ЯКУБО́ВІЧ Пётр Піліпавіч (псеўд. Л.Мельшын і інш.; 3.11.1860, с. Ісаева Наўгародскай вобл., Расія — 30.3.1911),

дзеяч рэв. руху ў Расіі, пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1878 супрацоўнік дэмакр. час. «Дело», «Слово», «Отечественные записки». З 1882 чл. «Народнай волі», з 1883 адзін з яе кіраўнікоў. У 1884 арыштаваны, у 1887 асуджаны на 18 гадоў катаргі, якую адбываў у Забайкаллі. З 1895 на пасяленні ў г. Курган, у 1899 атрымаў дазвол на вяртанне ў Еўрап. Расію. Супрацоўнічаў у час. «Русское богатство». Аўтар вершаў, у якіх працягваў традыцыі грамадз. лірыкі М.А.Някрасава, аўтабіягр. нарысаў аб Акатуйскай катарзе «У свеце адрынутых» (1895—98), апавяданняў, прац па гісторыі рус. л-ры і рэв. руху.

Тв.:

Шлиссельбургские мученики. СПб., 1906;

Н.​А.​Некрасов: Его жизнь и лит. деятельность. СПб., 1907;

Очерки русской поэзии. 2 изд. СПб., 1911;

Пасынки жизни: Рассказы. 4 изд. М., 1918;

Стихотворения. Л., 1960;

В мире отверженных. Т. 1—2. М.; Л., 1964.

т. 18, кн. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМАМО́ТА Ісароку (4.4.1884, Нагаока, прэфектура Ніігата, Японія — 18.4.1943),

японскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). Скончыў Марскую акадэмію (1904) і Ваен.-марскі штабны каледж (1916), вучыўся ў Гарвардскім ун-це (ЗША, 1919—21). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05 (Цусімскі бой 1905), 1-й і 2-й сусв. войнаў. З 1921 выкладаў у Марской акадэміі. З 1925 ваен.-марскі аташэ Японіі ў ЗША. З 1935 нам. марскога міністра, з 1938 каманд. 1-м яп. флотам. У 2-ю сусв. вайну (з ліст. 1940) галоўнакаманд. Аб’яднаным флотам Японіі. Пад яго кіраўніцтвам яп. ВМС напалі на Пёрл-Харбар, дзейнічалі каля атола Мідуэй (чэрв. 1942) і інш. (гл. Ціхаакіянскія кампаніі 1941—45). Загінуў у раёне Саламонавых а-воў (самалёт Я. быў збіты амер. авіяцыяй, якая атрымала інфармацыю пра яго вылет на в-аў Бугенвіль).

Літ.:

Агава Хироки. Адмирал Ямамото: Путь самурая, разгромившего Перл-Харбор, 1921—1943 гг.: Пер. с яп. М., 2003.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯШЭ́Н (сапр. Нугманаў) Каміль

(25.12.1909, г. Андыжан, Узбекістан — кастр. 1997),

узбекскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Узбекістана (1939). Нар. пісьменнік Узбекістана (1969). Герой Сац. Працы (1974). Акад. АН Узбекістана (1968). Вучыўся ў Ленінградскім лясным ін-це (1925—28). У 1946—49 узначальваў Упраўленне па справах культуры пры СМ Узбекістана. З 1959 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Друкаваўся з 1925. Выдаў зб-кі вершаў «Сонца» (1930), «Барацьба» (1931), «Камсамол» (1933). У муз. драмах «Гульсара» (з М.​Мухамедавым, паст. 1935) і лібрэта аднайм. оперы, «Нурхан» (паст. 1943) тэма вызвалення жанчыны ад гнёту векавых традыцый. У п’есах «Смерць акупантам» (з С.​Абдулой, паст. 1942), «Фархад і Шырын» (паст. 1954), «Генерал Рахімаў» (паст. 1950) тэма Вял. Айч. вайны. Аўтар кн. «Гады. Лёсы. Кнігі» (1976), рамана «Хамза» (кн. 1—2, 1979—80), драм «Гонар сям’і» (паст. 1949), «Пуцяводная зорка» (паст. 1958) і інш., лібрэта першай нац. оперы «Буран» (1939), кінасцэнарыяў, артыкулаў. Дзярж. прэмія Узбекістана 1967. Дзярж. прэмія СССР 1951.

