ВІ́ЦЕБСКА АБАРО́НА 1941 Вялася злучэннямі 19, 20, 22-й армій Зах. фронту і Віцебскім народным апалчэннем 1941 5—11 ліп. ў Вял. Айч. вайну. У ходзе абароны 6 ліп. воіны 5-га і 7-га механіз. карпусоў 2-й арміі нанеслі контрудар па ворагу ў напрамку Сянно—Лепель (гл. Лепельскі контрудар 1941). З 5 ліп. 153-я стралк. дывізія вяла баі на рубяжы в. Гняздзілава — усх. бераг воз. Саро — вёскі Ліпна — Парнева — Машканы — Александрова. 9 ліп. вораг у абход прарваўся да Віцебска. Разам з сав. войскамі горад абаранялі апалчэнцы. 10 ліп. 220-я мотастралк. дывізія 19-й арміі двойчы выбівала праціўніка з усх. ч. горада. З-за перавагі ў сілах 11 ліп. ням.-фаш. войскі занялі Віцебск. Віцебска абарона затрымала прасоўванне ворага на У, прычыніла яму значныя страты.

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКІ РАБО́ЧЫ»,

абласная незалежная масавая газета. Выходзіць з 29.10(11.11).1917 у Віцебску на бел. (да 29.9.1929 на рус.) мове 4 разы на тыдзень.

У розныя часы выходзіла пад рознымі назвамі: «Известия Витебского губернского и городского Советов крестьянских, рабочих, солдатских н батрацкіх депутатов» (1918, № 15—81), «Известия Витебского угоркома КП(б) Белоруссии и угорисполкома» (1924, № 106—182), «Заря Запада» (1924, № 219 — 1929, № 225) і інш. З крас. 1937 — «Віцебскі рабочы». У Вял. Айч. вайну выдавалася з 7.6.1942 спачатку на акупіраванай тэр. Беларусі, потым у прыфрантавой паласе. У пасляваен. час орган Віцебскага бел. і гар. к-таў КПБ. Са жн. 1991 незалежная. Інфармуе аб падзеях грамадска-паліт., эканам. і духоўнага жыцця Віцебшчыны. У рэгулярным дадатку «Сябрына» змяшчае матэрыялы па гісторыі Беларусі, краязнаўстве, культуры, этнаграфіі, тапаніміцы і г.д.

т. 4, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ (Рамана Давыдаўна) (12.12.1899, Варшава — 1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну сакратар Харкаўскага, Гомельскага падп. к-таў РКП(б), на падп. рабоце ў тыле войск Дзянікіна, нач. палітаддзела дывізіі. У 1920—24 у РВС Зах. фронту і ў калегіі ВЧК—ДПУ. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага, Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ, Дамброўскага акр. к-та КПП, чл. ЦК КПЗБ. У жн. 1926 арыштавана польск. ўладамі і зняволена на 6 гадоў у турму. Са жн. 1933 чл. Бюро ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК КП(б)Б. У 1934 чл. польск. сакратарыята пры ЦК Кампартыі Францыі. У 1934—35 і ў 1937 кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПП. Са жн. 1937 у СССР, у гэтым жа годзе беспадстаўна рэпрэсіравана. Рэабілітавана пасмяротна.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎХІМО́ВІЧ (Мікалай Яфрэмавіч) (н. 1.1.1907, г. Барысаў),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Камуніст. ун-т імя Леніна ў Мінску (1933), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1926 на камсамольскай і парт. рабоце. У 1940—47 сакратар ЦК КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Прыбалт., Цэнтр., 1-м Бел. франтах; адзін з арганізатараў партыз. руху і патр. падполля ў Мінскай і Палескай абл. З 1948 1-ы сакратар Гомельскага, потым Гродзенскага абкомаў КПБ, з 1953 2-і сакратар ЦК КПБ, з 1956 Старшыня Савета Міністраў БССР. У 1959—73 міністр хлебапрадуктаў, сац. забеспячэння БССР. У 1975—85 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ (1940—73), ЦК КПСС (1956—61). Дэп. ВС БССР у 1940—76, ВС СССР у 1946—62.

М.Я.Аўхімовіч.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.

Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.​Р.​Яфрэмаў, ген.-м. В.​М.​Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,

баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед. ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс. чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.​М.​Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.​Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧКА (Андрэй Антонавіч) (17.10.1903, в. Галадаеўка Растоўскай вобл., Расія — 26.4.1976),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1958), Герой ЧССР (1969). Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1941). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: каманд. дывізіяй, корпусам, 12, 47, 18 і 56-й арміямі. З кастр. 1943 нам. каманд. 1-м Укр. фронтам, са снеж. 1943 каманд. 1-й гвардз. арміяй. З 1945 каманд. войскамі Кіеўскай ваен. акругі, з 1953 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі, з 1957 1-ы нам. міністра абароны СССР, галоўнакаманд. сухап. войскамі, з 1960 галоўнакаманд. Аб’яднанымі ўзбр. сіламі краін Варшаўскага дагавора. У 1967—76 міністр абароны СССР. Аўтар мемуарных твораў.

т. 5, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)