род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал.ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс.г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.
Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш.Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.
Літ.:
Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;
Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,
комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н,
раздзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаецца рух механізмаў і машын з улікам сіл, што ўздзейнічаюць на іх. Асн. задача Д.м. і м. — вызначэнне руху звёнаў па зададзеных сілах і вызначэнне сіл па зададзеным руху звёнаў.
Для вызначэння руху звёнаў складаюць ураўненне руху. Для механізмаў з некалькімі ступенямі свабоды (напр., маніпулятараў) пры галаномных сувязях ураўненні руху складаюць звычайна ў форме дыферэнцыяльных ураўненняў Лагранжа 2-га роду. Для мех. сістэм з адной ступенню свабоды (да іх адносіцца большасць тэхнал. машын) эфектыўны метад прывядзення сіл і мас, які дазваляе звесці задачу аб руху сістэмы звёнаў да эквівалентнай у дынамічных адносінах задачы аб руху аднаго звяна (пункта) прывядзення. Атрыманыя ўраўненні руху звычайна нелінейныя і інтэгруюцца толькі прыбліжана лікавымі метадамі з дапамогай ЭВМ. Сілавы разлік механізмаў мае на мэце вызначэнне рэакцый у кінематычных парах, якія выкарыстоўваюцца для разліку звёнаў на трываласць і падбору падшыпнікаў. Пры гэтым у разлік уводзяцца сілы інерцыі (метад кінетастатыкі). У Д.м. і м. разглядаюцца таксама задачы рэгулявання скорасці пры розных рэжымах руху, памяншэння і дынамічных нагрузак на звёны ўраўнаважваннем мас і сіл, аховы машын ад вібрацый, вызначэння мех.ккдз і інш. Пры рашэнні задач дынамікі важны рацыянальны выбар разліковых дынамічных мадэлей. Сучасная Д.м. і м. аддае ўвагу праблемам узаемадзеяння мех. частак машын з рухавіком і сістэмай кіравання, пабудове сістэм праграмнага кіравання, забеспячэння ўмоў дынамічнай устойлівасці.
Літ.:
Динамика машин и управление машинами: Справ. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ КРУГ,
станок (прыстасаванне) для фармоўкі ганчарных вырабаў, дзеянне якога заснавана на цэнтральным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе верт. восі. Напачатку карысталіся ручным ганчарным кругам, пазней вынайдзены нажны. З паяўленнем ганчарнага круга ганчарства ператварылася ў рамяство з вылучэннем спецыялістаў-ганчароў. Цяпер ганчары карыстаюцца пераважна нажным ганчарным кругам з рухомай воссю на падшыпніках, на прамысл. прадпрыемствах — з электрамех. прыводам. Першыя ганчарныя кругі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, у 2—1-м тыс. да н.э. пашырыліся ў Еўропе, з 1-й пал. 1-гатыс.н.э. — у некат. усх.-слав. плямён, з 9—10 ст. — у Стараж. Русі. На Беларусі вядомыя з 10 ст.Ручны ганчарны круг — драўляны дыск, які насаджваўся на дубовую або жалезную вось, убітую ў зямлю (калоду, плашку, крыжавіну). Пры вярчэнні дыска рукой загладжвалі паверхню зробленай уручную пасудзіны або з камяка гліны выцягвалі полае цела патрэбнай формы. Пазней узнік ручны ганчарны круг з крыжавінай, спіцамі, двума дыскамі. З сярэдзіны 16 ст. бытаваў нажны ганчарны круг, які складаўся з двух злучаных спіцамі дыскаў, насаджаных на нерухомую вось. Ніжні дыск прыводзіўся ў рух нагамі, а на верхнім рукамі фармаваўся выраб. Больш дасканалым стаў нажны ганчарны круг з рухомай воссю, якая ўпіралася ніжнім канцом у падстаўку з гняздом — порпліцу. Нажныя ганчарныя кругі з сярэдзіны 18 ст. выкарыстоўвалі і для вытв-сці фаянсавых вырабаў.
В.М.Ляўко.
Ганчарныя кругі: 1 — ручны з нерухомай воссю; 2 — нажны з нерухомай воссю; 3 — нажны з рухомай воссю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,
галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец.к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫЧА́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні адносна функцыі адной пераменнай, якая ўваходзіць у гэта ўраўненне разам са сваімі вытворнымі да некаторага парадку ўключна. Найбольшы парадак вытворнай наз. парадкам ураўнення.
