зверава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Падобны з выгляду на звера; грубы, страшны. [Мікодым] здаваўся.. не суровым і дужым, а звераватым і страшным. Марціновіч. У вёску завітаў бургамістр воласці Бадзягін. Сярэдніх год мужчына, звераваты на выгляд. Федасеенка. // Такі, як у звера; страшны, злосны. Звераватыя вочы. Звераваты выгляд.
2. Які цураецца людзей; замкнуты, нетаварыскі. — Не калектыўны ты чалавек. Звераваты. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зме́ркнуць, ‑не; пр. змерк, ‑ла; зак.
1. безас. Тое, што і змеркнуцца. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Чарнышэвіч. Быў вечар, змеркла нядаўна. Чорны.
2. Пакрыцца змрокам; пацямнець. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўным колерам. Быкаў. // перан. Страціць сілу, значэнне; загаснуць. Слава змеркла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зні́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Згубным уздзеяннем спыніць існаванне каго‑, чаго‑н. Знішчыць ваўкоў. □ На зямлі сваёй ворага знішчу, як гадзюку, яго растапчу. Астрэйка. // Ліквідаваць. Знішчыць прыгнёт. □ Была тады ўжо ў вёсцы думка — зусім знішчыць межы і вузкія палоскі. Чорны. [Лабановіча] займала адна думка: як знішчыць даклад, каб не папаў ён у рукі паліцыі? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зняве́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад знявечыць.
2. у знач. прым. Пакалечаны, абязвечаны. — У бальніцы стала больш знявечаных людзей. Новікаў. Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці. Чорны. // Які атрымаў значныя пашкоджанні, прыведзены ў нягоднасць (пра рэчы, прадметы). Апустошаны і знявечаны будынак школы з вокнамі, забітымі накрыж дошкамі, стаяў, як сірата. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́ва, ‑ы, ж.
1. Тое, што і кофе (у 2 знач.). Жалудовая кава. □ Лайнер павінен быў узяць партыю бавоўны, кавы і какосавых арэхаў. Лынькоў.
2. Тое, што і кофе (у 3 знач.). [Госці] сядзелі за круглым сталом у белых пазалочаных крэслах і пілі з маленькіх кубачкаў пасляабедзенную каву. Маўр.
•••
Чорная кава — тое, што і чорны кофе (гл. кофе).
[Тур. kahwe з польск.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́быць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. выбудзь; зак.
1. Выйсці са складу чаго‑н.; пакінуць службу, заняткі і пад. Выбыць з піянерскай арганізацыі па ўзросту. Выбыць са школы.
2. Разм. Прабыць, правесці нейкі час дзе‑н. [Магдалена] намервалася быць тут тры тыдні, а ледзьве выбыла тыдзень. Чорны.
•••
Выбыць са строю — па якой‑н. прычыне стаць непрыгодным для выканання якіх‑н. абавязкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́йгрыш, ‑у, м.
1. Тое, што набыта ў выніку розыгрышу латарэі і інш., у выніку перамогі ў азартнай гульні. Выйгрыш па аблігацыі. Спадзявацца на выйгрыш.
2. Выгада, карысць. [Пніцкі:] — На работу хаджу, а гаспадарку сваю кінуў. Гэтак прыйшлося, бо.. большы мне цяпер выйгрыш. Чорны.
3. Поспех, перамога ў чым‑н. Дамагчыся выйгрышу.
•••
Быць у выйгрышы гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вымага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
1. Дамагацца чаго‑н. прымусам, сілай, пагрозамі; настойліва патрабаваць. Вымагаць грошы.
2. чаго, са злучн. «каб» і без дап. Патрабаваць. Вымагаць да сябе ўвагі. Работа вымагае ўмення. □ Радасць працы вымагае, каб усё тое, што добра зроблена, было заўважана і адзначана. Чорны. Садзяцца госці, ды не зразу,.. Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вэ́люм, ‑у, м.
Кавалак тонкай празрыстай тканіны, прымацаваны да вянка або жаночага капелюша; з’яўляецца часткай жаночага шлюбнага (белы) або жалобнага (чорны) убору. Нявеста была як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. / у перан. ужыв. Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор. Бяганская.
[Іт. velo ад лац. velum — заслона.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
га́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм.
1. Ударыць з вялікай сілай. Молат жылістай рукой Возьме [каваль] ды як гакне. Бялевіч.
2. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай, запалам, азартам (з захаваннем кіравання гэтых дзеясловаў). Выйшаўшы ад Хурса, не чуючы пад сабою ног, Фартушнік кінуўся ў піцейны дом і гакнуў паўтузіна піва. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)