УС Максім Філімонавіч (?, в. Грабінка Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — студз. 1920),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. і польск. войскамі. Вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (1919). У 1-ю сусв. вайну на фронце, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. У час ням. акупацыі 1918 чл. Рудабельскага падраённага к-та РКП(б). У 1919 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. атрада (гл. ў арт. Рудабельская «рэспубліка»). Схоплены польск. акупантамі і закатаваны.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁДАРАЎ Аляксандр Уладзіміравіч (н. 20.2.1952, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1978). З 1978 дырыжор танкавага палка ў г. Старажынец (Украіна), з 1980 аркестра штаба Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1986 аркестра Групы сав. войск у Германіі. З 1990 нач., з 2002 маст. кіраўнік Дзярж. установы «Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь». Аўтар шматлікіх аранжыровак, у т. л. твораў бел. кампазітараў А.​Захлеўнага, І.​Лучанка, Э.​Ханка і інш., песень «Айчына мая», «Афіцэрскі баль» і інш.

т. 16, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗО́ МЕ́ТАД,

адзін з метадаў вызначэння скорасці святла. Прапанаваны А.І.Л.Фізо ў 1849.

Паводле Ф.м. светлавы прамень перарываецца зубчастым колам: святло праходзіць праз прамежак паміж зубцамі дыска, адбіваецца ад люстэрка і вяртаецца да назіральніка праз адзін з інш. прамежкаў паміж зубцамі. Скорасць святла вызначаюць па вядомых адлегласці паміж дыскам і люстэркам, а таксама часе павароту дыска на 1, 2 ці больш зубцоў.

Да арт. Фізо метад: 1 — паўпразрыстае люстэрка; 2 — крыніца святла; 3 — зубчастае кола; 4 — плоскае люстэрка; L — базавая адлегласць.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭП,

1) у сялянскім побыце ўсх. славян і інш. народаў драўляная прылада, якою малацілі збажыну. Да цапільна (даўж. да 2 м) прывязваўся сырамятным рэменем (гужыкам) біч (да 0,8 м).

2) Ц. баявы — звычайная с.-г. прылада, біч і ч. цапільна якой аснашчаны вострымі шыпамі або акаваны жалезам. Шырока выкарыстоўваўся як зброя ў войнах сярэдневякоўя, у т. л. на Беларусі. Умелы воін баявым Ц. мог плюшчыць рыцарскія латы разам з іх гаспадаром.

Цапы.
Да арт. Цэп: Фрагмент малюнка В.​Ляхора. 1999.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́НЦАВЫ ІНСТРУМЕ́НТ (ад ням. Schanze акоп, земляное ўмацаванне),

табельны (прадугледжаны паводле штату) інструмент (лапаты, сякеры, кіркаматыкі, пілы папярочныя, ламы, трасіровачныя шнуры), які выкарыстоўваецца войскамі для самаакопвання асабовага складу ў баі, узвядзення фартыфікацыйных збудаванняў і мастоў, пры стварэнні загарод і інш. Падзяляецца на інструмент, які носяць (уваходзіць у асабісты рыштунак салдата), і той, які возяць у камплекце баявых і трансп. машын.

Да арт. Шанцавы інструмент: 1 — вялікая сапёрная лапата; 2 — сякера; 3 — пяхотная лапата; 4 — кіркаматыка; 5 — лом; 6 — папярочная піла; 7 — трасіровачны шнур.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШО́ШЧЫЦ Мікалай Іосіфавіч (24.5.1918, с. Гальчынцы Цеафіпальскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 21.12.1996),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, педагог. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Брэсцкае муз. вучылішча (1955). У 1954—86 (з перапынкам) выкладаў у Брэсцкім пед. ін-це, адначасова ў 1954—74 арганізатар і маст. кіраўнік Брэсцкай нар. хар. капэлы Дома культуры чыгуначнікаў. З 1986 узначальваў хор ветэранаў вайны і працы (з 1989 нар.) Брэсцкага гар. Дома культуры. У сваёй дзейнасці асаблівую ўвагу аддаваў гіст.-патрыят. тэматыцы і бел. песеннаму фальклору.

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПРО́ТЫ (Sprattus),

род рыб сям. селядцовых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных водах каля берагоў Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі і Новай Зеландыі. Найб. вядомы Ш. еўрапейскі (S. sprattus) і 2 яго падвіды — балтыйскі, або кілька, і чарнаморскі.

Даўж. да 18 см. Цела сціснутае з бакоў, укрытае луской, якая лёгка спадае. Брушная кілявая луска добра развітая. Спіна сіняя або цёмна-блакітная, бакі і бруха серабрыстыя. Ніжняя сківіца выдаецца ўперад. Ікра пелагічная. Чародныя, планктонаедныя рыбы. Аб’екты промыслу. Іл. гл. да арт. Кількі.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВА́РА (Juvara, Juvarra) Філіпа (27.3.1678, г. Месіна, Італія — 1.2.1736), італьянскі архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Вучыўся ў Рыме (1703—14) у арх. К.​Фантаны. Працаваў пераважна ў г. Турын, а таксама ў Партугаліі і Іспаніі. Пабудовы Ю. вылучаюцца веліччу форм, спалучэннем павялічанага па маштабе «каласальнага» ордэра з класічнай выразнасцю дэталей і прамалінейнасцю планаў: фасад і лесвіца Палацца Мадама ў Турыне (1718—21), комплекс кляштара Суперга (1714—31), палац Ступініджы (1729—33; абодва каля Турына). Іл. гл. да арт. Турын.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛЕНКА Анатоль Іванавіч (н. 15.11.1947, г. Казацін Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. эстрадны спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1993). Засл. дз. Рэспублікі Крым (2000). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1976). З 1974 маст. кіраўнік і вядучы саліст творчага аб’яднання «Студыя «Сябры» (гл. «Сябры»). Валодае багатым на тэмбральныя афарбоўкі голасам. Яго выкананню ўласцівы яркая індывідуальнасць, сцэнічная прывабнасць. Першы выканаў многія папулярныя песні бел. і рас. кампазітараў (А.​Іванова, І.​Лучанка, М.​Сацуры, Э.​Ханка і інш.). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

А.І.Ярмоленка.

т. 18, кн. 1, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯСТРАБІ́НАЯ САВА́ (Surnia ulula),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве ў лесатундры і тайзе. На Беларусі вельмі рэдкі, нерэгулярна залётны зімою від.

Даўж. 36—41 см, маса 250—370 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны бурае з белымі плямамі, знізу светлае з цёмнымі папярочнымі палоскамі, як у ястрабаў (адсюль назва). Тваравы дыск белы. Хвост ступеньчаты, закруглены. Нясе 3—4 яйцы. Корміцца мышападобнымі грызунамі, радзей птушкамі. Іл. гл. да арт. Савіныя.

т. 18, кн. 1, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)