бе́лый

1. прил., в разн. знач. бе́лы;

бе́лый снег бе́лы снег;

бе́лый хлеб бе́лы хлеб;

бе́лые но́чи бе́лыя но́чы;

бе́лый офице́р бе́лы афіцэ́р;

бе́лый гриб бараві́к;

бе́лая горя́чка бе́лая гара́чка;

бе́лый биле́т бе́лы біле́т;

бе́лый стих бе́лы верш;

2. сущ. бе́лы, -лага м.;

◊

средь бе́ла дня сяро́д бе́лага дня;

ши́то бе́лыми ни́тками шы́та бе́лымі ні́ткамі;

чёрным по бе́лому чо́рным па бе́лым;

ска́зка про бе́лого бычка́ ка́зка пра бе́лага бычка́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

клачо́к Купка лесу сярод поля, лугу; невялікі кавалак зямлі (Слаўг.). Тое ж кузлячок, кузлачок (Бых.), клок (Слаўг.).

□ ур. Клачок (купка лесу) каля в. Улукі Слаўг., в. Кузлавічы (1910) каля в. Красніца Бых.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й «БЯРЭ́СЦЕ».

Заснаваны ў 1972, адкрыты 2.3.1982 на тэр. Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея ў спецыяльна пабудаваным будынку. 14 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 2400 м², больш за 40 тыс. экспанатаў (1995). Знаёміць з паліт., эканам. і культ. развіццём Бярэсця ў 11—14 ст. Аснову экспазіцыі складаюць больш за 30 драўляных жылых і гасп. пабудоў, рэшткі маставых, частаколы і інш. збудаванні, выяўленыя ў выніку археал. раскопак Берасцейскага гарадзішча, якія дзякуючы кансервавальным якасцям магутнага культ. пласта добра захаваліся на выш. да 12 вянкоў. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні, а таксама рэдкія знаходкі — самшытавы грэбень з выразанымі кірылічнымі літарамі, касцяныя мастыхін, пісала, шахматная фігурка і інш.

Экспазіцыя археалагічнага музея «Бярэсце».

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ПА ГІСТО́РЫІ ЛІТАРАТУ́РЫ І АСВЕ́ТЫ Ў ПО́ЛЬШЧЫ»

(«Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce»),

серыйнае гісторыка-літаратурнае і крыніцазнаўчае выданне. Выходзіла ў Кракаве з 1878 да пач. 2-й сусв. вайны. Сярод матэрыялаў (пераважна на польск. мове) дакументы па гісторыі філас. ф-та Кракаўскага ун-та 16 ст., дзе вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, бібліягр. агляд І.​Кажанеўскага дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (т. 11, 1910), крыніцы па гісторыі Беларусі, у т. л. карэспандэнцыі Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Пацаў, Тышкевічаў, падарожныя нататкі М.​Радзівіла Сіроткі «Падарожжа ў Святую зямлю» (т. 15, 1925). Асвятляецца гісторыя культ. сувязяў Беларусі і Літвы з Польшчай, Італіяй, Рускай і інш. дзяржавамі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНЯ́НСКІ (Юрый Андрэевіч) (нарадзіўся 27.11.1906, Баку),

беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.​Мілера (1959), «Тры сястры» А.​Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.​Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.​Козела).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДАРЭ́НКА (Андрэй Васілевіч) (н. 17.7.1955, г. Вільня),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1981, клас Дз.Смольскага). З 1985 выкладчык Гродзенскага муз. вучылішча, з 1992 маст. кіраўнік «Гродзенскай капэлы». Найб. дасягненні ў галіне опернай і духоўнай музыкі. Сярод твораў: опера «Князь Наваградскі» (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), кантата «Аповесць пра разбурэнне Разані Батыем» (1981), араторыя «Думкі рускія» (1985), харавыя канцэрты «Пахвала вялікаму князю Уладзіміру Святаслававічу» (1987), «Вячэрняя малітва» (1993); сімф. паэма «Антыфон» (1980); Музыка для габоя, аргана, струнных і ўдарных інструментаў (1984), сімфонія для струннага арк. (1986), Канцэрт-паэма для скрыпкі, віяланчэлі, фп. і камернага арк. (1988), 3 хары на вершы А.​С.​Пушкіна; Літургія Іаана Златавуста (1995), хары на кананічныя тэксты.

Р.​М.​Аладава.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ (Ісаак Юльевіч) (18.11.1921, Віцебск — 5.3.1991),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1941). Працаваў у жанры партрэта і пейзажа. Творы адметныя сакавітым колерам, пластычнасцю кампазіцыі. Сярод работ: партрэты Ц.​Ц.​Тарасава, Ц.​А.​Каваленкі, В.​Л.​Парахневіча, прафесара І.​Л.​Саснавіка, мастака Г.​Ф.​Шутава, партыз. камандзіра Д.​Ф.​Райцава, даяркі Г.​Е.​Нікалаевай, «Медсястра» (усе 1967—70), старшыні калгаса М.​І.​Каца (1975); «Маладая калгасніца» (1978), урача-псіхіятра В.​А.​Анішчанкі (1981), настаўніцы М.​К.​Ждан (1991); пейзажы «Пасля навальніцы», «Куток Віцебска», «Ралля», «Ля возера», «Восень»; нацюрморты «Астры», «Хлеб» (усе 1991); кампазіцыя «Пэн Ю.» (1988——89) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

І.Бароўскі. Партрэт Героя Сацыялістычнай Працы даяркі Г.​Е.​Нікалаевай. 1970.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎ (Алег Ціханавіч) (н. 15.6.1926, С.-Пецярбург),

бел. кінааператар. Засл. работнік культуры Беларусі (1976). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). У 1956—92 на кінастудыі «Беларусьфільм». Яго творчасці ўласцівы строгі рэаліст. стыль, графічнасць, лірызм. Сярод фільмаў: дакументальныя «Генерал Даватар» (1967), «Балада пра чорную бярозу» (1977); мастацкія «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І.​Пікманам, 1959), «Каханнем трэба даражыць» (1960), «Крыніцы» (1965), «Ствары бой» (1969), «Нечаканае каханне» (1971), «Воўчая зграя» (1975), «Маленькі сяржант» (1976), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Хочаце — кахайце, хочаце — не...» (1987); тэлевізійныя «Парашуты на дрэвах» (1973), «Лёгка быць добрым» (2-серыйны, 1976), «Крыж міласэрнасці» (шматсерыйны, 1989—91), «Раман імператара» (шматсерыйны, 1993) і інш.

т. 2, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБ (сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)