паме́р, ‑у, м.

1. Велічыня чаго‑н. у адным або некалькіх вымярэннях. У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для.. [гадавальніка] участак зямлі, памерам у адзін гектар. В. Вольскі. Без канца і меры.. [дрэўцы] рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Чорны.

2. Ступень развіцця, велічыня, маштаб якой‑н. з’явы, здарэння і г. д. Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення і — колькі тут войск, людзей, што .. нецярпліва, парыўна яшчэ чакаюць сваёй пары!.. Мележ. Бадай што няма большай небяспекі, чым тая, памераў якой яшчэ не ведаеш. Карпюк.

3. Мерка, нумар якога‑н. прадмета. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў — ад 18‑га да 38‑га нумару. Жычка.

4. Спец. Камбінацыя тых ці іншых элементаў (націскных і ненаціскных або доўгіх ці кароткіх складоў), якая паўтараецца ў вершы і з’яўляецца асновай вершаванага рытму. Перабрана мноства класічных памераў ад ямба да анапеста. У. Калеснік. Кожная з дарэвалюцыйных паэм Купалы пісалася адным намерам. Бярозкін. // Тая ці іншая колькасць і размяшчэнне рытмічных адзінак у музыкальным такце, якія ўтвараюць рытмічны лад музычнага твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разуме́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разумець.

2. Здольнасць разумець, спасцігаць розумам змест, сэнс, значэнне чаго‑н. Даступныя для разумення факты. Разуменне псіхалогіі падлетка дапаможа настаўніку знайсці правільныя шляхі яго выхавання і развіцця. □ Растлумачыўшы гаспадару і яго жонцы мэту свайго прыходу, я сустрэў з іх боку поўнае разуменне і жаданне памагчы. В. Вольскі. // Здольнасць разабрацца ў чым‑н. [Юзя:] — Ніякага ў цябе разумення яшчэ няма. Бажко.

3. Пэўны пункт погляду на што‑н., пэўнае вытлумачэнне чаго‑н. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту. Колас. Бог у разуменне цёмных людзей — гэта самае страшнае, а значыць — самае святое. Пестрак.

4. Уяўленне аб чым‑н., погляд на што‑н. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсці ў вёску, і тады адразу зменяцца многія разуменні. Галавач.

5. Свядомасць, розум. Да майго разумення даплывалі рэдкія, глыбока мною не прадуманыя дзедавы словы. Нікановіч.

6. Тое, што і паняцце (у 1 знач.). Помню, .. [старшыня] часам ашаламляў мяне, маладога камуніста, даверлівым разважаннем пра тыя з’явы, якія пасля ХХ з’езда мы абагулілі разуменнем «культ асобы». Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сацыялі́зм, ‑а, м.

1. Першая фаза камуністычнай фармацыі — грамадскі лад, які ў выніку пралетарскай рэвалюцыі прыходзіць на змену капіталізму і характарызуецца грамадскай уласнасцю на сродкі вытворчасці, адсутнасцю эксплуатацыі чалавека чалавекам, палітычнай уладай працоўных мас пры кіруючай ролі рабочага класа на чале з марксісцка-ленінскай партыяй. Утварэнне і росквіт брацкага саюза савецкіх народаў служыць самым пераканаўчым доказам таго, што толькі сацыялізм адкрывае адзіна правільны шлях да пераадолення варожасці і недавер’я паміж нацыямі, да ўвасаблення ў рэальным жыцці гуманістычнага прынцыпу людзей працы: чалавек чалавеку, народ народу — друг, таварыш і брат. Машэраў.

2. Вучэнне аб пабудове сацыялістычнага грамадства. Навуковы сацыялізм.

3. Назва розных дробнабуржуазных і буржуазных вучэнняў аб рэформе капіталістычнага грамадства на аснове ўраўняльнасці або згладжвання антаганістычных супярэчнасцей. Народніцкі сацыялізм. Хрысціянскі сацыялізм.

