1. Уласцівасць і стан свежага. Свежасць кветак. Свежасць бялізны. Свежасць думак. □ Пахне свежасцю лясной, Борам, соснамі, смалой.Дзеружынскі.
2. Чыстае, халаднаватае паветра; прахалода. Даносіў вецер з Волгі свежасць.Свірка.// Адчуванне прахалоды, чыстаты. — А-аах, такая свежасць па ўсяму целу [пасля купання]... Як бы на свет нанава нарадзіўся... — задаволена сказаў Вадзім.Ставер.
3. Свежы, здаровы выгляд. [Трахім] да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць, і дзеля гэтага твар яго не вызначаецца асаблівай свежасцю і прыгажосцю.Крапіва.Свежасць шчок, якая была ў яе [Галіны], можна было сустрэць толькі ў малых дзяцей.Васілевіч.
4. Адчуванне бадзёрасці, жыццярадаснасці. Свежасць і маладосць прабівалася ў кожным яе [Анэткі] руху, у кожным слове, у смеху і ў іскрыстым бляску чорных вачэй.Колас.
5. Непасрэднасць, шчырасць, чысціня пачуццяў, успрыманняў і пад. Нічога я ад гэтага не страціў: Ні шчырасці, ні свежасці сваёй.Танк.
•••
Не першай свежасці — а) нясвежы (аб прадуктах харчавання). Мяса не першай свежасці; б) бруднаваты, не вельмі чысты. Кашуля на мне была не першай свежасці.Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увішны́, ‑ая, ‑ое.
1. Жвавы, спрытны ў рухах, у дзеянні. Увішны ў рабоце. □ Мая гаспадыня была ўвішная, рухавая кабета, нягледзячы на свае пяць дзесяткаў год.М. Стральцоў.Ішла [Ліда] чамусьці занадта павольна, хоць звычайна была вельмі порсткая, увішная.Кулакоўскі.У новай Тэклінай хаце ўвішныя жанчыны ўжо расстаўлялі на сталах пачастункі.Краўчанка./ Пра жывёл, птушак. Зрэдку папісквалі, пырхаючы з галінкі на галінку, увішныя каралькі.Паслядовіч.// Уласцівы такому чалавеку; спрытны. [Хлопец] так быў заняты працай, што, здавалася, нічога не заўважаў вакол — рухі разлічаныя, дакладныя, увішныя.Ваданосаў.Увішная постаць .. [Анатоля] мільганула ў праёме дзвярэй.Хадкевіч.Аксеня аж здзівілася: «Хутка робіш, хутка... Рукі твае ўвішныя...»Пестрак.// Хуткі, спорны. Пайшла работа — ціхая, увішная, без адзінага слова. Шухаюць рыдлёўкі, скрыгочуць каменнем.Ракітны.Увішная хада адбірала сілы. Пад цяжарам гнулася галава, і Тышкевіч амаль не бачыў, куды ідзе.Асіпенка.// Паваротлівы, вёрткі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі.Мележ.
2.перан. Вынаходлівы, хітры. Хусейн праявіў сябе хітрым, выкрутлівым і ўвішным палітыкам.В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Чорны, цёмны колер чаго‑н. Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне.Бядуля.Выгінастая рэчка яшчэ цякла звінючай чарнатой у аснежаных берагах.Чорны.// Змрок, цемра. Мы зноў доўга маўчым і зноў, ужо ў глухой чарнаце ночы, Васіліса працягвае свае думкі ўслых.Васілевіч.Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё.Мележ.//Разм. Бруд, гразь на чым‑н. Мужчынскіх чаравікаў на яе нагах і чарнаты, што неадмыўна ўелася ў маршчынкі і поры на матчыных руках за чатыры апошнія месяцы,.. [дзяцюк] не бачыў...Мехаў.
