па́чак, ‑чка, м.

1. Невялікі пакет чаго‑н. складзенага разам, спакаванага. Лена дастала з шафы дзве шклянкі, цукар і пачак пячэння. Ваданосаў. [Валодзька] збегаў у краму і купіў некалькі пачкаў солі. Гамолка. // Стосік звязаных або складзеных аднародных прадметаў. Паперкі зляжаліся, прысталі адна да другой. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. Лазарук дастаў з-за пазухі пачак грошай. Кавалёў.

2. Карабок (запалак). Не паспеў я і аглянуцца, як нехта ўжо кінуў цэлы пачак падпаленых запалак у сярэдзіну сцірты. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скало́ць ​1, скалю, сколеш, сколе; зак., што.

Аддзяліць слой, кавалак чаго‑н. ударам, зняць з паверхні; збіць. Скалоць лёд з тратуара.

скало́ць ​2, скалю, сколеш, сколе; зак., што.

1. Змацаваць, сашчапіць разам што‑н. (шпількай). Скалоць кавалкі матэрыі.

2. і каго. Зраніць у многіх месцах чым‑н. вострым, калючым. [Наста] скалола ў кроў іржышчам жорсткім босенькія ногі і моцна плакала. Астапенка. Учора да [Тарасевічаў] прыехалі фашысты, арыштавалі бацьку, .. усё нечага дапытваліся, але ён маўчаў, сцяўшы зубы. Тады фашысты штыкамі ўсяго яго скалолі насмерць. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да сустрэцца.

2. Трапляцца, надарацца; бываць. Толькі ўсе былі ўзброеныя абы чым: большасць мела .. бамбукавыя пікі, але сустракаліся і стрэльбы, і рэвальверы. Маўр. Сярод адвечнай цішыні першабытных лясоў рэдка сустракаліся людскія паселішчы, затое дзікіх звяроў і птушак было тут вялікае мноства. В. Вольскі. // перан. Бываць, мець месца. Разам з тым трэба прызнаць, што ў нашым асяроддзі яшчэ сустракаюцца выпадкі п’янства, рвацтва, парушэння сацыялістычнай дысцыпліны. Машэраў.

3. Зал. да сустракаць (гл. сустрэць у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.

1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку. Кулакоўскі. // Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай. «Весці».

2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё. Чарнышэвіч. [Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРКА́ДА (франц. arcade),

шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.

Аркада Ружанскага палаца.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (14.9.1911, С.-Пецярбург — 18.11.1971),

рускі скульптар. Нар. мастак РСФСР (1968). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Скончыў Валагодскі маст. тэхнікум (1925). Аўтар кампазіцый з фарфору на героіка-эпічныя тэмы, матывы рас. гісторыі і нар. казак. Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: «Маці» (1943), «Аляксандр Неўскі» (1943—44), «Казка пра рыбака і рыбку» (1944; усе тры Дзярж. прэмія СССР 1946), помнік Юрыю Далгарукаму ў Маскве (1954, разам з А.​Антропавым і інш.), Афанасію Нікіціну ў г. Цвер (1955).

С.Арлоў, А.​Антропаў, М.​Штам. Помнік Юрыю Далгарукаму ў Маскве. 1954.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНО́ЛЬДЗІ (Джузепе Ахіла Эльміра) (1821, Барселона — 1871),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве, грамадскі дзеяч, спявак, танцмайстар. Італьянец па паходжанні. З 1842 жыў у Вільні. Быў настаўнікам спеваў у Дваранскім ін-це, выступаў як спявак. Наведваў з канцэртамі Мінск, Віцебск, інш. гарады Беларусі. У 1862 разам з К.​Каліноўскім увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, рыхтаваў падп. выданні. У лют. 1863 высланы ўладамі (паводле іншых звестак уцёк) за мяжу, дзе закупляў зброю для паўстанцаў. Удзельнік Парыжскай камуны 1871, капітан, камандзір эскадрона ў злучэннях В.​Урублеўскага. Памёр ад ран.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАМІ́НІ (Borromini),

Бараміна (Borromino; сапр. Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.​Мадэрна і Л.​Берніні, усе ў Рыме) і інш.

Ф.Бараміні. Царква Сант-Іва ала Сапіенца. 1642—60.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎ (Анатоль Аляксандравіч) (н. 14.1.1942, в. Малы Узень Піцерскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1991). Скончыў Саратаўскі дзярж. ун-т (1967). З 1967 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы. Распрацаваў тэорыю самаабарачэння хвалевага фронту на падставе чатыроххвалевага змяшэння і нестацыянарную тэорыю лазера з дынамічнай размеркаванай адваротнай сувяззю.

Тв.:

Резонансное четырёхволновое взаимодействие в поле волн накачки произвольной интенсивности (разам з С.​П.​Жвавым) // Квантовая электроника. 1985. Т. 12, № 6.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШТАВО́Й (Віктар Рыгоравіч) (н. 4.5.1946, в. Мяжырычы Лебядзінскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р фізіка-матэм. н. (1986), праф. (1987). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1980 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па кіраванні працэсамі энергапераносу ў магнітных вадкасцях з выкарыстаннем магнітных палёў. Распрацаваў тэорыю паверхнева-канвекцыйных і хвалевых з’яў у магн. вадкасцях.

Тв.:

Введение в термомеханику магнитных жидкостей. М., 1985 (разам з Б.​М.​Бяркоўскім, А.​Н.​Вісловічам).

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)