К.Яшэн.

т. 18, кн. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТУ́НІЦА Ваіслаў (н. ў 1944, Бялград),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1970), дзе працаваў да 1974, калі быў звольнены за выступленні супраць новай канстытуцыі краіны, якая, на яго думку, давала занадта шмат правоў інш. рэспублікам, прыніжаючы ролю Сербіі. З таго часу быў вядомы як дысідэнт. У 1974—89 у Ін-це грамадскіх навук у Бялградзе. Адзін з заснавальнікаў Дэмакр. партыі (1989). Пасля яе распаду (1992) намагаўся аб’яднаць дэмакр. ідэалы з нац. ідэяй, стварыў Дэмакр. партыю Сербіі. Рэзка выступаў супраць агрэсіі НАТО у Югаславіі 1999 і ў той жа час быў прыхільнікам збліжэння краіны з Захадам. У час вераснёўска-кастр. крызісу 2000 К. і яго прыхільнікі адмовіліся прызнаць афіц. вынікі 1-га тура прэзідэнцкіх выбараў і К. 6.10.2000 абвясціў сябе выбраным прэзідэнтам Югаславіі. Пайшоў у адстаўку з гэтай пасады ў сувязі з пераўтварэннем Югаславіі ў супольніцтва Сербія і Чарнагорыя (сак. 2003; гл. Дадатак). Пасля парламенцкіх выбараў 28.12.2003 у Сербіі — прэм’ер-міністр Сербіі.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́БАК Іван Аляксеевіч (н. 12.1.1963, в. Новы Двор Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. псіхолаг, дзярж. дзеяч. Канд. псіхал. н. (2000). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1987) і Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь (1997). З 1987 на гасп. і камсамольскай рабоце. З 1990 у органах унутр. спраў Мінскай вобл., з 1993 у падраздзяленнях выхаваўчай работы, сац. абароны і прафес. падрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь. З 1997 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. З 2000 дэп. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь, нам. старшыні Пастаяннай камісіі па нац. бяспецы. Навук. працы па праблемах юрыд. псіхалогіі, псіхалогіі кіравання і заканатворчасці, псіхал. забеспячэння дзейнасці праваахоўных органаў.

Тв.:

Правоведение: Справ. по курсу высш. школы. Т. 2. Мн., 2000 (у сааўт.);

Вы — руководитель. Мн., 2001 (разам з М.​І.​Птухай, В.​Р.​Ступанавым);

Общая психология: Психические познавательные процессы. Мн., 2002 (разам з В.​Р.​Ступанавым);

Практическая психология для руководителя. Мн., 2003;

Ученые Пинщины. Мн., 2003 (разам з П.​М.​Сінкевічам).

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎЦЮХ Епіфан Іовіч (21.5.1890, с. Высунск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 28.7.1938),

савецкі ваен. дзеяч. Камбрыг (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію РСЧА (1922), курсы ўдасканалення камсаставу (1928), курсы пры Ваен.-паліт. акадэміі (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у баях на Кубані, Паўн. Каўказе. У час паходу Таманскай арміі (жн.—кастр. 1918) камандаваў 1-й калонай, якая дзейнічала ў авангардзе, паспяхова кіраваў баямі пад Архіпа-Осіпаўкай, Агайскім перавалам, Туапсэ, Беларэчанскай і Армавірам (гэты паход апісаны А.​Серафімовічам у рамане «Жалезны паток», дзе К. дзейнічаў пад імем Кожуха). У 1918—20 камандаваў Таманскай арміяй, стралк. дывізіямі і зводным корпусам 11-й арміі, удзельнічаў у баях пад Царыцынам, Ціхарэцкай, Сочы і інш. У 1920 кіраваў дзеяннямі войск у аперацыі супраць ген. Улагая на Кубані, прымаў удзел у падаўленні Кранштацкага паўстання 1921. Камандзір дывізіі, корпуса, з 1936 армейскі інспектар і нам. каманд. БВА. Аўтар кнігі «Ад Кубані да Волгі і назад» (1926). Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна.

