сукупнасць тэхн. сродкаў і асяроддзя распаўсюджвання радыёсігналаў для забеспячэння радыёрэлейнай сувязі. Бывае аналагавая і лічбавая, стацыянарная і рухомая, адна- і многапралётная.
Стацыянарная многапралётная Р.л. будуецца ў выглядзе ланцуга прыёмна-перадавальных радыёстанцый (радыёрэлейных станцый; РРС), устаноўленых у межах прамой бачнасці (найб. пашырана). Для павышэння далёкасці сувязі паміж РРС іх антэны ўстанаўліваюць на мачтах (вежах) і на ўзвышаных месцах. Існуюць таксама трапасферныя Рл. у якіх выкарыстоўваецца адбіццё радыёхваль ад ніжняй мяжы трапасферы. Многапралётная Р.л. мае 2 канцавыя і шэраг прамежкавых і вузлавых РРС. Аднапралётная Р.л. ўтвараецца з 2 канцавых РРС, часта бывае рухомая і служыць, напр., для перадачы тэлевізійных праграм з рухомай тэлевізійнай станцыі на тэлецэнтр. Стацыянарныя аднапралётныя Р.л. служаць для арганізацыі сувязі праз перашкоды, напр., рэкі, а таксама для ўтварэння «ўставак» у магістральныя кабельныя, у т. л. валаконнааптычныя, лініі сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРА́ЦЫІ (ад лац. reparatio аднаўленне),
адна з форм матэрыяльнай адказнасці суб’екта міжнар. права за шкоду, прычыненую ім інш. суб’екту міжнар. права ў выніку міжнар. правапарушэння. Выплата Р. можа рабіцца натурай, у выглядзе грашовай або інш. матэрыяльнай кампенсацыі або адначасова рэстытуцыі і кампенсацыі шкоды. Р. адрозніваюць ад кантрыбуцыі — даніны пераможцу ў вайне, якая існавала на практыцы да 1919. Напр., у Версальскім мірным дагаворы 1919 ужо гаворыцца толькі пра Р. як форму кампенсацыі шкоды, нанесенай Германіяй і яе саюзнікамі ў ходзе 1-й сусв. вайны 1914—18. У адпаведнасці з сучасным міжнар. правам прынцыпова важнае значэнне мае матэрыяльная адказнасць дзяржавы за развязванне ёю агрэсіўнай вайны, г. зн. ваенная Р. Так, у рашэннях Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі 1945 прадугледжвалася выплата Р. Германіяй, а ў мірных дагаворах 1947 — выплата Р. дзяржавамі — былымі саюзнікамі Германіі ў 2-й сусв. вайне.
бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Таджыкістана (1957). Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1951). З 1951 працавала ў Туркменскім, Чэлябінскім, Куйбышаўскім т-рах оперы і балета. У 1959—72 адна з вядучых танцоўшчыц Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1962 (з перапынкамі) педагог Бел. харэагр. вучылішча (у 1971—77 маст. кіраўнік). Яе мастацтва вызначалі светлы, аптымістычны настрой, сталая тэхніка, артыстызм. Сярод партый: Марыя («Мара» Я.Глебава), Анежка («Святло і цені» Г.Вагнера), Адэта — Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Царэўна («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А Лядава), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана). Сярод вучаніц Л.Бржазоўская, Н.Паўлава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЧЭ́ННЯ СІСТЭ́МА,
сістэма аўтаматычнага кіравання, выхадны сігнал якой з пэўнай дакладнасцю ўзнаўляе ўваходны сігнал, што змяняецца па папярэдне невядомым законе. С.с. бываюць лінейныя і нелінейныя, неперарыўныя і дыскрэтныя.
У адрозненне ад інш. сістэм аўтаматыкі ўваходны пераўтваральнік С.с. вымярае разузгадненне паміж уваходным і выхадным сігналамі сістэмы (гл. Дыскрымінатар). Структурная схема С.с. ўключае прамы ланцуг уздзеянняў і гал. адмоўную адваротную сувязь. Бываюць С.с. адна- (з адным ланцугом адваротнай сувязі) і шматконтурныя (некалькі ланцугоў адваротнай сувязі). Для кампенсацыі асн. узбуральных уздзеянняў можа мець разамкнутыя контуры. Выкарыстоўваецца ў робататэхн. сістэмах, сістэмах вызначэння каардынат розных аб’ектаў, навядзення ракет, у радыёлакацыі для суправаджэння рухомых аб’ектаў і інш.Гл. таксама Кіраванне ў кібернетыцы.
На Беларусі С.с. распрацоўваюцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Літ.:
Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990.
горад-крэпасць у Фінляндыі, на а-вах Фінскага зал., каля ўваходу ў Хельсінкі.
Засн. шведамі ў 2-й пал. 18 ст.Асн. ўмацаванні пабудаваны ў 1749—70 пад кіраўніцтвам ген. А.Эрэнсверда. У 1809—1917 у складзе Рас. імперыі, адна з баз Балт. флоту. У Крымскую вайну 1853—56 у жн. 1855 абстраляны англа-франц. флотам, ч. ўмацаванняў узарвана. У 1860—70 крэпасць рэканструявана. У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі тут адбылося ўзбр. выступленне салдат і матросаў (гл. Свеаборгскае паўстанне 1906). У 1-ю сусв. вайну нач. Свеаборгскай крэпасці быў з 1915 ген. К.А.Аляксееўскі. Ён і інш. вайскоўцы крэпасці, што паходзілі з Беларусі, у 1917—18 удзельнічалі ў бел. руху, у т. л. кантактавалі з арг-цыяй БСГ у Гельсінгфорсе (цяпер Хельсінкі), пратэставалі супраць разгону бальшавікамі 1-га Усебел. з’езда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАў механіцы, вектарная фіз. велічыня, якая вызначае меру мех. ўзаемадзеяння цел; адна з асн. дынамічных характарыстык. Паводле 2-га закону Ньютана С.