2.перан. Непрыемныя, агідным думкі, пачуцці. Ад успаміну ў душы [Лёні] .. ажыла з новай сілай уся тая горкая, ганебная чарната, ад якой вось і ў родную хату не хочацца...Брыль.// Бязрадаснасць, змрочнасць; цяжкасці, непрыемнасці. Наіўнасць дзіцяці перад грубай чарнатой жыцця была настолькі трагічна, што няможна было стрымацца ад плачу.Нікановіч.— Няхай гасподзь бог адвядзе ад яе [цёткі] усю чарнату, — сказала маці, павярнуўшыся да мяне.Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЛО́ЧНАЯ ПАМЕ́РА,
аграрная рэформа ў ВКЛ у 16—17 ст.; комплекс эканам., сац. і тэхн. мерапрыемстваў па ўдасканаленні сістэмы землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Валочная памера ў 1530-я г. пачала ажыццяўляць у сваіх уладаннях Бона Сфорца (жонка вял. князя Жыгімонта I), потым Жыгімонт II Аўгуст і некат. феадалы ў зах. землях ВКЛ. Мэты і задачы валочнай памеры ў велікакняжацкіх уладаннях найб. поўна сфармуляваны ва «Уставе на валокі» 1557. У дзярж. валасцях усх. Беларусі валочная памера праведзена ў канцы 16 — 1-й пал. 17 ст. У якасці асн. адзінкі абкладання тут была ўведзена служба — надзел ворнай зямлі плошчай у 1 валоку. У ходзе валочныя памеры зведзеныя ў адзіны масіў сял. землі падзелены на валокі (21,36 га), вызначана якасць глебы, ліквідавана цераспалосіца, замацавана трохпольная сістэма; устаноўлена таксама сістэма відаў і нормаў павіннасцей з валокі, частка натуральных павіннасцей заменена на грашовы чынш. Сял. сядзібу найчасцей размяшчалі на сярэднім полі валокі; хаты ў вёсках размяшчалі на адным баку вуліцы, гасп. будынкі — на другім. Адну валоку часта бралі 2 сял. сям’і. Ажыццяўленне валочнай памеры ў значнай ступені уніфікавала эксплуатацыю сялян, што прывяло да ўзмацнення прыгоннага права ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКАЎСКАЯ РАЗЬБА́,
1) аб’ёмна-ажурная пазалочаная разьба, якой у г. Ветка Гомельскай вобл. ў 18—19 ст. аздаблялі ківоты да абразоў. Была высокаразвітым пасадскім ці манастырскім рамяством, працягвала і развівала традыцыі беларускай рэзі. Дэкор уключаў вінаградныя лозы, лісце, гронкі, пазней кветкі і інш. На пач. 20 ст. прыйшла ў заняпад. Калекцыя ўзораў веткаўскай разьбы ёсць у Веткаўскім музеі народнай творчасці.
2) Архітэктурны дэкор, пашыраны ў г. Ветка і навакольных вёсках. Традыцыя ідзе ад перасяленцаў з Цэнтр. Расіі (17—18 ст.). Веткаўская разьба арганічна спалучае бел. і рус. традыцыі нар.арх. дэкору. У 18—19 ст. нескладанай выемчатай разьбой геам. характару аздабляліся пераважна аконныя ліштвы. З сярэдзіны 19 ст. пад уплывам класіцызму дэкор узбагаціўся накладнымі элементамі ў выглядзе ромбаў, прамавугольнікаў, рэечак, такарных дэталей. Верхнія часткі ліштваў набылі форму трохвугольных франтончыкаў з прафіляванымі накладкамі, дэкор карнізаў і вуглоў часам імітаваў элементы мураванай архітэктуры класіцызму. З канца 19 ст. пашырыўся прапілаваны дэкор расліннага характару, якім багата аздаблялі ліштвы, карнізы, ганкі, вароты, а ў наш час і веранды, мансарды, франтоны. Сучасная веткаўская разьба звычайна спалучаецца з паліхромнай расфарбоўкай, вызначаецца павышанай дэкаратыўнасцю, перавагай стылізаваных раслінных матываў, шматпланавасцю кампазіцыі.
