ра́бінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Маршчынка на воднай паверхні ад лёгкага ветру. Ветру зусім не было, і вада ў возеры стаяла спакойнай, без ніводнай рабінкі. Галавач.

рабі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Памянш. да рабіна; маладая невялічкая рабіна. На маладзенькай рабінцы перад вокнамі чырванела пучкоў тры ягад — першы ўраджай на маладым дрэўцы. Чорны.

2. Адна ягада рабін.

3. Народная назва піжмы. У дробным альшэўніку, дзе стаяла карова, цвіла трава-рабінка. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

славу́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць славутага.

2. Слава, шырокая папулярнасць, вядомасць. Горад хутка разросся і набыў славутасць. «Маладосць». Зоя Лагодзіч адразу ўскіпела: — Мы [Толю] ўсыплем. Не паглядзім на славутасць. Асіпенка.

3. Вядомы, праслаўлены чалавек. Я адразу пачаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё ды стану славутасцю. Карпюк. «Зусім магчыма, — разважала маці, — што хлопчык некалі зробіцца славутасцю. Гучнае імя для яго тады будзе як знаходка!» Арабей.

4. Месца ці прадмет, выдатныя чым‑н. І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сло́дыч, ‑ы, ж.

Разм.

1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.

2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.

Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хада́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., за каго-што, аб кім-чым, са злучн. «каб» і без дап.

Звяртацца з афіцыйнай просьбай аб чым‑н. Неспадзявана захварэла Андрэева маці, якая адна жыла ў вёсцы, і райваенкамат пачаў хадайнічаць, каб радавога Сячнёва дэмабілізавалі раней часу. Чыгрынаў. [Карпачоў:] — Вы [Марына Паўлаўна] прызначаны дырэктарам.. школы. Мы пайшлі насустрач неаднаразовым просьбам і заявам паважанага Івана Паўлавіча і хадайнічалі перад аблана аб вашым прызначэнні. Васілевіч. Цяпер Турава быццам хадайнічала за.. [Мурашку]. Савіцкі. Ездзіў [Мароз] некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́днінаадна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделика ‘від ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суво́й ’цэлы кусок палатна, скручаны ў трубку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Жыв. сл., Скарбы, ЛА, 4), ’мера самаробнай тканіны, звычайна 5–7 губак’ (Нар. ск.), ’навой’ (Нас.), ’навой з намотаным на яго палатном’, ’адна скручаная пасма вяроўкі’ (Бяльк.), су́вай ’пяньковы шнур, які выкарыстоўваецца для віцця вяровак’ (Юрч. Вытв.), сувы́й ’цюк (палатна, паперы)’ (Клім.), суво́й, сувы́й, суву́йка, съво́й ’сувой’ (Уладз.), суво́йка ’тс’ (Мат. Гом., Ян.), суво́іна ’сувой’ (чэрв., Сл. ПЗБ), суво́йцы ’падоўжны край бёрда’ (Жд. 1, Мат. Гом.), ст.-бел. сувой ’скрутак палатна; мера палатна’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суві́й ’сувой’, рус. дыял. суво́й ’скрутак’, ’клунак’, ’звітыя і зблытаныя слаі дрэва, абалона, нарасць’, славен. sovój ’сук, нарасць на дрэве’. Ад *viti ’віць’ прэфіксальны назоўнік *sǫ‑vojь (Фасмер, 3, 793) або прасл. дэвербатыў *sǫvojь, суадносны з *sъ‑viti. Спецыяльна гл. Куркіна, Диал. структура, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

метагене́з

(адмета- + -генез)

1) адна з форм чаргавання пакаленняў у жывёл, пры якой пакаленне, што развілося палавым шляхам, змяняецца пакаленнем, якое размнажаецца бясполым шляхам;

2) сукупнасць працэсаў ператварэння асадачных горных парод пры апусканні іх у больш глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах павышэння ціску і тэмпературы (параўн. гетэрагонія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́РУ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць бор, пераважна ў ступені -3 ці +3. Найб. пашыраны аксід, карбід, нітрыд, сіліцыды бору, бараты, барыды, боравадароды, борарганічныя злучэнні. Сыравінай для бору злучэнні з’яўляецца бор і аксід бору.

Бору аксід (борны ангідрыд), B2O3, бясколернае шклопадобнае ці крышт. рэчыва, tпл 450 °C, тэрмічна ўстойлівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці спец. шкла, керамікі, эмаляў. Бору карбід B4C(B12C4), чорныя крышталі, tпл 2350 °C. Па цвёрдасці саступае толькі дыяменту і нітрыду бору. Выкарыстоўваюцца для вырабу абразіўных і шліфавальных матэрыялаў, як праваднік; абагачаны ​10B — паглынальнік нейтронаў. Бору нітрыд існуе ў трох алатропных формах, адна з іх, β-форма, — баразон, tпл 3200 °C, па цвёрдасці блізкі да дыяменту. Абразіўны звышцвёрды матэрыял. Бору сіліцыды (барыды крэмнію), B4Si і B6Si. Шэрыя крышталі з т-рамі раскладання 1390 °C і 1864 °C адпаведна. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя матэрыялы, для рэгулявальных і ахоўных прыстасаванняў ядз. рэактараў.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНДРО́ЎНЫ ТЭА́ТР, вандроўная трупа,

тэатральны калектыў, створаны для паказу спектакляў у розных населеных пунктах, пераважна там, дзе няма стацыянарных тэатраў; адна з форм нар. т-ра ў краінах Еўропы і Усходу. У розных краінах вандроўныя трупы мелі сваю назву: жанглёры (Францыя), шпільманы (Германія), менестрэлі (Англія), мімы (Італія), франты (Польшча), скамарохі (Беларусь, Расія) і інш. На Беларусі ў сярэднявеччы вандроўнымі былі скамарохі, батлейка, у 19 — пач. 20 ст.Дуніна-Марцінкевіча тэатр, Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага, у 1920-я г. — агітацыйныя тэатр. калектывы (напр., Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры), паказальныя — Першы, Другі, Трэці т-ры, у Вял. Айч. вайну — франтавыя тэатр. брыгады. У канцы 1920-х — 30-я г. насельніцтва аддаленых раёнаў Беларусі абслугоўвалі Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, шматлікія калгасна-саўгасныя т-ры, Трупа У.​Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр), у пасляваен. час — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр і інш.

т. 3, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)