•••

Развіты сацыялізм — заканамерная ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці сацыялістычнага ладу, калі завяршаецца перабудова ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін на ўнутрана ўласцівых сацыялізму калектывісцкіх пачатках.

Сусветная сістэма сацыялізма гл. сістэма.

Утапічны сацыялізм — дамарксаўскае вучэнне аб сацыялістычнай перабудове грамадства, якое выходзіла не з аб’ектыўных законаў развіцця, а з абстрактных уяўленняў аб ідэальнай будове грамадства.

[Ад лац. socialis — грамадскі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.

2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лін, лінь, лінія, лінок, лінючая, лын, лынок ’рыба лінь, Тіпса tinca L.’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Жук., Янк. II, Гарэц., Крыв., Бес., Бяльк., Касп., Шат., Ян., ТС, Мат. Гом., Яруш., Яшк., З жыцця; чэрв., Нар. лекс.; полац., З нар. сл., Сл. паўн.-зах.). Укр. лин, рус. лин ’рыба Cyprinus tinca’, пячор., урал., перм. линь ’рыба таймень, Hucho taimeri’, польск. lin, н.-луж., в.-луж., чэш. lin, ст.-чэш. lin, славац. lieh, славен. linj, linjäk, серб.-харв. лин, лињ 3 ліиьак, балг. лин, линът. Прасл. Ипъ і /m/б. І.‑е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. lynas, лат. Unis, ст.-прус. lins, якія большасць этымолагаў адносяць да і.-е. кораня *(s)lei‑ ’ліпкі, слізкі’, чаму ў герм. мовах адпавядаюць ст.-в.-ням. slio, ням. Schleie, ст.-англ. śliw (Фасмер, 2, 498; Покарры, 662–663; Слаўскі, 4, 261–262; Скок, 2, 304; Бязлай, 2, 142–143. Там жа іншыя менш імаверныя версіі). Махэк₂ (333–334) прыводзіць выказванне О. Фэр’янца (Slov. näzv. ryb CSR а sused. krajov. — Ture. sv. Martin, 1948, 41–42), які . паходжанне слова lieh шукае ў дзеяслове linai’ ’ліняць’ у сувязі з тым, што слізь, якую вылучаюць клеткі скуры ліня, на паветры высыхае і лупіцца кавалкамі. Такім чынам, лінь нібыта ліняе. Каламіец (Происх. назв, рыб, 82) прымае падвойную этымалагічную сувязь, якая ашіавядае двум этапам развіцця слова — з дзеясловам linjati (познепраславянскі этап) і з і.-е. асновай *(s)lei‑ ’слізісты’ (познеіндаеўрапейскі этап, які папярэднічаў перыяду вылучэння слав., балт. і герм. моў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́кал ‘драпежная птушка сямейства сакаліных, Falco’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), часцей сако́л ‘тс’ (Гарэц., Федар., Ласт., Стан.). Укр. со́кіл, рус. со́кол, дыял. соко́л, польск. sokół, в.-луж., н.-луж. sokoł, чэш., славац. sokol, серб.-харв. со̀ко̑, славен. sókol, балг. соко́л, макед. сокол ‘тс’. Прасл. *sokolъ ‘птушка Falco’. Лічаць роднасным ст.-інд. çakunas, çakúnis ‘нейкая птушка; вялікая птушка’ (гл. Фасмер, 3, 708–709 з літ-рай). Міклашыч (313), Брукнер (506), Шустар-Шэўц (1332) звязваюць з гукапераймальным сакатаць, а Борысь (566) мяркуе, што *sokolъ — дэрыват ад прасл. *sočiti (гл. сачыць), таму што гэта драпежнік высочвае і даганяе птушку. Паводле Пятлёвай (Этимология–2000–2002, 21–22), першасным значэннем магло быць ‘рассякаючы, раздзіраючы’, што ўзыходзіць да дзеяслова з семантыкай ‘рэзаць, сячы, рваць’, якая захавалася ў соколі́ць ‘мярэжыць’ (ТС); пра корань сок‑ са значэннем ‘рэзаць’ гл. Куркіна, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 202. Ускосным пацверджаннем такога развіцця можа служыць дэрыват сакольнік у цытаце: “… жыў гэты дзед больш за сто гадоў. Так усе і клікалі — сакольнік. <…> калі пасавалі найлепшыя хірургі, звярталіся да сакольніка” (Я. Колас), — які, відаць, быў амонімам да сако́льнік ‘той, хто даглядае лоўчых птушак, трэніруе і палюе з імі’, першасна звязаным з дзеясловамі тыпу славен. sókati, sókniti ‘ўкалоць (напр., нажом)’ і рус. дыял. соко́лик, соколе́ц, сокола́к ‘чорная жыла вялікага пальца рукі, vena pollicis; у коней жыла на назе, з якой пускаюць кроў’. Тады да *sěkti (гл. сячы), параўн. варыянтнасць галоснага ў сякера/сакера. Іншыя версіі гл. Пятлёва, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