Я.М.Сахута.
Фасад дома, аздоблены традыцыйнай веткаўскай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1654—55.
Праводзілася рас. войскам і ўкр. казакамі пад камандаваннем І.Н.Залатарэнкі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пачалася ў жн. 1654 і працягвалася з перапынкамі 11 месяцаў. Горад абаранялі мясц. шляхта, 18 харугваў мяшчан, сяляне Быхаўскага графства, 1000 чал. наёмнай пяхоты, асобнае фарміраванне з 1000 яўрэяў.
У сярэдзіне снеж 1654 войска гетманаў ВКЛ Я.Радзівіла і В.Гасеўскага дэблакіравала Стары Быхаў і заняло яго, адцясніўшы казакоў да Новага Быхава. У маі 1655 войска Залатарэнкі аднавіла аблогу. Паводле загаду Б.Хмяльніцкага Залатарэнка пакінуў каля горада заслон з пяхоты, а казакоў перавёў у цэнтр. Беларусь. Месца казакоў заняла армія кн. А.Н.Трубяцкога (11 палкоў). У пач. жніўня частка войскаў з-пад Старога Быхава была перакінута да Слуцка і на Панямонне, аднак у пач.кастр. сюды вярнуліся казакі і аблога горада аднавілася. 8 кастр. быхаўчане зрабілі вылазку, у выніку якой загінуў Залатарэнка. У гэты час адбылося паўстанне супраць казацкай старшыны, запарожскае войска страціла баяздольнасць і пайшло на Украіну. У канцы 1655 рас. войска вымушана было паступова здымаць аблогу горада. Канчаткова яна спынена ў сувязі з Віленскім перамір’ем 1656.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
група індаеўрапейскіх моў. Адны з найб. архаічных; добра захоўваюць стараж. індаеўрап. моўную аснову. Паводле структуры найб. блізкія да славянскіх моў. Падзяляюцца на ўсходнюю (сучасныя літоўская мова і латышская мова) і заходнюю (мёртвыя мовы — старажытнапруская мова, яцвягаў мова і куршская) групы. Некаторыя даследчыкі дапускаюць існаванне ў мінулым трэцяй — верхнедняпроўскай групы. Адзначалася тэндэнцыя (у пэўнай ступені захоўваецца і цяпер) фарміравання асобнай латгальскай мовы на аснове ўсх.-латышскага дыялекту.
У наш час арэал пашырэння балтыйскіх моў у асн. абмяжоўваецца тэр. Літвы і Латвіі. У мінулым вобласць, дзе жылі балцкія народы і плямёны, была ў некалькі разоў большая, пра што сведчаць шматлікія назвы рэк і азёраў (гідранімія), нас. пунктаў, урочышчаў (тапанімія і мікратапанімія) у тых рэгіёнах, дзе цяпер балты не жывуць; пісьмовыя звесткі і запазычанні з балтыйскіх моў у інш. мовах. Арэал балцкай гідраніміі ахоплівае частку Беларусі, ПнУ Польшчы, Укр. Палессе на У ад Гарыні, частку Расіі (бас. Дзясны, верхняй і сярэдняй Акі, вярхоўі Дняпра і Волгі, Падмаскоўе, паўд. Пскоўшчыну) і інш. Найбольш балтызмаў у бел. мове, менш у польск., рус. і ўкр. мовах, сустракаюцца ў чэшскай, балг., сербскахарвацкай, славенскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),
дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.Астроўскі (прэзідэнт), М.Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.Кушаль (вайсковыя справы), С.Кандыбовіч (фінансы), А.Калубовіч (справы культуры), П.Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.Калядка (лясная гаспадарка), С.Станкевіч (прафес. справы), А.Скурат (школьныя справы), П.Орса (сельская гаспадарка), Н.Абрамава, М.Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,
выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,
адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.
У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska» («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).
Літ.:
Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;
Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат.Мн., 1986;
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.