БУ́ТАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (каля 8—6-га тыс. да н.э.) на тэр. Волга-Камскага міжрэчча. Назва ад стаянкі каля в. Бутава Старыцкага р-на Цвярской вобл. Насельніцтва вяло рухомы лад жыцця. Аснова гаспадаркі — паляванне. Для бутаўскай культуры характэрны крамянёвыя разцы акруглыя і з неапрацаванай пляцоўкай, геам. мікраліты (на познім этапе), вербалістыя і тронкавыя наканечнікі стрэл. У фарміраванні бутаўскай культуры значную ролю адыгралі познасвідэрскія і арэнбургскія элементы.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МЕНКА,

селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.​Д.​Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл. Абідзенскія эмалі) і інш.

Жалезнае крэсіва з селішча Адаменка.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́ПІ (Okapia johnstoni),

парнакапытнае млекакормячае сям. жырафаў. Жыве ў Афрыцы ў вільготных трапічных лясах бас. р. Конга. Рэдкая жывёліна.

Даўж. цела каля 2 м, выш. ў карку да 1,2 м, маса каля 250 кг. Афарбоўка карычняватая са светлымі папярочнымі палосамі на нагах. Морда выцягнутая, вушы вялікія, у самца 2 невял. рагі, рагавыя чахлы на канцах рагоў штогод зменьваюцца. Корміцца лісцем. Цяжарнасць 14—15, лактацыя 6 месяцаў. Трымаюць у заапарках, дзе паспяхова размнажаецца.

Акапі.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд. ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЕ́КА ПАЎСТА́ННЕ,

антыарабскае і антыфеадальнае паўстанне ў Азербайджане і Зах. Іране каля 816—837 на чале з Бабекам. Гал. сіла паўстання — сяляне і рамеснікі — паслядоўнікі вучэння хурамітаў. Пасля выгнання араб. гарнізонаў у руках паўстанцаў апынуўся амаль увесь Азербайджан і зах. вобласці Ірана; паўстанне ахапіла і Усх. Арменію. У 833 паўстанцы пацярпелі цяжкае паражэнне каля г. Хамадан. У 837 узята іх апошняя апора — крэпасць Бадз. Бабека паўстанне аслабіла Халіфат і паскорыла яго распад.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКША́Й (Іосіф Іосіфавіч) (2.10.1891, г.п. Кабылецкая Паляна Закарпацкай вобл., Украіна — 19.10.1975),

украінскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1963), чл.-кар. АМ СССР (1958). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Будапешце (1914). У 1927 заснаваў (з А.​Эрдэлі) першую ў Закарпацці Ужгарадскую маст. школу. Асн. творы: «Ужгарадскі замак» (1931), «Партрэт верхавінца» (1934), «Возера ў гарах» (1946), «Горнае возера Балцатул» (1955), «Каля млына» (1956), «Сінявірскія паданні» (1967).

Літ.:

Курильцева В. Бокшай И.И. М., 1962.

І.Бакшай. Каля млына. 1956.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ САЛЁНАЕ ВО́ЗЕРА (Great Salt Lake),

бяссцёкавае салёнае возера на З ЗША, у межах нагор’я Вялікі Басейн, на выш. 1282 м. Пл. значна вагаецца ў малаводныя і мнагаводныя гады (ад 2,5 да 6 тыс. км²). Сярэдняя глыб. 4,5—7,5 м. Салёнасць ад 137 да 300%. Здабыча кухоннай і глаўберавай солі. Рэзерват Бэр-Рывер. Вялікае Салёнае возера перасякае (па дамбе даўж. каля 40 км) Ціхаакіянская чыгунка. Каля ўсх. ўзбярэжжа — гарады Солт-Лейк-Сіці, Огдэн.

т. 4, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ з адзнакай,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі. За 200 м на ПдЗ ад в. Сякераўцы Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Граніт ружовы біятытавы, лейкакратавы дробназярністы. Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. 4,1 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй зямлі 3,2 м, у абводзе 11,6 м, аб’ём 45 м³, маса каля 118 т. На зах. баку высечаны чатырохканцовы крыж. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. гадоў назад з Балтыйскага шчыта.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),

Пінанг, горад у Малайзіі, на в-ве Пінанг каля зах. берага п-ва Малака. Адм. ц. штата Пінанг. Засн. ў 1786 брытанскай Ост-Індскай кампаніяй. 219,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1993). Марскі порт, звязаны з мацерыком мостам і паромамі. Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр. Прам-сць: волаваплавільная, каўчукавая і гумавая, эл.-тэхн., тэкст., швейная, харчасмакавая, электронная, машынабудаўнічая. Зона свабоднага гандлю. Курорт. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

т. 6, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)