Калі З.д.ў. запісана ў форме
(, , ′, ..., )
, то кажуць, што гэта ўраўненне n-га парадку ў нармальнай форме. Згодна з тэарэмай існавання і адзінасці ў такога ўраўнення існуе і прычым толькі адно рашэнне з пачатковымі ўмовамі
,
...,
, дзе , , , ..., — адвольны пункт вобласці
у якой (, , ..., ) — функцыя, неперарыўная разам са сваімі вытворнымі , , ..., . Гэта азначае, што пачатковыя ўмовы цалкам вызначаюць усё мінулае і будучае той рэальнай сістэмы, якая апісваецца гэтым ураўненнем. Пры дапамозе З.д.ў. або іх сістэм мадэлююць дэтэрмінаваныя рэальныя сістэмы (працэсы). Пры гэтым стан сістэмы ў кожны момант часу павінен апісвацца канечным мноствам параметраў , ..., . Тады, каб запісаць такаю мадэль, дастаткова ў мностве станаў сістэмы, якую мадэлююць, задаць скорасці пераходу ад аднаго стану сістэмы да яе наступнага стану.
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Петровский И.Г. Лекции по теории обыкновенных дифференциальных уравнений. 7 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШНО́ВЫЯ ЗО́РКІ,
зоркі, якія характарызуюцца гіганцкімі ўспышкамі — скачкападобным павелічэннем бляску ў сотні мільёнаў разоў; крыніцы касм. прамянёў.
Успышкі зорак назіраліся з глыбокай старажытнасці. Вывучэнне іх пачата Ц.Браге, які апісаў успышку зоркі ў сузор’і Касіяпеі ў 1572. Зараз фатаграфічна зарэгістравана больш за 300 успышак З.з. у інш. галактыках. З.з. ўспыхваюць у розных галактыках прыблізна 1 раз у 360 гадоў. Пры ўспышцы З.з. яркасць яе за 10—20 сутак робіцца параўнальнай з сумарнай яркасцю ўсёй зорнай сістэмы — галактыкі, унутры якой знаходзіцца гэтая зорка. Агульная энергія, што выпрамяняецца за час успышкі, перавышае 1048 эрг. Успышка адбываецца, калі зорка зыходзіць з галоўнай паслядоўнасці Герцшпрунга—Рэсела дыяграмы і ўступае ў заключны этап эвалюцыі. Да выбуху З.з. прыводзіць гравітацыйны калапс. Пасля выбуху цэнтр. частка зоркі становіцца нейтроннай зоркай, а рэчыва знешніх слаёў выкідваецца са скорасцю ў некалькі тысяч кіламетраў за секунду і ўтварае газавую туманнасць (гл., напр., Крабападобная туманнасць). Па характары змены бляску і спектра З.з. падзяляюць на 2 тыпы. Да 1-га тыпу адносяцца вельмі старыя зоркі (да выбуху), маса якіх параўнальная з сонечнай. Паніжэнне бляску пасля максімуму праходзіць раўнамерна, спектры складаюцца з вельмі шырокіх палос. 2-і тып; маладыя зоркі з масай у 10 разоў большай за сонечную, вял. разнастайнасць у характары зніжэння бляску пасля максімуму, палосы ў спектрах ствараюцца выпрамяненнем атамаў H, He, N і інш.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНД (санскр.Сіндху; пушту Аба-Сін, літар. бацька рэк),
рака ў Кітаі, Індыі, Пакістане. Даўж. 3180 км, пл.бас. 980 тыс.км². Пачынаецца на паўд.зах. схілах хр. Кайлас (Тыбецкае нагор’е) на выш. 5300 м. У вярхоўі цячэ на ПнЗ у міжгорнай даліне паралельна гал. ланцугу Гімалаяў. Ніжэй вусця р. Гілгіт паварочвае на ПдЗ і перасякае адгор’і Гімалаяў і Гіндукуша. Сярэдняе цячэнне ў нізкагорнай і ўзгорыстай мясцовасці, ніжняе — у зах.ч. Інда-Гангскай раўніны (ускраіны пустынь Тхал і Тар), у шырокай даліне з шматлікімі рукавамі і пратокамі. Пасля г. Хайдарабад пачынаецца дэльта (пл. 8 тыс.км²), дзе вылучаюцца 11 асн. рукавоў. Упадае І. у Аравійскае м.Гал. прытокі — Сатледж (Панджнад, злева), Шаёк, Гілгіт, Кабул (справа). У верхнім цячэнні жыўленне снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Вясенне-летнія паводкі (сак.—вер.), пад’ём узроўню вады на раўніне 5—7 м, рэчышча на вял. працягласці абвалавана. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хайдарабад 3850 м³/с, ніжэй ён памяншаецца ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне. Сцёк завіслых часцінак у вусці 450 млн.т. На І. плаціны (у т. л. каля г. Сукур) і інш. ірыгацыйныя збудаванні. Бас. І. — адзін з буйнейшых ірыгацыйных раёнаў свету, пл. арашальных зямель больш за 11 млн.га (гал. чынам у Пенджабе і ў дэльце). Суднаходны ад вусця да г. Дэраісмаілхан, для малых суднаў да г. Аток, каля вусця р. Кабул. Найб. гарады на І. — Хайдарабад, Сукур, паблізу дэльты — марскі порт Карачы (Пакістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«И́СКРА»,
першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас.с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар.рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.
Літ.:
Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;
Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;
Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;
Лейпциг, 1984;
Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.
Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт. сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. СаветБССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМБССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід.прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.