т. 18, кн. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЗАНО́ВІЧ Валянцін Пятровіч (28.5.1929, г. Магілёў — 2.1.1991),

бел. дзярж. дзеяч. Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1979). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1954). З 1954 на камсамольскай рабоце, з 1961 у ЦК КПБ. З 1964 нам. старшыні савета Саюза спарт. т-ваў і арг-цый Беларусі, у 1978—90 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. Дэп. Вярх. Савета Беларусі (1980—90). У 1979—90 чл. Алімп. к-та СССР, чл. Міжнар. алімп. камітэта. З 1980 у Камісіі па ахове здароўя і сац. забеспячэнні Вярх. Савета Беларусі.

Тв.:

Спорту — всенародный размах. Мн., 1967 (разам з К.​А.​Кулінковічам, П.​У.​Піляком);

ГТО: Опыг, пробл., нерспективы. Мн., 1978 (разам з Г.​П.​Каваленкам, М.​М.​Еншыным);

Главное — массовость: Физ. движение Белоруссии на соврем. этапе. Мн. 1982 (разам з П.​У.​Піляком, В.​С.​Філіповічам);

Физическая культура и спорт Белоруссии: Сграницы летописи. Мн., 1988 (разам з К.​А.​Кулінковічам, В.​С.​Філіповічам).

І.​Л.​Чэбан.

т. 18, кн. 1, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НІГСЕН Лявонцій Лявонцьевіч [10.2.1745, г. Браўншвайг (паводле інш. звестак — маёнтак Бантэльн каля г. Гановер), Германія — 3.10.1826], расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1802), граф (1813). Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63. У 1773 перайшоў на рас. службу з гановерскай арміі. Удзельнік паходаў супраць Турцыі, задушэння сял. вайны 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.​І.​Пугачова. У 1792 удзельнічаў у бітве супраць бел.-літ. войска пад Мірам (19 мая), асадзе Нясвіжскага замка, баях пад Зэльваю, Ваўкавыскам, каля р. Буг (2 ліп.). У час паўстання 1794 са сваім атрадам дзейнічаў паміж Ашмянамі і Дзісной, нанёс паражэнне паўстанцам каля мяст. Солы, за што атрымаў чын ген.-маёра. За ўдзел у ваен. кампаніі на тэр. Літвы атрымаў 1080 душ прыгонных сялян у Слуцкім пав. Удзельнік дварцовага перавароту 1801 (забойства Паўла I). У 1801—06 віленскі ваен. губернатар. У 1806—07 камандзір корпуса і галоўнакамандуючы рус. арміяй, удзельнічаў у баях супраць Напалеона. У вайну 1812 за інтрыгі супраць М.​І.​Кутузава зняты з пасады нач. Галоўнага штаба. У замежных паходах 1813—14 камандаваў Польск. арміяй. У 1818 звольнены ў адстаўку.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫЯ Лаўрэнцій Паўлавіч (29.3.1899, с. Мерхеулі Сухумскага р-на, Грузія — 23.12.1953),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч; адзін з гал. арганізатараў і кіраўнікоў рэпрэсій палітычных у СССР у 1930—50-я г. Маршал Сав. Саюза (1945), Ген. камісар дзярж. бяспекі (1941), Герой Сац. Працы (1943). Чл. КПСС з 1917. Скончыў Бакінскае сярэдняе мех.-буд. тэхн. вучылішча (1919). У 1921—31 у органах разведкі і контрразведкі, нам. старшыні Азербайджанскай ЧК, старшыня Грузінскага і Закаўказскага ДПУ, прадстаўнік АДПУ у ЗСФСР. З 1931 1-ы сакратар ЦК КП(б) Грузіі, адначасова з 1932 — Закаўказскага крайкома і Тбіліскага гаркома партыі. У 1938—45 і ў сак.—чэрв. 1953 нарком унутр. спраў СССР. Чл. ЦК КПСС у 1934—53, чл. Палітбюро ЦК КПСС з 18.3.1946 да 7.7.1953. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. 26.6.1953 арыштаваны, на ліпеньскім (1953) Пленуме ЦК КПСС выведзены са складу ЦК і выключаны з партыі як вораг Кампартыі і сав. народа. 23.12.1953 прыгавораны за «здраду» да расстрэлу і ў той жа дзень расстраляны.

Літ.:

Берия: конец карьеры. М., 1991;

Дело Берия // Изв. ЦК КПСС. 1991. № 1—2.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́МКІН Якаў Рыгоравіч (1898, Адэса — 3.11.1929),

рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.​Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.

Літ.:

Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;

Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;

Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)