інве́рсія

(лац. inversio = перастаноўка)

1) лінгв. змяненне звычайнага парадку слоў і словазлучэнняў у сказе для надання фразе пэўнай стылістычнай афарбоўкі;

2) мат. парушэнне нармальнага парадку двух элементаў у пастаноўцы;

3) павышэнне тэмпературы паветра ў атмасферы з вышынёй замест звычайнага яе паніжэння;

4) змена напрамку (палярнасці) магнітнага поля Зямлі на адваротны пры адным і тым жа напрамку геамагнітнай восі;

5) геал. завяршальная стадыя ў цыкле развіцця геасінкліналі, якая адбываецца ў змене апускання зямной кары падняццямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),

абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід. прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).

І.​Дз.​Прахарэнка.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ВО́ДАЎ,

комплекс міжнар., дзярж., рэгіянальных гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні водных рэсурсаў; састаўная частка аховы прыроды. Накіравана на ліквідацыю і папярэджанне адмоўнага ўплыву гасп. дзейнасці на стан паверхневых і падземных водаў, на захаванне воднага балансу тэрыторый, а таксама ў мэтах чалавека і як жыццёвага асяроддзя для мноства жывых арганізмаў. Уключае мерапрыемствы па вывучэнні рэсурсаў водаў і ўстанаўленні навукова абгрунтаваных прававых патрабаванняў да ўсіх водакарыстальнікаў, дзярж. і грамадскі кантроль за станам і рацыянальным выкарыстаннем водных рэсурсаў.

На Беларусі ахова водаў рэгулюецца нормамі і палажэннямі воднага заканадаўства, а таксама шэрагу інш. яго раздзелаў, міжнар. пагадненнямі, канвенцыямі і інш. Арганізац.-тэхн. мерапрыемствы па ахове водаў прадугледжваюцца ў планах эканам. і сац. развіцця: выяўленне крыніц забруджвання паверхневых і падземных водаў і яго прадухіленне, арганізацыя даследаванняў і ўкараненне новых метадаў ачысткі сцёкавых водаў, буд-ва ачышчальных збудаванняў, зваротных сістэм водакарыстання, укараненне безадходных тэхналогій, размяшчэнне гасп. аб’ектаў з улікам водаахоўных патрабаванняў і інш., а таксама стварэнне запаведнікаў, спецыялізаваных гідралаг. заказнікаў (гл. Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты), выдзяленне спец. водаахоўных зон, тэр., лясоў і гэтак далей. Кантроль за мерапрыемствамі па ахове водаў ажыццяўляюць Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Галоўгідрамет і інш. дзярж. ўстановы з залучэннем грамадскасці. Праблемы аховы водаў даследуюцца ў Комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Цэнтральным НДІ, Меліярацыі і лугаводства Беларускім НДІ, Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. будаўніцтва і інш.

Да арт. Ахова водаў: ачышчальныя збудаванні на Гродзенскім вытворчым аб яднанні «Азот» (злева); водаахоўны лес на беразе Свіслачы ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)