампазіцыі 2 відаў: папярочныя вузкія палосы аднолькавай шырыні запаўняюць усё поле ручніка або шырокія папярочныя шчыльна запоўненыя ўзорыстыя палосы па канцах ручніка паступова пераходзяць у вузейшыя да сярэдзіны і раствараюцца ў яго асн. фоне. Пераважае старадаўні геам. арнамент у выглядзе ромбаў, квадратаў, трохвугольнікаў, крыжыкаў і інш. Характэрна выразнае рытмічнае чаргаванне ўзорыстых каляровых і белых палос. Каляровая гама стрыманая чырвона-белая, радзей чырвона-бела-чорная. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак. Акрамя ўзорыстага ткацтва аздабляюць вязанымі кручком карункамі, вышыўкай, паскамі, махрамі. У дэкоры шмат агульнага з калінкавіцкім строем.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Калінкавіцкія ручнікі. Ручнік з в. Убалаць Калінкавіцкага р-на. 1930-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ (Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты. Лісце простае, чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАКАРЫСТА́ННЕ,
комплекснае выкарыстанне лясных рэсурсаў для задавальнення патрэб насельніцтва і нар. гаспадаркі; адзін з відаўпрыродакарыстання. Парадак, формы і ўмовы Л. ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца лясным заканадаўствам. Яно павінна адпавядаць патрабаванням аховы лясоў і комплекснага выкарыстання багаццяў лесу.
На тэр.дзярж. ляснога фонду могуць ажыццяўляцца асн. (нарыхтоўка драўніны, жывіцы) і другарадных лясных матэрыялаў (пнёў, лубу, кары і інш.), пабочнае Л. (сенакашэнне, выпас жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка соку, збор пладоў, арэхаў, грыбоў, ягад, лек. раслін, тэхн. сыравіны, насення дрэў і кустоў, моху, ляснога подсцілу). Нарыхтоўка драўніны праводзіцца пры высечках гал. карыстання (у спелых дрэвастоях) і прамежкавага (высечкі пры доглядзе лесу і санітарныя, звязаныя з рэканструкцыяй малакаштоўных лясных насаджэнняў і інш.). Забараняюцца ці абмяжоўваюцца некаторыя віды Л. вакол гарадоў і запаведнікаў у інтарэсах пажарнай бяспекі, вядзення арэхапрамысловай, лесапладовай, лесанасеннай або запаведнай гаспадарак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЗІНГ (ад англ. lease арэнда, маёмасны наём),
здача ў арэнду розных відаўтэхн. сродкаў, абсталявання, будынкаў пераважна на сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы перыяды. Ажыццяўляецца як трохбаковая здзелка: лізінгавая фірма (арэндадаўца) набывае ў вытворцы (уладальніка) маёмасць па выбары кліента (арандатар), якую перадае яму ў распараджэнне; афармляецца лізінгавым пагадненнем (кантрактам). У перыяд дзеяння пагаднення юрыд. права ўласнасці на маёмасць належыць лізінгавай фірме (арэндадаўцу), а права на карыстанне — арандатару. Пасля заканчэння тэрміну лізінгавага кантракта арандатар можа: вярнуць аб’ект арэнды арэндадаўцу, заключыць новы дагавор на арэнду гэтай маёмасці, выкупіць аб’ект Л. па астаткавай вартасці. Выкарыстанне Л. дазваляе кліенту карыстацца маёмасцю без аднаразовага буйнога ўкладання сродкаў на іх набыццё, забяспечыць 100%-нае фінансаванне здзелкі, узгадніць зручны для арэндадаўцы парадак унясення арэндных плацяжоў, зменшыць частку абкладаемага падаткам прыбытку на суму арэндных плацяжоў, пры міжнар. лізінгавых аперацыях карыстацца падатковымі льготамі краіны-арэндадаўцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́БІН (Lupinus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.
Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),
атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫЦЭ́ПС (Multiceps),
род стужачных чарвей. Больш за 20 відаў. Пашыраны ўсюды. Дарослыя чэрві паразітуюць у тонкіх кішках драпежных млекакормячых, пераважна сабачых і кашэчых, выклікаючы тэніідозы; лічынкі (цэнуры) — у мозгу, унутр. поласцях і органах, пад скурай і інш. у капытных, грызуноў, зайцападобных, прыматаў (зрэдку чалавека) і інш., выклікаюць цэнурозы. На Беларусі найб. пашыраны М. звычайны, або мазгавік авечы (M. multiceps), трапляецца М. серыйны (M. serialis).
Даўж. да 1 м. Цела мае да 250 членікаў, галоўку (сколекс) з прысоскамі і крукамі. Гермафрадыты. Спелыя членікі з яйцамі выдаляюцца з калам канчатковых гаспадароў. Яйцы з ежай трапляюць у кішэчнік прамежкавага гаспадара, з іх выходзяць зародкі (анкасферы), разносяцца з крывёю па арганізме і ператвараюцца ў цэнурусы — пузыры з вадкасцю і зародкавымі сколексамі (да некалькіх соцень у кожным). Трапляючы ў кішэчнік драпежніка, сколексы вырастаюць у дарослых паразітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),
надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс.відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.