, дзе m — маса цела і — паскарэнне, з якім яно рухаецца.
Дзеянне С. на цела выклікае змену скарасцей яго пунктаў (узнікае паскарэнне) або дэфармацыю і можа адбывацца як пры непасрэдным кантакце матэрыяльных аб’ектаў (С. трэння, С. ціску, удар), так і паміж аддаленымі целамі пры дапамозе поля (гл. Поле фізічнае). У кожны момант часу С. характарызуецца модулем (лікавым значэннем), напрамкам (лініяй дзеяння) і пунктам прыкладання; складанне С. праводзіцца паводле правіла паралелаграма. Пры непасрэдным выкарыстанні паняцця «С.» фармулююцца многія фіз. законы: Ампера закон, Гука закон, Кулона закон і інш., а таксама вызначаюцца важныя фіз. велічыні: імпульс сілы, момант сілы, работа, энергія і інш. Модуль С. вымяраецца дынамометрам. Адзінка С. ў СІ — ньютан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СІНДБА́Д-НАМЕ́»,
помнік персідска-тадж. л-ры. Складаецца з 34 абрамленых прытчаў. У аснове сюжэта апавяданні пра царэвіча, на якога быў узведзены паклёп рабыняй бацькі, і сем везіраў на чале з мудрым выхавацелем, якія даказваюць невінаватасць сына. Першааснова «С.-н» — стараж.-інд. апавяданні, перакладзеныя на сярэднеіранскую мову пехлеві ў 5—6 ст. У 8 ст. перакладзены на араб. мову. Найб. вядомы празаічны пераклад Асбага Сіджыстані, т. зв. «Вялікі Сіндбад»; у той самы час з’явіўся паэтычны пераклад Абана аль-Лахікі. У 9 ст. зроблены скарочаны пераклад на араб. мову — «Малы Сіндбад», які перакладзены на многія еўрап. мовы. Новаараб. варыянт пад назвай «Сем везіраў» пакладзены ў аснову тур. версіі «Сем мудрацоў», якая амаль уся ўвайшла ў збор казак «Тысяча і адна ноч».
Публ.: Рус.пер. — Мухаммад аз-Захири ас-Самарканди. Синдбад-наме. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КО́РПУС САМААХО́ВЫ (БКС),
Беларуская самаахова, ваенізаванае фарміраванне бел. калабарацыяністаў у Вял.Айч. вайну. Пачаў стварацца летам 1942 Беларускай народнай самапомаччу (БНС) з дазволу ням. улад. Гал. камендантам БКС быў прызначаны І.Ермачэнка, пры ім створаны штаб БКС (нач. штаба падпалк. У.Гуцька), у акругах — камісіі для арганізацыі самааховы. Меркавалася стварыць БКС у складзе 3 дывізій: адна ў напрамку на Мінск, Слуцк; 2-я — на Баранавічы, Навагрудак, Слонім; 3-я — на Вілейку, Ліду, Глыбокае. Паводле распараджэння ням. улад у кожным павеце дазвалялася мець адзінку самааховы (ад роты да батальёна). На з’ездзе акр. кіраўнікоў БНС (2-я пал.ліп. 1942) вырашана пачаць работу з вайсковай падрыхтоўкі кадраў. У пач.жн. 1942 у Мінску адкрыты афіцэрскія курсы (кіраўнік Ф.Кушаль), на якіх прайшлі перападрыхтоўку каля 260 чал. Падафіцэры займаліся на курсах у акругах. Самаахова павінна была дапамагаць ням. і мясц. паліцыі ў барацьбе супраць партызанаў, забяспечваць спакой на Беларусі. Стварэнне БКС суправаджалася шырокай прапагандысцкай кампаніяй. Усяго было сфарміравана 20 батальёнаў і некалькі меншых адзінак БКС, якія, аднак, не выканалі ўскладзеных на іх задач. Адна з гал. прычын гэтага ў тым, што гітлераўцы не адважваліся ўзбройваць самаахову і ствараць на Беларусі нац. армію, нават і дружалюбную ім. Другая заключалася ў тым, што ў агульнай масе насельніцтва не ўспрыняло заклік калабарацыяністаў і падтрымлівала партызанаў. Члены БНС і іх сем’і пастаянна праследаваліся партызанамі, многія пераходзілі на бок апошніх разам з атрыманай зброяй. Таму з восені 1942 адносіны немцаў да самааховы пачалі мяняцца. Ермачэнка быў пазбаўлены тытула ген. каменданта, штаб БКС забаронены. Ермачэнку дазвалялася мець пры сабе вайсковага рэферэнта па справах самааховы, а таксама рэферэнтаў пры старшынях БНС у акругах, якія падпарадкоўваліся акр. начальнікам паліцыі. Былі забаронены афіцэрскія званні, замест іх уведзены назвы службовых пасад: камандзір звязу, камандзір роты і інш. Фарміраванне адзінак БКС было перададзена жандармерыі і паліцыі, што адмоўна ўспрымалася насельніцтвам і калабарацыяністамі. Вясной 1943 гітлераўцы вымушаны былі яго распусціць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,
1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.А.Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.А.Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.А.Хамякоў, з 1910 А.І.Гучкоў, з 1911 М.У.Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл.Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.А.Скірмунт, гісторык А.П.Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т. л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.
Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.
Літ.:
Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;
Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;
Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,
адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл.Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл.Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.Міль, Г.Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.Конт, Р.Авенарыус, Э.Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».
Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.