БО́КУН (Ларыса Пятроўна) (н. 11.2.1926, г. Новарасійск),

бел. спартсменка і трэнер (фехтаванне). Майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1967), засл. дзеяч культуры Беларусі (1971). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1977, Масква). Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1947). З 1947 выкладчыца Бел. ін-та фіз. культуры, з 1949 на трэнерскай рабоце ў спарт. арг-цыях Мінска. З 1975 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Трэнер зборнай СССР да 1981. З 1984 у Рэсп. вучылішчы алімпійскага рэзерву. Сярод выхаванцаў К.Бялова.

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ КЛІМАТАЛО́ГІЯ,

навука, якая вывучае кліматычныя параметры, метады іх вызначэння і асаблівасці ўліку ў практыцы буд-ва; раздзел будаўнічай фізікі. Развіваецца на аснове дасягненняў фізікі атмасферы і агульнай кліматалогіі. Аснова распрацовак ген. планаў гарадоў, пасёлкаў і інш., праектавання збудаванняў, абгрунтавання выбару буд. матэрыялаў і канструкцый, сістэм ацяплення, вентыляцыі, газа- і водазабеспячэння, прыродаахоўных мерапрыемстваў, распрацоўкі тэхналогіі і арганізацыі буд. вытв-сці, забеспячэння аховы працы і інш. На Беларусі праблемы будаўнічай кліматалогіі даследуюцца ў Бел. політэхн. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-це і інш.

І.​І.​Леановіч.

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́РУ ((Vieru) Грыгорэ Паўлавіч) (н. 14.2.1935, с. Перэрыта Брычанскага р-на, Малдова),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1958). Друкуецца з 1954. Асн. матывы творчасці — любоў да жыцця, бацькоўскай зямлі, працы (зб-кі «Вершы», 1965; «Імя тваё», 1968; «Блізкае», 1974; «Пра каханне», 1975; «Ліст зялёны», 1982, і інш.). Лірыка Віеру адметная непасрэднасцю пачуццяў, высокім майстэрствам. Піша для дзяцей. На бел. мову творы Віеру перакладалі Т.​Бондар, Г.​Бураўкін, А.​Грачанікаў, В.​Зуёнак, Е.​Лось, Ю.​Свірка, К.​Цвірка, Я.​Янішчыц і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Імя тваё: Лірыка. Мн., 1986.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЛЕНСКАЯ ПРА́ЎДА»,

газета, орган Часовага ўпраўлення Віленскай акругі, з № 6 — г. Вільня, з № 9 — Віленскай вобл. і г. Вільня. Выдавалася з 22.9 да 25.10.1939 у Вільні на бел. мове. Вяла паліт. і агітац. работу па растлумачэнні асноў сав. улады і пераваг сацыялізму, перадвыбарную кампанію ў сувязі з выбарамі ў Нар. сход Зах. Беларусі. Друкавала пастановы Часовага ўпраўлення і Ваен. савета па Віленскай акрузе. Інфармавала пра падзел памешчыцкай зямлі, арганізацыю добраахвотнай міліцыі, адкрыццё бел. школ і хат-чытальняў. Пісала пра падзеі ў Польшчы, Балгарыі, Турцыі і інш. краінах.

Л.​І.​Чарняева.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКАЯ (Вераніка Рыгораўна) (н. 5.6.1957, Мінск),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.

В.Віткоўская. Вітраж «Вясёлка». 1992.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЕЎ (Уладзімір Трафімавіч) (н. 14.7.1937, в. Азіна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1966), праф. (1993). Скончыў БДУ (1959). З 1979 у Мін-ве вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі Беларусі, з 1988 прарэктар Бел. тэхнал. ун-та. Навук. працы па рыманавай геаметрыі і методыцы выкладання матэматыкі. Адзін з аўтараў «Зборніка задач па дыферэнцыяльнай геаметрыі» (2-е выд. 1979).

Тв.:

Математический словарь высшей школы. 2 изд. М., 1988 (разам з А.​Ф.​Навумовічам, Н.​Ф.​Навумовічам);

Основные математические формулы: Справ. 3 изд. Мн., 1995 (з імі ж).

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЯРЫ́ХА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 15.11.1937, в. Горкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-геабатанік. Канд. біял. н. (1971). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біягеацэналогіі, лесазнаўстве (аднаўленне, ахова і рацыянальнае выкарыстанне лясоў), адзін са стваральнікаў серыі спец. геабат. картаў расліннасці Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.​Д.​Юркевічам, Д.​С.​Голадам);

Липняки Белоруссии. Мн., 1988 (разам з І.​Д.​Юркевічам, В.​Л.​Дольскім).

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛЯ З УСТРО́НІ,

бел. паэтэса сярэдзіны 19 ст. Жыла ў фальварку Устронь Лідскага пав. У 1850 нап. бел. паэму «Мачаха» (апубл. 1993, рукапіс у б-цы Ягелонскага ун-та ў Кракаве). У творы адчуваецца ўплыў рамантызму, творча выкарыстаны нар.-песенныя матывы. «Мачаха» прасякнута любоўю да Наднёманскага краю, вызв.-патрыят. настроямі. Аўтар спачувае абяздоленай сіротцы, шчасцю якой перашкаджае злая мачаха. Сярод дзеючых асоб персаніфікаваныя сілы прыроды: злая бура, наднёманскі лес, «літоўчык»-Нёман, які абараняе смелага юнака-плыўца. Пісала вершы і на польск. мове.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА (Надзея Аляксандраўна) (30.3.1907, Мінская вобл. — ?),

адзін з кіраўнікоў бел. маладзёжнага руху, наладжанага пад кантролем ням. акупац. улад на Беларусі ў 1943—44. Скончыла Бел. дзярж. вышэйшы пед. (1935) і Мінскі мед. (1940) ін-ты. У час акупацыі Беларусі ням. фашыстамі працавала ўрачом-псіхіятрам у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. З кастр. 1942 узначальвала дзіцячы сектар Беларускай народнай самапомачы, з чэрв. 1943 — службу юначак Саюза беларускай моладзі. Уваходзіла ў Беларускую цэнтральную раду. Удзельніца 2-га Усебел. кангрэса (1944, Мінск). У час вызвалення Беларусі Чырв. Арміяй эмігрыравала на Захад.

С.​У.​Жумар.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Антон Іванавіч) (1811?, Віцебскі пав. — пасля 1854),

бел. кампазітар. Пасля 1832 жыў у Пецярбургу. Быў вядомы як піяніст-выканаўца і педагог, склаў школу ігры на фп. Адзін з першых пачаў ствараць нац.-характэрныя творы, у аснове якіх мелодыі бел. нар. песень і танцаў: праграмная 8-часткавая паэма «Беларускае вяселле», п’есы «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда» для фп., песні «Дзеванька» і «Гарэліца» на словы Я.​Баршчэўскага і інш.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX стагоддзе. Мн., 1969;

Кісялёў Г. Радок у энцыклапедыю // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)